Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I». Краткое содержание книги:
A пад брывамі насмешліва глядзяць на яго цёмна-блакітныя, як марская вада, вочы.
Дзяўчынка ўздыхнула і першая адвяла позірк, не вытрымала. Губкі яе таргануліся, бы ад няўлоўнай крыўды. Але яна стрымалася і знешне спакойна паправіла на плячах доўгую карункавую мантылью. Калі яна гэта рабіла, яе рукі агаліліся вышэй локцяў, няспрытныя, худыя, як пруцікі, рукі з вострымі локцікамі. I гэта неяк памірыла з ёю Алеся, бо ён адчуў сябе мацнейшым.
Бацька падміргнуў Раўбічу, і дарослыя перасталі звяртаць увагу на дзяцей. Пан Юры падаў знак музыкам, і тыя грымнулі нейкую ўрачыста-сумную мелодыю.
– Прыгонны капельмайстар Вежы напісаў, – сказаў Раўбічу бацька. – Спецыяльна на гэты дзень...
A музыка грала. З нейкай гордай прыхаванай сілай. Ці то шумеў сітняг на бясконцых балотах, ці то чуўся ў цемры стомлена-мужны крок тысяч ног? Ён перарываўся часам, каб даць месца чамусьці змрочнаму і цяжкаму, a потым зноў гучаў.
I, прашываючы гэта, срэбная, нібы з жураўлінага горла, вяла сола труба.
Алеся як сціснула нешта за горла. Ён кінуў вачыма на Раўбіча і ўбачыў, што ў таго апушчаны свінцова-цяжкія павекі.
– Назва? – спытаў Раўбіч адрывіста.
– “Курганная шыпшына”, – адказаў бацька. – Бадай, ці не надта змрочна для такога дня. Але Вежа настойваў.
– Правільна зрабіў Вежа, – пасля паўзы сказаў Раўбіч.
Труба змоўкла.
Госці стаялі трошкі адурэлыя ад нечаканага пачатку. I ў гэтай цішыні бацька выступіў амаль на сярэдзіну залы.
– Шаноўныя панове. Шаноўныя гаспадыні і гаспадары. Сённяшні дзень – першы дзень юнацтва майго сына. Музыка, якой вы так былі здзіўлены, была напісана дзеля яго і гралася для яго. Яна не датычыцца вас. У гэты ўрачысты вечар вы павінны весяліцца.
Бацька быў бадай непрыемны Алесю ў гэтую хвіліну. Алесь зірнуў на Раўбіча, сустрэў яго позірк і зразумеў, што той адчувае тое ж самае.
– Сёння свята дзяцей, – казаў далей бацька. – I таму першы танец належыць дзецям... Дзеці, станьце ў пары... Алесь, выберы даму для першай пары.
Невядома, як гэта выйшла, Алесь яшчэ за хвіліну зусім не хацеў гэтага, – але ён стаяў ля Майкі і працягнуў гэтай агіднай зласлівіцы сваю руку... За ім, другой парай, стаялі Франс з Ядвігай, потым – Мсціслаў з нейкай дзяўчынкай, яшчэ і яшчэ пары.
Радасна грымнуў аркестр на хорах, і пацяклі павольныя гукі паланеза.
I тады Алесь, адчуваючы ўласны спрыт і лёгкую сілу, якая раптам наліла ўсё цела, паважна, на пальчыках, пайшоў, павёў даму да дзвярэй y малую залу, якія, зусім па-чарадзейску, самі адчыніліся ў другім канцы вялікай залы.
...Увесь вечар яна была зменлівая, як красавіцкі вільготны вецер – за кожным кутам хаты дастане. Магла сама шукаць яго вачыма і магла не звяртаць увагі на тое, што ён шукае яе. Магла завесці з Мсціславам размову аб тым, якія смешныя інтанацыі ў мове мужыкоў і як яны дзіўна, нязграбна рухаюцца. I хаця гэта было несправядліва, Мсціслаў пакутліва чырванеў за сябра і яшчэ за сябе, бо яна з ім загаварыла, a яму гэта было прыемна.
Алесь з кожным танцам падыходзіў да яе і адразу бачыў, як мяняецца яе капрызны тварык, робіцца пакорлівы і амаль бязвольны: апушчаныя доўгія вейкі, крыху ўсмешлівы рот. Яна ішла з ім y танцы менавіта так, як хацеў ён, a y перапынках зноў расплюшчвала вочы і казала:
– Шкада, што ў дзяцей няма бальных запісных кніжак... О, каб былі!.. На гэты баль y ёй стаялі б дваццаць прозвішчаў – кожны запісваў бы сваё... I я танцавала б увесь вечар з рознымі.
I ён зноў злаваўся: аднойчы нават пайшоў скакаць мазурку з маленькай Ядзенькай Клейнай. Заўважыў, як ахвотна яна падала яму ручку, як уздыхнула з радасці, што ён падышоў, аж заззялі яе лялечныя, вялікія вочы.
...А потым быў перапынак, калі разносілі марожанае. I тут Ядзенькай заняўся Франс. Сам прынёс ёй вазачку, сам стаяў ля яе, сам потым павёў да дзвярэй на тэрасу.
Тут і падышла да хлопца Майка. Хлопец пайшоў са злосці на веранду і стаяў там, гледзячы на рознакаляровыя кітайскія ліхтарыкі, якія прыгожа беглі ў цемру алей. A яна адшукала там яго, стала побач, хутаючы плечы ў белую мантылью.
– Сумна, калі няма танцаў, – сказала яна. – Я танцавала б тры дні... A вы?
Ён памаўчаў, a потым усміхнуўся:
– Я таксама. Мне падабаецца, як вы танцуеце...
– Праўда? – загарэлася яна. – Ядзенька ж лепей?
– I гэта так... Але мне падабаецца, як танцуеце вы.
Размова ішла па-французску, і яму часам даводзілася шукаць словы. Таму ён наўмысна гаварыў запаволена, з паўзамі.
– Давайце ўцячом адсюль на некалькі хвілін, – сказала яна. – Пойдзем y парк. Тут горача...