Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I». Краткое содержание книги:
У парку асветлены былі толькі галоўныя алеі. Спачатку па іх ішлі ланцужкі ліхтарыкаў: аранжавыя, блакітныя, чырвоныя, яны пагойдваліся сярод лістоты. Потым пайшлі звычайныя зыркія каганцы. Іхняе полымя мігцела часам ад нячутнага ветрыку, і сетка, сплеценая з ценю і святла, бегала па жвіры, па галінках, па ствалах магутных дрэў, па дзвюх маленькіх фігурках, якія ішлі ў ноч.
Каганцы таксама скончыліся, зусім непадалёку ад стаўка, над якім схіліліся вербы.
I тут іх агарнула ноч з ціхім шалёсканнем маленькіх хваль на вадзе.
Над стаўком перакочваўся ў хмарках бледны месяц. Некаторы час дзеці стаялі моўчкі, гледзячы на месячную дарожку, яркую ля другога берага і зусім цьмяную ля іхніх ног.
– Вы ўвесь час так маўчыцё? – спытала яна.
Яна не разумела, што ў ціхі час людзі павінны маўчаць, што мова ў такую часіну не гучыць. Непадрыхтаваны, ён шукаў слоў, якія павінны былі легчы на ноты цішыні. Але новыя ўражанні ў яго былі яшчэ кароткія і мізэрныя, ён міжволі звярнуўся да старых, больш моцных.
– Рыба любіць цёмныя ночы, – сказаў ён. – Але ўсё адно ў такую ноч яе лавіць прыгажэй. Дзеці апранаюць цёплае... рыззё і ідуць з... таптухай. – Дзіўна гучала ў французскім сказе слова “таптуха”. – Падстаўляюць яе пад вадзяныя хмызы, топчуць... I рыба ў сетцы ўся блішчыць, як блакітны жар. Пераліваецца, скача... A месяц плыве...
Ён асекся, заўважыўшы, як грэбліва апусціўся куточак яе рота.
– Я гэтых забаў не разумею, – быццам назнарок, быццам жадаючы падражніць, сказала яна. – “Таптуха”, “рыззё”... Мілагучныя словы, нічога не скажаш.
Тут раззлаваўся і ён:
– A ў чым жа яшчэ па рыбу лазіць... У гэтай маёй маскараднай чузе?.. У вашай мантыльі? Смеху варта...
– Чым гэта вам не спадабалася мая мантылья? – іранічна, зусім як дарослая, спытала яна.
– A тым, што няма чаго выпінацца. A тым, што гэтыя словы аніяк не горшыя за вашы, – ён сыпаў гэта па-мужыцку, быццам праз бур’ян лез без дарогі. – A тым, што сорам удаваць з сябе дарослую і смяяцца з людзей, якіх не ведаеш.
– Я і не хачу ведаць, – нейкім асаблівым, вельмі агідным тонам сказала яна. – Вядома, y вас была дагэтуль зусім асобная кампанія. La compagnie exception-nelle[37].
Яна асабліва падкрэсліла гэтыя словы:
– La compagnie ex-ceptée з “тап-ту-хай”.
У гэты момант яна здалася яму такой дурніцай, што ён зарагатаў. Гэта, здавалася, збянтэжыла яе. Ужо значна менш упэўнена, але ўсё яшчэ з гонарам яна сказала:
– Je n’aime pas le gros rire[38].
– Я таксама не люблю, – зусім спакойна і зноў па-французску сказаў ён і дадаў: – Я думаю, нам лепей за ўсё вярнуцца.
– Мне не хочацца, – паціснула плячыма яна.
– A мне не хочацца заставацца тут. I я не магу тут пакінуць вас адну...
– То што? – спытала яна.
– То я завяду вас сілком.
– Ого, паспрабуйце.
I, перш чым ён паспеў працягнуць да яе руку, яна скочыла ўбок і, як каза, узбегла па нахіленым ствале старой вярбы, стала ў яе галінах, невыразна бялеючы над цёмнай вадой.
– Сыдзіде адтуль, – сказаў ён. – Вярба крохкая.
– I не падумаю.
– Я вам сур’ёзна кажу.
Замест адказу яна здзекліва заспявала французскую песеньку пра медзведзяня, якое спаймалі ў лесе і аддалі на вывучку жанглёрам. Яго імкнуліся навучыць, але ў жанглёраў усё адно нічога не выйшла: занадта яно было тупое і няспрытнае. Яно так і не навучылася скакаць, a калі спявала, то спявала, як y лесе, і нават жанглёры затыкалі вушы.
Стоячы на дрэве, яна гайдалася ў такт смешнай песеньцы і здзекліва спявала, з асаблівым захапленнем выводзячы прыпеў:
Les choses n’iront pas!
Les choses n’iront pas![39]
Гэта было нават не вельмі складна. Бог ведае, на колькіх мясцовых вуснах пабывала смешная дзіцячая песня, пакуль не абцерлася да такога.
A таму Алесь сумна паківаў галавою:
– Я думаў, вы зусім іншая. A вы проста злое і вельмі дрэнна выхаванае дзяўчо.
З гэтымі словамі ён павярнуўся і спакойна пайшоў прэч ад вярбы.
I раптам за яго спіною пачулася выразнае “крэк” і ўслед за тым ускрык. Вярба сапраўды была крохкая.
Ён азірнуўся. Тоўсты сук надламаўся і цяпер, гайдаючыся, боўтаўся ў вадзе. A на ім, – паспела-такі зачапіцца, – трымаючыся адной рукой за яго, a другой за ствол, вісела Майка.
Ён кінуўся да вярбы, узбег па ствале і, моцна абняўшы левай рукой тоўстую разгаліну, правую падаў Майцы.
– Трымайся.
Яна ўхапілася. Ён цягнуў яе, але адной рукой нічога не мог зрабіць. I тады ён сеў, абхапіўшы нагамі ствол, і пацягнуў дзяўчынку абедзвюма рукамі. Ён доўга біўся, пакуль яму ўдалося ўсцягнуць яе на вярбу.
Яны пачалі спускацца. Ужо на беразе ён акінуў яе позіркам і ўбачыў, што яна нават не падрала сукенкі. Быццам нічога не здарылася, яна памахала рукой.
37
Адборнае кола (франц.).
38
Я не люблю грубага смеху (франц.).
39
Справы не пойдуць! Справы не пойдуць! (франц.).