Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
Ён завагаўся, расказаць доктару Кунокі пра сына Залкіндаў ці не, і стрымаўся, бо якраз увайшоў Бруніцкі. Было відаць, што ён нечым моцна ўзбуджаны і расстроены. Перад тым як прывітацца з Друцкім, ён шматзначна паглядзеў на японца, а той, перапрасіўшы ў іх, адразу ж выйшаў.
— Як справы, Факір? — нацягнута ўсміхнуўся прафесар, падаючы руку Друцкаму.
— У мяне цудоўна, але ты, Караль, даруй, выглядаеш вельмі знясіленым.
— Гэта мяне падарожжа стаміла.
— Ну канечне, — закурыў папяросу Друцкі, — ты ездзіў за мяжу?
Бруніцкі нахіліў галаву:
— Я быў у… Пятра.
— У Швецыі?
— Так, панура сказаў прафесар і паглядзеў на свайго госця. — Багдане! Я вырашыў паўторна зрабіць аналіз крыві. Даруй мне, але тады тваю кроў браў не я сам, ты мне даслаў… Хіба я ведаю, магла адбыцца якая-небудзь памылка…
— Але ж я ў тваім распараджэнні, Караль.
— Не крыўдуй на мяне, Багдане, бо і ў аналізе крыві Пятра я не быў упэўнены. Школьны доктар ва Упсале таксама мог памыліцца. Я цяпер прывёз узятую мной самім…
— Караль! — усклікнуў з дакорам Друцкі. — Я ж разумею твой стан, навошта гэтыя згрызоты! Я да тваіх паслуг.
Прафесар хутка выняў з кішэні інструмент для ін’екцый і маленькі флакончык са шкляным коркам. Друцкі адсунуў манжэт і іголка бязбольна ўвайшла пад скуру. Не прайшло і хвіліны як на дне флакончыка зачырванела некалькі кропель крыві.
— Слухай, Караль, у мяне ёсць для цябе штосьці, што дакладней за гэты аналіз упэўніць цябе, што Пётр — твой сын.
Бруніцкі пабляднеў:
— Як гэта?
— Сядай, Караль, і паслухай.
Друцкі расказваў, падкрэсліваючы ўсе важныя дэталі, гісторыю Любы, Залкінда і іх сынка.
Ён гаварыў звязна, проста і коратка, спакойным голасам, аднак Бруніцкі ўвесь час дрыжаў і ўсё больш бляднеў.
— Дык вось, Караль, — скончыў Друцкі, — гэты хлопчык тут, у Варшаве. Тут і яго бацькі. Яны мае сябры, таму напэўна пагодзяцца, каб ты сам мог абследаваць хлопчыка.
Прафесар раптам выбухнуў нервовым смехам.
— І што мне з гэтага? — спытаўся ён з нават абразлівай іроніяй.
— Як гэта? — абурыўся Друцкі. — Ты ўбачыш дзіця, якое мае вочы, падобныя да маіх як дзве кроплі вады, дзіця жанчыны, якая ніколі не была маёй палюбоўніцай.
— Ага! Можна падумаць!
— Караль! Яна сама гатова табе паклясціся!
— Ясная справа! — скрывіў вусны Бруніцкі. — Ты сам кажаш, што яна замужам. Чаму б ёй не паклясціся сто разоў?! Ванда таксама клялася.
— Але ж гэты хлопчык мае бацькавы рысы і яго характар.
Прафесар паціснуў плячыма.
— Гэта нічога не даказвае. Я ведаю шмат выпадкаў, калі дзеці з цягам часу становяцца падобнымі да прыёмных бацькоў.
Друцкі бездапаможна ўпаў на крэсла і амаль прастагнаў:
— Божа мілы! Дык чым жа я табе дапамагу?!
— Так, так, — працёр лоб прафесар, — ты не забыўся пра сваё абяцанне?..
— Я ніколі не адступаюся.
— Гэта добра… Прабач, Багдане, мой недавер, але ён мацнейшы за мяне, калі нават…
Ён не скончыў, таму што вярнуўся доктар Кунокі і паведаміў, што падаюць на стол.
Ад адзення японца патыхнула хлараформам, і Друцкі па асацыяцыі згадаў катоў.
Ён агледзеўся. Іх у холе не было.
— А дзе гэты каціны звярынец? — спытаўся ён здзіўлена.
— Здаецца, на прагулцы, — няпэўна адказаў прафесар.
Друцкі рассмяяўся:
— У мяне лепшая прапанова! Калі я вас, панове, угавару правесці вечар у мяне ў «Аргенціне», я вам пакажу аўтэнтычную каціную музыку.
— Аркестр пераймае катоў? — спытаўся Бруніцкі, паказваючы госцю месца за сталом.
— Не, публіка. Уся публіка мяўкае.
— Дык, можа, ты і нам загадаеш мяўкаць? — спрабаваў жартаваць прафесар.
Японец пасыпаў соллю кавалак хлеба і пераканаўча сказаў:
— Пан Вінклер павінен гэта зрабіць.
Убачыўшы, як прафесар здзіўлена падняў бровы, доктар Кунокі дадаў:
— Ну канечне, прафесар, вы павінны даць сябру сябе ўгаварыць. Гэта неабходна для вашага здароўя. Калі б я выходзіў з дому, то ахвотна б склаў вам кампанію.
— Будзем бачыць, усміхнуўся Бруніцкі. — Можа, і выберуся.
— Доктар, а чаму вы не выходзіце з дому?
Японец пераглянуўся з прафесарам і сказаў іншым тонам:
— Ведаеце… Я не хачу афішыраваць сваю прысутнасць у Варшаве… Я нават папрасіў бы вас нікому не згадваць, што я ў Польшчы і гасцюю ў прафесара. Не люблю агалоскі… Ёсць і іншыя прычыны…
— Я не збіраюся ў гэта ўмешвацца, — адразу ж запэўніў Друцкі. — Паверце мне, доктар, я не з балбатлівых.
На хвіліну ўсталявалася цішыня. Усе моўчкі елі суп. Нарэшце прафесар палічыў патрэбным сёе-тое патлумачыць Друцкаму.