Дыялогі з Богам: суплёт інтэлігібельных рэфлексій
- Автор: Акудович Валентин Васильевич
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Логвінаў
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Дыялогі з Богам: суплёт інтэлігібельных рэфлексій». Краткое содержание книги:
Адсюль і праблема чытача нашых выданняў паўстае ў досыць спецыфічным ракурсе. Яна кардынальна адрозніваецца ад той звычайнай праблемы, якая ёсць у кожнага выдання ў кожнай краіне. Фармулюючы гэтае адрозненне, перадусім заўважым, што ў нас праблема чытача не вырашаецца праз якасць і актуальнасць саміх тэкстаў. Для нас яна найперш звязаная з пашырэннем Архіпелагу Беларусь і з павелічэннем колькасці яго насельнікаў. Рэч у тым, што каб стаць чытачом хоць якога з нашых выданняў, спачатку трэба зрабіцца беларусам. А каб зрабіць з шараговага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь – беларуса, патрабуецца шмат часу і высілкаў. Тым больш, што дзяржава Беларусь у «вытворчасці беларусаў» амаль не ўдзельнічае. Кожны свядомы беларус – гэта штучны артэфакт, створаны на подзе Беларускага Тэксту самахвярнымі намаганнямі прыватных асобаў…
І вось толькі тады, калі з'яўляецца чарговы беларус, настае пара яго прылучэння да таго ці іншага выдання – гэты акт па яго значнасці я гатовы параўнаць з прысвячэннем у рыцары нейкага сярэднявечнага ордэну ці ў сябры масонскай ложы.
* * *
Доўгі час міт аб непапулярнасці беларускіх тэкстаў трымаўся пераважна на наступным аргуменце: яны, у параўнанні з расейскімі, не адпавядаюць інтэлектуальным і эстэтычным патрабаванням сучаснага чытача. Але апошнія паўтары дзесяцігоддзі разняволення і ўлучанасці беларускай літаратуры ў еўрапейскі эстэтычны кантэкст яскрава засведчылі, што гэта быў не проста паганы міф, а міф наўмысна аблудны. Сёння мы можам канстатаваць, што абыякавасць да беларускіх тэкстаў тых, каго ў нас называюць «пашпартнымі беларусамі, звязаная не з уласна творчасцю беларускіх літаратараў і выдаўцоў, а з расейска-савецкай ментальнасцю.
Цягам некалькіх стагоддзяў расейская, а затым расейска-камуністычная імперыя ўсімі магчымымі сродкамі прымусу, ад фізічнага да інтэлектуальнага, выціскала культуру беларусаў на маргінез, каб напоўніць вызваленае месца сваімі культурнымі знакамі. Натуральна, што цяпер «пашпартным беларусам» няўтульна ў прасторы Беларускага Тэксту, бо тэкст гэта перадусім сістэма знакаў, якія адсылаюць да тых ці іншых культурных рэаліяў. А калі гэтыя рэаліі сфармаваныя расейска-савецкай культурай, дык што можа знайсці для сябе такі фармальна беларускі, але па-сутнасцт расейска-савецкі чытач у Беларускім Тэксце, які адсылае яго да малавядомых яму рэаліяў беларускай гісторыі, культуры ды ментальнасці.
* * *
Каб хоць нечым збалансаваць песімізм сваіх развагаў, мне, напэўна, трэба было б завершыць іх нейкай аптымістычнай дэкларацыяй, кшталту: будзем спадзявацца, што з цягам часу ўсё пераменіцца да лепшага. Але, на вялікі жаль, перш чым паставіць кропку, я мушу яшчэ больш заглыбіцца ў песімізм. Рэч у тым, што я належу да тых, хто ў сваіх футуралагічных рэфлексіях не пазбягае думкі аб непазбежным (рана ці позна) канцы эры Тэксту. Ужо сёння Тэкст саступіў вершнасць іншым тэхналогіям вытворчасці інтэлектуальнай і эмацыйнай прадукцыі. І я не схільны сябе суцяшаць, што гэта часовае адступленне…
Натуральна, мяне, як літаратара, мала цешыць перспектыва зніжэння ролі Тэксту ў сацыяльнай, інтэлектуальнай і эмацыйнай сферах жыцця. Але яшчэ больш трывожыць мяне перспектыва заняпаду Тэксту – як беларуса. Я ўжо даволі казаў, што беларусы, як нацыя, сфармаваліся і застаюцца ў наяўнасці дзякуючы Тэксту, прынамсі, Тэксту ў значна большай меры, чым хоць чаму яшчэ. А з гэтага вынікае, што калі Тэкст татальна страціць сваё значэнне ў сацыяльным і духоўным быцці чалавека, то ў нас, беларусаў, з-пад ног знікне тое асноўнае трывалішча, на якім мы паўсталі і стаялі дасюль… І што нас тады будзе трымаць як беларусаў?
* * *
Крыга Беларускага Тэксту, на якой мы сяк-так пераплылі праз ХХ стагоддзе, на вачах драбнее – крышыцца па краях, худнее ў сярэдзіне… На гэта можна не зважаць і жыць па звыклай завядзёнцы (на наш век трывалішча хопіць і яшчэ трохі застанецца), ці зважаць і намагацца хоць неяк трымаць раўнавагу, а можна і наадварот – пасунуцца бліжэй да набрынялага крохкасцю краю і, узіраючыся ў выратавальныя берагі, дэкламаваць на развітанне што-кольвек пафасна-рытарычнае. Ну хаця б вось гэта: