Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I». Краткое содержание книги:
Зноў страшны ўздых.
– Божа, якая поскудзь! Якая брыдота! Свежае губяць. Шворкай, маной, крывадушнасцю... Чаму я быў за мяжою ў той дзень... Я ведаю, гэта было ад страшнага адчаю... Яны выйшлі, pour se faire mitrailler...[41]
– Chut! il n’e faut pas parler[42]. Ix ycё адно не вернеш.
– Так, іх не вернеш. A як пачыналі! Помню, y доме Лаваля... Спрэчкі да раніцы! Гарачыя маладыя вочы, дым, словы з-пад самага сэрца... Кандраша Рылееў, друг, такі светлы, пухам яму любая зямля... Так подла яго падманулі на допыце!.. Даверлівыя былі, добрыя, чыстыя. Дзеці!.. Святло было ў душах.
Памаўчаў.
– A тыя, што ёсць, лепей бы не заставаліся.
– Як можна, – сказаў бацька. – Упікаць за жыццё нельга, граф.
– A пачыналі ж мы, – з нейкім нават злосным смяшком сказаў граф. – Мы, недабітыя. Нацярпеліся жаху, пакуль нас было мала, і аддалі стырно другім, якія палалі, a цяпер студзяць свой агонь y галадайскім пяску ці ў сібірскіх снягах... Вы ж мелі шчасце сустракацца з Міхаілам Мікалаевічам?[43] Самы разумны з усёй гэтай камарыллі. I ніяк не можа забыць грахоў маладосці, Ліс Патрыкеевіч. Кідаецца ва ўсе бакі, слухае кожны вецер, абы толькі сабе не пашкодзіць. Пачакайце, ён яшчэ дасца ўсім y знакі, я яго ведаю... A гэта ж мы, гэта мы прымалі ў кола першых. Я ўспомніў Пушкіна... Дык вось бліжэйшага ягонага сябра прымала ў грамаду гэтая свіння з тытулам графа. I вось Пушчын y Сібіры, напэўна, памёр, a свіння жыве, робіць выгляд, што забыла маладыя сумленныя словы. Да яшчэ, напэўна, кажа пра “гарачую маладосць”, што “мы таксама былі такія”, што “ўсё гэта пройдзе”. A загадаюць – будзе вешаць гэтую моладзь... Няма горшай свінні, чым адступнік. Былі франдзёры, a цяпер адзін дзяржаўны муж, a другі – к-хат!!! О божа, божа!
– Супакойцеся, граф, не трэба.
– Жыць не трэба, калі здрадзіў ахвярніку, калі кадзіш кату, вось што я вам скажу, князь... Жыць не трэба... Не трэба хаваць галаву ў пясок. Гераічная эпапея! Вялікі эксперымент! Вось чым ён скончыўся. Трупамі і здрадай. Былі юныя, чыстыя сэрцам людзі, a цяпер старыя мярзотнікі, якія загубілі радзіму.
Спалоханы гэтымі словамі такога спакойнага з выгляду чалавека, Алесь ціха выйшаў з пакоя.
Ён ішоў y цемры да вельмі далёкага, амаль нябачнага святла, што прабівалася наперадзе праз вузкую шчыліну. Глуха гучалі крокі. За вокнамі ледзь вымалёўваліся ў цемрыве ночы пагрозлівыя шаты паркавых дрэў. Там, за асветленымі дзвярыма, чакалі Майка і сябры, там была радасць...
Ён ішоў, a ў вушах яго ўсё яшчэ гучалі прыглушаныя словы:
Ténèbres! Ténèbres!
IX
У Півошчах адбылося так.
Вёска была вялікая, на чатырыста рэвізскіх мужчынскіх душ, і жыла з рыбалоўства – багатыя і сярэднія мужыкі арандавалі ў свайго пана рыбныя тоні на незлічоных старыках Дняпра – і возніцтва. Зямлі было не так ужо і многа, дый тая напалову ўрадлівы лёсавідны суглінак, a астатняя – пясок ды цяжкая гліна. Півошчы ляжалі на пясчаных пагорках, абкружаныя з трох бакоў старыкамі і мокрымі плаўнямі.
Півошчынцам з гэтай прычыны было лягчэй, чым сялянам Кроераўшчыны, другой вёскі пана Канстанціна. Там шэсцьсот астатніх рэвізскіх душ жылі на зямлі, багацей за якую была толькі зямля Загорскага-Вежы, і спаўна адраблялі ўрокі. Ім даводзілася тры дні на тыдзень, па ўмове, працаваць ад цямна да цямна, a з пятнаццатага мая па пятнаццатае жніўня – з пяці гадзін раніцы да заходу сонца.
Працавалі многа, як быццам пан Кроер меў не тысячу душ, a нейкіх няшчасных сто. Многа яшчэ і таму, што Кроер y свае сорак пяць год хадзіў ycё яшчэ “ў дзяўкох”, a такія звычайна выдаткуюць меней. Але ж вядома, нежанаты пан часам большая бяда, чым той, y каго пяцёра дзяцей. A ў Кроера быў яшчэ і няшчасны для мужыкоў разгульны характар. Жаніцца ён наогул не хацеў і яшчэ больш не хацеў пасля смерці павялічваць багацце Загорскіх, якім пераходзілі ў спадчыну цераз маці Алеся, “любенькую стрыечніцу, святую дурніцу”, вёскі пана. Таму пан Канстанцін і разбаляваўся так. Супыну на яго не было.
Таму мужыкі і працавалі на яго лішні дзень, чым гэта заведзена было ў больш дробных паноў, што ледзь ліпелі на сваіх лічаных валоках.
41
Каб падставіць сябе пад кулі (франц.).
42
Цішэй! Не трэба аб гэтым гаварыць (франц.).
43
Мураўёў М.М.