Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I». Краткое содержание книги:
I гэта ў той час, калі па ўсім Прыдняпроўі звычаёвае права прадугледжвала два дні паншчыны. Два дні па чатырнаццаць гадзін. Патрабаваць большага – паны ведалі – нявыгадна. Звычаёвае права вялося ледзь не з літоўскіх часоў, калі трэба было дагаджаць, каб памежныя землі не чынілі здрады, і за стагоддзі так уелася ў плоць і кроў жыхароў, што мяняць яго было проста небяспечна: пачнуць працаваць цераз пень-калоду, не будуць сачыць за панскімі земляробчымі прыладамі, пераламаюць іх – “гары яны ясным гарам, калі такая ўжо справа”. A тады палі зарастуць гірсай, і скулле ўжо атрымаеш з іх.
Ды і ўрокі цяжкаватыя на два панскія дні. Гаспадар дома павінен быў за дзень узараць сахою – не мяльчэй як на два вяршкі – палову дзесяціны гліністай зямлі, або забаранаваць морг, або пасеяць шэсць маргоў, што ўжо зусім цяжка. A то – перавезці на дваццаць пяць вёрст ад васемнаццаці да дваццаці пудоў.
На ворыва і сяўбу ішлі сям'ёй, бо аднаму не ўправіцца. Сям'ёй ішлі і на панскую малацьбу, бо трэба было за дзень паншчыны абмалаціць азіміны адну капу, a ярыны – дзве. A капа – шэсцьдзесят снапоў, a кожны сноп ля перавясла – аршын кругам.
Больш мяккі, параўнаўча з цэнтральнымі губернямі, характар прыгону ў Заходнім краі тлумачыўся яшчэ і тым, што ўрад таксама не вельмі дазваляў ламаць звычаёвае права. I не таму, што яно было на руку мужыкам, – чхаць на гэта хацеў Пецярбург! – a таму, што яно было адным з краевугольных камянёў адноснага спакою, адным са сродкаў мець управу на дваранства. A яно ўсё яшчэ не магло забыць даўнейшай шляхецкай “вольнасці” і ваўкамі драпежнымі глядзела ў лес.
Мера гэтая была, аднак, палавінчатая і нікога не задавальняла.
Урад гэта не задавальняла таму, што спакою ўсё адно не было: край, як парахавая бочка, a прыбытку з яго – каціныя слёзы. Дваран гэта не задавальняла па тых жа прычынах, ды яшчэ яны былі пакрыўджаныя недаверам да іх урадавых колаў.
A мужыкоў гэта не задавальняла таму, што для іх з падзелам Польшчы нічога не змянілася, ды яшчэ прыбавіліся рэкруцкія наборы. Пры старых парадках, да раздзелу, служба ў войску непасрэдна закранала толькі дваран, a мужык, які па сваёй ахвоце браў зброю і ішоў на вайну, тым самым, разам з сям'ёю, аўтаматычна пераходзіў y шляхту, тую аднадворчую шляхту, якая засяляла бедныя засценкі і пра якую з'едліва казалі: “Два паны – адны штаны, хто раней устаў, той і надзеў”. На гэта ішлі рэдка, асабістая незалежнасць была значна больш галоднай: усё адно даводзілася трымацца магната, каб не згінуць з голаду. Ішлі большай часткаю тыя, хто не паладзіў з панам, каму немагчыма было цярпець.
I вось цяпер наборы і шматгадовая салдатчына віселі над кожным і ў кожную хвіліну маглі ўпасці на першую лепшую хату, забраць карміцеля, забраць брата, сына.
Прыдняпроўскія мужыкі заўсёды былі дзёрзкія, з нейкімі аж казацкімі замашкамі. Ролю рошчыны ў гэтай неспакойнай дзяжы гралі шматлікія незалежныя ад паноў колы і групы: былыя пастухі каралеўскіх чарод, скупа ўзнагароджаныя зямлёй пры раздзеле; панцырныя баяры, ці то былая памежная варта, перад якой калісьці запабягаў сам кароль; насельніцтва шматлікіх багатых гарадоў, y якіх асцерагліся забраць магдэбургскае права; магутныя, усепранікальныя абшчыны баркалабаўскіх і куцеянскіх старцоў.
Чапаць звычаёвае права, павялічваць двох-трохдзённую паншчыну было небяспечна: маглі і чырвонага пеўня пусціць, ды яшчэ так спрытна – пад толькі што застрахаваныя будынкі, – што потым гаспадара па судах зацягаюць, a ці не зрабіў ён гэтага з мэтай нажывы.
Па гэтай прычыне нават згон – права гаспадара на рабочыя рукі па-за паншчыннымі днямі, калі гіне на корані ўраджай або залева ці нечаканая летняя палавень пагражаюць вымачыць сенажаці, – павінен быў аплачвацца панамі: ад дваццаці да дваццаці пяці капеек срэбрам на дзень.
I вось пан Канстанцін Кроер асмеліўся патроху парушаць звычай, непрыкметна наступаючы мужыкам на мазалі. Справа была ў тым, што ён год пражыў y Пецярбурзе ды яшчэ цэлы год ездзіў за мяжой. Карты, рулетка, яшчэ чорт ведае што. Растрос там шмат грошай і цяпер папраўляў сваё становішча.
Пачалося гэта гады тры таму назад. Перш за ўсё ён перастаў залічваць вознікам дарогу, калі яны вярталіся паражняком. Мужыкі пабурчалі трохі ды і сціхлі. Потым на цэлую гадзіну скараціўся абед y зімовыя паншчынныя дні. Сцярпелі і гэта, бо пан павінен быць трошкі несправядлівы, калі ўжо справа заходзіць аб яго гаспадарцы. Дзякуй богу, усяго было: і заліваў Кроер залішняе, і паляваў на сялянскай руні, і наконт дзевак быў памаўзлівы.
Але потым пачаліся свавольствы ўжо зусім небяспечныя. Пан Кроер прыбавіў трэці дзень. A калі некаторыя паспрабавалі бурчаць – іх адлупцавалі на стайні. Тады нехта падпаліў Кроераву адрыну. У адказ на гэта Кроер завёў ваўкарэзаў і прывёз са Смілавіч дзесятак татар-вартаўнікоў. Гэта было ўжо зусім нечакана...