Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » Дыялогі з Богам: суплёт інтэлігібельных рэфлексій
Дыялогі з Богам: суплёт інтэлігібельных рэфлексій - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Дыялогі з Богам: суплёт інтэлігібельных рэфлексій

Электронная книга - «Дыялогі з Богам: суплёт інтэлігібельных рэфлексій». Краткое содержание книги:

Цяжка быць дурнейшым за самога сябе, але суседзі мяне пераканалі: -- Інакш з цябе пісьменніка не атрымаецца. І сапраўды. Ужо наступнае маё апавяданне без аніводнай заўвагі прынялі ў часопіс і нават ухвалілі: -- Ну вось, нарэшце вы знайшлі сябе! А суседзі зноў: -- Дурняў друкуюць пры жыцці, а вар’ятаў і пасля смерці. Я пазычыў пугу і цяпер шторанак выганяю аблокі на пашу. З пугаю на плячы я пільную далягляд, каб якая хмарка не вылузнула за небакрай. А ноччу, калі людзі і аблокі паснуць, я запальваю газнічку і, падхапіўшы матыля на гусінае пёрка, сягаю ў мроі. Аднак і там, лунаючы, я ніколі не забываюся на межы дазволенага апошнімі пастановамі ўраду. Яшчэ на падысподзе небяспекі я абрываю матылю крылы, бо дырэктар выдавецтва мусіць быць пэўны, што ад майго розуму яму не прыбудзе лішняга клопату. Вось чаму мне вельмі не падабаецца, калі сёй-той на вёсцы кажа: бачыш, які разумны ў Васіля сын. Мы з паперай за хлеў ходзім, а ён з яе грошы робіць…
1 ... 39 40 41 42 43 44 45 46 47 ... 52
Перейти на страницу:
На Беларусі Бог жыве

Гэта здарылася на трэцім месяцы пасля сыходу сыноў Ізраіля з егіпецкага палону. У сінайскай пустыні Майсей знянацку напаткаў Бога!.. Як вядома, вынікам гэтай сустрэчы сталася гандлярскае пагадненне. Высечаная на каменных скрыжалях дамова абавязвала сыноў Ізраіля ахвяраваць свае жыцці на карысць адзінага (на мове філосафаў – маністычнага) Бога, а той, ім у разлік, мусіў апекавацца габраямі да веку.

Ідзе час, мінаюць эпохі, але трымаецца хаўрус Бога і абранага ім народа. Таму людзі ва ўсім свеце моцна зайздросцяць габраям – што і зразумела. Не кожнаму выпадае такое шчасце – свайго чалавека на нябёсах мець.

Беларусы раней таксама моцна зайздросцілі, а цяпер ужо не, не вельмі. І ўсё дзякуючы Уладзіміру Караткевічу. Нейкім годам яго доўгі час ніхто не бачыў, аднак потым ён усё ж такі аб’явіўся на людзі і адразу кажа: “На Беларусі Бог жыве!”.

Пачуўшы такую навіну, беларусы аж галовы паўгіналі: гэта вам не жартачкі – Бога мець у суседзях. Адзін я галавы не ўгінаў, бо трохі ведаў Караткевіча. Ат, блюзнерыць паэт, -- падумаў смехам. Але пасля, сёе-тое ўзважыўшы, аж разлаваўся на сябе: а чаму, ўласна кажучы, я мушу верыць нейкаму там Майсею, а не свайму чалавеку. Тым болей, што Караткевіч не з дуба ляснуўшы такое сказаў. Да таго ж ён сур’ёзна абгрунтаваў гэтую, хай сабе і нечаканую для тэолагаў усяго свету, версію.

Як на мой розум, дык аргументацыя Караткевіча ну проста бліскучая. Паслухайце:

“І няхай давядзе мне Іншая кроў, Што брашу, Як сабачы сын,-- А няма нідзе Вярнейшых сяброў І прыгажэйшых жанчын”.

