Дыялогі з Богам: суплёт інтэлігібельных рэфлексій
- Автор: Акудович Валентин Васильевич
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Логвінаў
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Дыялогі з Богам: суплёт інтэлігібельных рэфлексій». Краткое содержание книги:
Цяжка быць дурнейшым за самога сябе, але суседзі мяне пераканалі: -- Інакш з цябе пісьменніка не атрымаецца. І сапраўды. Ужо наступнае маё апавяданне без аніводнай заўвагі прынялі ў часопіс і нават ухвалілі: -- Ну вось, нарэшце вы знайшлі сябе! А суседзі зноў: -- Дурняў друкуюць пры жыцці, а вар’ятаў і пасля смерці. Я пазычыў пугу і цяпер шторанак выганяю аблокі на пашу. З пугаю на плячы я пільную далягляд, каб якая хмарка не вылузнула за небакрай. А ноччу, калі людзі і аблокі паснуць, я запальваю газнічку і, падхапіўшы матыля на гусінае пёрка, сягаю ў мроі. Аднак і там, лунаючы, я ніколі не забываюся на межы дазволенага апошнімі пастановамі ўраду. Яшчэ на падысподзе небяспекі я абрываю матылю крылы, бо дырэктар выдавецтва мусіць быць пэўны, што ад майго розуму яму не прыбудзе лішняга клопату. Вось чаму мне вельмі не падабаецца, калі сёй-той на вёсцы кажа: бачыш, які разумны ў Васіля сын. Мы з паперай за хлеў ходзім, а ён з яе грошы робіць…
Перейти на страницу:
Ігару Бабкову
Мы падаем з нябёсаў
лёгка,
і далікатныя,
як дзьмухаўцы,
снім у чаканні
пакуль нас дагоніць
наша падзенне,
цяжар якога
перайначыць
сон
у камяні.
Леаніду Галубовічу
Ля акна, як і ты,
да відна…
Хіба ноччу паэты
начуюць?
Жонка спіць,
богі рыфмаў не чуюць…
Холадна!
Колькі змроку --
як кінуць вокам
(за тры дні на кані
не аб’едзеш)…
Сонца будзе адно
па абедзе,
ды і то
недзе з боку…
Ля акна
хоць акраец відна
мабыць сёння ўжо
не счакаю
і засну
не пабачыўшы краю
дзе наўсцяж чалавеку
холадна.
Леаніду Дранько-Майсюку
Ты суцяшаеш аблокі,
я рамантую тралейбусы,
але, здараецца,
на беразе Свіслачы,
ля альтанкі для скразнякоў,
мы п’ем з табой піва,
лушчым салёную рыбу
і няўважліва сочым,
як верхаводкі
скачуць па небе,
упоперак якога плывуць
(на правым баку),
тралейбусы і аблокі.
Уладзіміру Некляеву
Верас цвіце,
чарот люляе Цнянка…
Пусты, як рыба
па нерасце,
гляжу ў пустую
шклянку.
Там кропля,
чмялю на пахмелку,
яшчэ засталася,
але
чалавек не пчала,
чалавеку
і мора
ўсяго па калена.
З берага ў рэчку
пайду,
на дно ля карча
прылягу,
хоць не аматар
піць я ваду,
бо вада не патоліць
смагу.
Буду ляжаць,
што той
цэп,
якім сто гадоў малацілі.
Ад стомы найлепей
хавацца ў рацэ,
ад бруду -- найлепей
у ціне…
Выйду на бераг --
верас цвіце,
чмель балюе ў шклянцы…
Запалю,
і з цыгарэтай
у дрогкай руцэ
пайду на цягнік
да бліжэйшай
станцыі.
Алесю Разанаву
Я бачыў высокага чалавека,
ён нічым не адрозніваўся ад іншых,
адно першым з’явіўся на даляглядзе
і потым,
калі ўсе астатнія прамінулі і зніклі,
яго яшчэ доўга было відаць.
У рэшту
Колькі там часу
міне…
І неяк без мору
ды гільяціны
аднойчы
не стане
Уладзі,
трох Алесяў,
двух Леанідаў,
Ігара з Валодзем
і мяне --
Валянціна.
1987 – 2004 гг.
Перейти на страницу: