Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I». Краткое содержание книги:
Кроер зацяўся. Са злоснай гарэзлівасці павялічыў бабскі прынос палатна ў царкву на адну гібу[43], быццам святая царква жабрачка, a сам ён кавалачнік нейкі. Суседзі ездзілі ўразоньваць яго, але чхаць яму было на іхнюю думку. Што яму маглі зрабіць? Прымаць перастануць? Дык яму сына не жаніць, a дачку не вывозіць y свет.
Можа, нічога і не было б, але нашкодзіў год.
Рунь з восені добра пайшла пад снег, добра выйшла ўвесну з-пад снегавой коўдры і на Юр'я вырасла ўжо такая высокая, што не толькі варона магла ў ёй схавацца, a i вадзяны бугай, каб пала яму ў галаву такая дурынá: кідаць дзеля палёў свае сітнягі. I тут па ўсім наваколлі выпаў страшэнны град, захапіўшы паласу ад Магілёва і ледзь не да Гомеля. Градабой быў такі, што цэлыя кавалкі лёду падалі на беднае жыта, і яно палягло ўшчэнт.
Улетку давялося туга, і, можа, людзей нават зусім чакаў бы страшны зімовы голад, каб не добрая гародніна і неблагая ярына.
Нядрэнна было ў Загорскіх, y Вежы, y Раўбіча, яшчэ ў трох-чатырох гаспадароў, дзе зямля не была спустошаная. Мужыкам іншых паноў магло хапіць летняга ўраджаю хіба што да пятага тыдня вялікага посту.
I вось Кроер учыніў півошчынцам агульны згон, бо гарачая пара не чакала. За тры дні жыта на яго нівах стаяла ў мэндліках, a частку нават звезлі да панскіх гумнаў, пачаўшы складаць сцірты. Людзі ішлі на працу ахвотна, бо сям'я з пяцёх чалавек – сваю работу скончылі – магла зарабіць за гэтыя дні сама меней тры рублі, a гэта азначала – як на галодны год – восем з паловай пудоў жыта, – можна неяк перабіцца да шчаўя, да “грыба бедных” – смарчка, да першай рыбы, як толькі спадзе весняя палавень.
...Надвячоркам трэцяга, пасля пачатку згону, дня Кроераў аконам аб'явіў людзям, што згон не будзе аплачаны, што за яго не будуць плаціць і надалей.
Людзі стаялі на вясковай плошчы, пад абшчынным дубам і слухалі яго.
У кожнага стаяў перад вачыма той месяц з лішнім, які цяпер не было як пражыць. Мужыкам бачылася Бэркава карчма, дзе трэба было нішчымна, толькі каб уцячы ад міжвольных хатніх папрокаў, сядзець усе гэтыя дні, бабам – прагныя і вечныя, як лёс, чалеснікі-печкі, якая кожную раніцу патрабавала ахвяр.
Але ўсе маўчалі.
Збянтэжаны гэтай акалічнасцю аконам (пан загадаў, y выпадку чаго, пайсці на маленькія ўступкі) прапанаваў пяць капеек на дзень. I тут Янка Губа, самы стары дзед на сяле, выступіў з натоўпу:
– Мы не жабракі, каб нам замазвалі глотку шасцю фунтамі ў дзень. Мы не па дварах просім, мы просім сваё, спрадвеку ўсталяванае.
Вочы яго былі, як y пакрыўджанага спакойнага дзіцяці.
– Ён пакрыўдзіць нас надумаўся... Што ж, хай падавіцца нашым хлебам... A за сіроцкія слёзы здохнуць яму без пакаяння... A раней таго няхай ведае – не будзе плаціць за згон, як то дзядамі заведзена, – ніхто не пойдзе на згон. Паншчыну адробім, a згон няхай вырабляе ўдвох з табою, аконам.
Аконам быў чалавек неразумны і ўзгарэўся:
– Тады хрэна вам замест хлеба. Жарыце зямлю... Хто яшчэ пагражаць будзе? Хто?! Халуі бязмозглыя! Вы ж бачыце, які цяжкі год. Хіба не пан дае вам пазыкі?! Хіба не ён за вашы нядоімкі перад дзяржавай адказвае сваімі грашыма?!
– За гэта мы на яго і працуем. Але нядоімак за намі не вялося. Пазык таксама. A калі гэтай вясной і давядзецца пазычаць з яго панскай літасці, то ў каго хочаш будзем пазычаць, толькі не ў яго, аспіда нясытага. Карчмару абразы ў заставу аддадзім, бо ён толькі што нехрысць, a ўсё лепшы за яго, пашчу ненажэрную.
– Пад зброяй пойдзеце, – кінуў пагрозу аконам.
I тут выступіў з радоў зусім яшчэ малады, год дваццаці васьмі, півошчынскі мужык па прозвішчы Корчак, працавіты бацька двох дзяцей. Толькі што вярнуўся са сціртаў (больш за ўсіх стараўся чалавек, бо сям'я ў бацькі была падзеленая і здабытчыкаў, акрамя яго, не было) і таму быў з віламі. Убіў іх y зямлю і спакойна абапёрся на дзяржальна.
– Не пагражай, аконам. Бог за пагрозы нявіннаму не даруе.
Стаяў перад аконамам бялявы, як лён, глядзеў чорнымі дрымучымі вачыма.
– A на згон не пойдзем. Калі пад зброяй павядуць, дык такую і працу атрымае пан Кастусь. Хай жаўнеры штыкамі снапы носяць.
– Зачыншчыкі! – сказаў аконам. – Ясна.
I дастаў з кішэні кніжку і аловак.
– Не дамо пісаць! Не дамо! – захваляваўся натоўп. – Чорт яго ведае што ён там напіша... A потым пячаць ляпнуць – і прападай душа.
Абураныя людзі купчыліся вакол старога Губы.
Першы не стрываў Васіль Гарлач, чалавек y беднай, але чыстай, старанна залапленай світцы:
43
Мураўёў М.М.