Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I
Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I». Краткое содержание книги:

«Груша цьвіла апошні год». Гэты незабыўны сказ уводзіць нас у незабыўны сьвет раману ў двух кнігах Уладзімера Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Раман прысьвечаны падзеям напярэдадні паўстаньня 1863-1864 гадоў у Беларусі. А першая кніга распавядае нам пра «выйсце крыніц» якія выліліся ў раку гневу і змаганьня за незалежнасьць Беларусі. Нягледзячы на літаратурнасьць раману, чытаючы адчуваецца натуральнасьць падзеяў. Кожны бачыць перад сабой хлапчука Алеся Загорскага, ды яго вясковых і шляхецкіх сяброў. Кожны бачыць, як памірае стары сьветапогляд яшчэ з часоў перад падзеламі Рэчы Паспалітай, і нараджаецца новае пакаленьне якому суджана пакласьці галаву для будучыні Беларусі. «Грушы накнавана абрынуцца ў Дняпро», але і «крыніцы нязьменна спалучацца ў імклівую раку». Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману «Каласы пад сярпом тваім», і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет кааб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
1 ... 33 34 35 36 37 38 39 40 41 ... 153
Перейти на страницу:

– Што за чорт, – сказаў бацька, – ніколі ў яго ніякай падагры не было.

– Я ўсё разумею, любы, – сумна сказала пані Антаніда.

Кандраці крэкнуў ад шкадобы.

– Пан просіць прабачэння, – са скрухай паўтарыў ён. – Падарункі княжычу едуць. Будуць тут праз гадзіну... Пан таксама пасылае пані і сыну сваю любоў. I пані Клейне пасылае сваю любоў...

– Патрэбна яна мне ўжо дужа, тая любоў, – сказала Клейна. – I тут не мог як усе людзі зрабіць, казёл стары... A я з ім яшчэ менуэт калісь танцавала.

– ...і пану Графу Ісленьеву – сваю любоў, – спяшаўся Кандраці. – A маладому князю сваю непарушную любоў і блаславенне... A сам просіць прабачэння...

– Кандраці, – сказала матухна. – Скажы, чаму ён так зрабіў?

– Не магу ведаць, – апусціў вочы даглядчык.

– I ўсё ж? На нас злуецца?

Наглядчык яшчэ ніжэй апусціў галаву.

– Ён сказаў... Ён сказаў... “Халуі ўсе”.

Бацька толькі рукою махнуў:

– Ну і добра. Заставайся тады ты замест яго. I на месца яго за сталом сядзеш.

Кандраці пакланіўся:

– I ён мне так сказаў... Сказаў, што шчаслівы быў бы, каб я мог замяніць яго... Ды толькі прабачце, пан Юры, прабачце, паніматка, я гэтага аніяк не магу, бо я хаця і вольнаадпушчанік, a ўсё адно свайму малочнаму брату раб, a фаміліі вашай давеку ўдзячны і шкодзіць яе гонару аніяк не згодны.

На твары Загорскага быў такі разгублены выраз, што Клейна няўлоўна ўсміхнулася, a ў вачах яе загарэўся гарэзлівы, амаль дзіцячы, малады агеньчык.

– Ідзі, бацюхна, – сказала яна бацьку. – Ідзі, пазнаём сына з Раўбічамі. Я ўжо тут неяк сама спраўлюся, можа... Ану, хадзем са мною, пане Кандрат. Паходзім між гасцей. Ты мяне, старую, пад руку паводзіш – хай госцейкі шаноўныя асудзяць. Калі Вежа так сказаў, дык мы яго ўважым...

– Яны не наважацца, – змрочна сказаў Кандраці.

– Правільна, – згадзілася старая. – У тым і бяда, што ён мае рацыю, стары казёл. Халуі ўсе. Што б дужы ні зрабіў – змоўчаць. Вольнасць y ix адабралі – змоўчалі. Са старых паселішчаў сагналі – змоўчалі. Прымусілі права на шляхецтва даводзіць – і тут яны змоўчалі.

Моцна сціснула локаць Кандрацію, давяральна шапнула яму на вуха:

– Ты прабач, Кандраці. Ты ідзі і рабі выгляд, што цябе вядуць, што табе няёмка... Я прыдумала – мой і адказ... Надта ўжо мне, старой, ix падражніць хочацца.

– A вы падумалі, як гэта мне? – спытаў Кандраці.

– Падумала, – вельмі сур’ёзна сказала Клейна. – Падумала, бацюхна. Ведаю – цяжка. Але ж я цябе, чортавага сына, люблю, сам ведаеш. Дык ты паступіся, паступіся на хвіліну гонарам... Няўжо вялікая цана, каб поўху ўсім гэтым хвостміжножнікам даць? Га?

Кандраці глядзеў на яе, сурова выпнуўшы крутую сківіцу. Потым y яго вачах таксама зацепліліся іскаркі. Ён рашуча крэкнуў, вызваліў перадплечча з пальцаў Клейны і далікатна ўзяў яе пад локаць.

Дзівосная пара пайшла па тэрасе. Клейна і Кандраці ішлі, паважна размаўляючы аб нечым, міма купак гасцей, сустракалі там-сям здзіўленыя альбо шакіраваныя міны. Тады старая зіркала проста на ix цяжка і ўладна – і вочы апускаліся.

...А пан Юры тым часам вёў Алеся праз танцавальную залу, авальную, з тонкімі белымі калонамі і хорамі, на якіх ужо брынкліва настройваў скрыпкі і басы аркестр. Шматлікія госці купкамі стаялі між калон, гаманілі і смяяліся. Пан Юры і Алесь падышлі да адной з купак.

– Знаёмцеся, – сказаў Загорскі. – Гэта мой сын... A гэта Раўбічы, сынок, бліжэйшыя нашы суседзі... Вось гэта пан Яраслаў Раўбіч.

Алесь схіліў галаву, a потым, можа, занадта рэзка, ускінуў яе. Яму аніяк не хацелася, каб нехта заўважыў y ягоным паклоне нясмеласць. A ён пабойваўся. Усё ж гэта быў той самы Раўбіч, y доме якога гарэў далёкі агеньчык, такі маленькі, як іскра... Той самы Раўбіч, якога лічылі чараўніком вясковыя дзеці. Той Раўбіч, з падполаў якога цягнула серай. Той Раўбіч, пра якога казалі, можа, і зусім няпраўду, быццам ён страляў на раздарожжы ў прычасць.

Раўбіч уважна глядзеў на Алеся. Быў ён сярэдняга росту, але моцна складзены, з кароткай шыяй і магутнымі пукатымі грудзьмі. Чорныя як смоль і сівыя на скронях валасы стваралі на патыліцы магутную грыву, a спераду падалі на лоб касой скобкай. Твар быў шыракаваты ў скулах, але ладна вытачаны. Бровы доўгія, вычварна зламаныя і таму пагардлівыя, a лоб пераходзіў y нос амаль роўна, як на старых статуях. Шчыльна сціснутыя вусны вялікага рота, высокі гладкі лоб – усё гэта пасавала да агульнага выгляду і рабіла няправільны ўвогуле твар нейкім па-мужчынску прыгожым. Але самыя дзіўныя былі вочы: халодныя, карыя, з такімі пашыранымі зрэнкамі, што райка, здаецца, зусім не было. Гэтаму ўражанню дапамагала яшчэ і тое, што вейкі былі доўгія і густыя, зусім не мужчынскія, a на павеках, займаючы ўсе вачніцы, ляжаў асмужаны цёмны цень.

1 ... 33 34 35 36 37 38 39 40 41 ... 153
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)