Што за вытанчаная логіка, праўда? Які там Кант са сваімі анцімоніямі. Бог жыве з намі, бо людзі ў нас на Беларусі увогуле не благія, а жанчыны – як нідзе вабныя...

Ах, які вы разумнік, Уладзімір Сямёнавіч, як добра, як пераканаўча гэта сказана. І хай сабе Майсей гаворыць, што гаворыць, мы то цяпер ведаем, хто з намі суседзіцца.

Хаця, з іншага боку, можа я і дарэмна не даю лішне веры Майсею. Бо ў той дамове на скрыжалях Бог і не абяцаўся жыць на зямлі “абетаванай”, а толькі казаў, што будзе апекавацца сынамі Ізраіля ў меру іхняй адданасці Яму...

І глядзіце, як усё ладна ды складна адно да аднаго пасуецца. Калі габраяў спачатку выгналі з іхняй гістарычнай радзімы, а пасля – з Заходняй Еўропы і не пусцілі праз мяжу аседласці ў Расею, дык дзе яны знайшлі сабе прытулак? Вядома – на Беларусі.

Раней усе лічылі, што гэтак выпадкова склалася, як пішуць у кніжках: збегам гістарычных абставінаў. Аднак цяпер, пасля прамоўленага Караткевічам, мы добра ведаем што тут да чаго. Натуральна, Богу, які прытуліўся на нашых абшарах, ямчэй было апекавацца габраямі, калі яны апынуліся ў Яго пад рукой. Вось Ён іх сюды неўпрыкмет і скіраваў ды тут запыніў.

Цікавая атрымліваецца гісторыя. Сыны Ізраіля, працярэбіўшы сцежку да Бога, далі нам прытулак на нябёсах, а мы ім тут – на зямлі.

Але што гэта я ўсё пра габраяў турбуюся? Яны і самі не зломкі... Тым болей, што ў мяне апошнім часам свая вярэда завялася. Хоць ты бяры драбіну і лезь на тыя самыя нябёсы, каб запытаць Уладзіміра Сямёнавіча, якім такім чынам ён даведаўся пра жытло Бога? Ці сам-насам з ім сустракаўся, як Майсей ці неяк інакш гэта было? І чаму я раней у яго не пацікавіўся? Праўда, калі ўважліва пачытаць пасланне Караткевіча, дык вынікае, што ніякай таямніцы тут увогуле няма, бо беларусы аб гэтым заўсёды ведалі, толькі чамусьці свайму веданню не надавалі належнай увагі. Паслухаем зноў нашага валхаўца:

“І тая памяць жыве не ў царкве, А ў кожнай жыве галаве: “На Беларусі Бог жыве...” І хай сабе жыве...”

Дарэчы, гэтая відушча Караткевіча, акрамя ўсяго іншага, яшчэ і тлумачыць, чаму беларуса ў царкву толькі носяць (адзін раз – хрысціць, а другі – адпяваць), а каб сваімі нагамі пайшоў – дык калом не загоніш... Бо навошта яму гэта патрэбна? Хай у храмы на маляваныя партрэты Бога ходзяць глядзець там, дзе Яго жывым на свае вочы ніхто не бачыў. А ў нас, адразу за плотам падворка, куды вока ні кінь (на дарогу, поле ці лес), – усюды Ён. Як казаў усё той жа Караткевіч:

“Гэты край Твой дом і сабор...”

Слушна. Дзе сабор – там і Бог. А сабор на Беларусі ўсюды і таму ўся Беларусь, а не толькі ўкрыжаваныя камяніцы – Дом Божы.

Пэўна тут які недаверак падхопіцца, каб мяне папікнуць, маўляў, як гэта шэрая, нішчымная Беларусь, краіна гнілых балотаў і ніцых хмызоў, дзе сонца калі і свеціць, то не грэе, а ў туманах нават дарогі губляюць свае шляхі – дык вось, як гэтая выклятая зямля можа быць храмам для Валадара ўсіх Сонцаў і Сусветаў?

1 ... 39 40 41 42 43 44 45 46 47 ... 52
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)