Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Козько Виктор Афанасьевич
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00519-4
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
У Белічы каля ракі было пакуль ціха, бог мілаваў, гаварылі, сыходзячыся ля калодзезя, жанчыны. Двухногіх ваўкоў не насылаў, адводзіў, а вось чатырохногія наскоквалі. Мяцеліліся па сумётах і пералесках ваўчыныя зграі, правіліся ваўчыныя вяселлі. Неяк адно з такіх вяселляў завітала на могілкі каля вёскі. Імгненна ачысціла іх ад могілкавых растлусцелых зайцоў, ліс, якія мышкавалі сярод магіл, адну, праўда, пакінулі назаўсёды, супакоілі, дагналі, разадралі на шмаццё, праглынулі, сплямілі чырванню магільны снег, не далі яму зашэрхнуць, злізалі і гэты руды снег і цяпер, распаленыя паляваннем і здабычаю, кроўю, рассмеленыя, ахмялелыя ад той кроплі, што ўхапіў кожны з іх, пасталі ў рад на ўзвышшах могілак, пазіралі на вёску, на цёплыя стаўбункі дымоў над комінамі, на заінелыя хлявы, у якіх яны адчувалі трывожнае дрыжанне спажывы, на захутаных да броў хусткамі жанчын, якія, стоячы каля калодзезя, углядаліся ў іх бок.
Слалася, курэла белая замець. Вецер дзьмуў больш ад вёскі, а ў магільных няроўнасцях зблытваліся і запасіліся ўсе пахі яе, якія не давалі ваўкам спакою. Яны вылі, выструніўшыся на могілках, як гарністы, раздражняючы голад, падахвочваючы адзін аднаго намётам кінуцца ў вёску, выпараць усё, што там ёсць спажыўнае і жывое. Але ў гэтым іх выцці чулася і перасцярога, абачлівасць, сум па тым, што немагчыма адкрыта рынуцца ў разбой, сум прыкаванасці дрэва, што толькі гудзе на ветры, але не здольнае пайсці туды, куды кліча яго вецер, не здольнае крануцца з месца. Ваўкі чакалі, мусіць, ночы, свайго часу, каб з надыходам цемры накінуцца на вёску. А ў той час да вёскі падыходзіў салдат. Ён разлічваў быць ужо ў вёсцы, у цяпле, але лютаўскія мяцеліцы перамялі дарогу, і апошнія дзесяць кіламетраў ён ішоў амаль што па цаліку. Дарога была чыстаю, ды і то адносна, толькі ў лясным зацішку і на буграх, узлобках, а ў нізінах бясконцыя сумёты і снежныя застругі. Хадзьба па перамежаванай з намётамі і застругамі чысціні вымотвала яшчэ больш, чым па цаліку, хаця салдат і прывык да бездаражы. Без дарог ён прайшоў ад Палесся да Берліна. I цяпер вяртаўся дамоў, на печ. I больш за ўсё прагнуў ён гэтай сваёй печы. З печы яго ссадзілі тры з лішнім гады назад, кінулі ў мясарэзку, якая называлася вайной. Ён сумленна прайшоў, праслізнуў між яе нажамі. Ніхто не асмеліцца цяпер паказаць на яго пальцам, што было, то быллём парасло. Ён сплаціў Радзіме ўсё, што мог: літр ці два крыві, сотні літраў поту, тры скуры змяніў — і цяпер чысты перад ёю. Можа не баючыся залазіць на печ. Праўда, печ у яго не вельмі хвацкая, але гэта не бяда, рукі, ногі цэлыя, складзе яшчэ не адну добрую печ, не адну хату адбудуе. Прыгледжана ўжо ж і месца пад новую хату. Стаяць бы ёй там, дзе стаяла яна, яго родная хата, спакон веку, ды ўсё вайна, а праўдзівей кажучы, войны вінаватыя, тыя, што ідуць не паміж краінамі, а між сваімі людзьмі. Але сёння, здаецца, слава богу, усё ўжо ціха, усе наваяваліся, хто хацеў і не хацеў, нават ён. Думаў адлежацца, не далі, адарвалі ад жончынага боку, пагналі на край свету. Але гэта мо і не так блага, як кажуць: што ўсім, то і бабінаму ўнуку. Пабыў на вайне і ён, перамог разам з усімі, і будзе ў яго печ, як двухспальны нямецкі ложак. Мякка, улежна яму будзе, як на нямецкай пуховай пярыне.
Думкі гэтыя трохі сагрэлі яго. То вецер прабіраў наскрозь, а тут як і не ў шынялі ішоў. Ён ужо выбавіўся з ляснога падманлівага, пераменлівага зацішку і параўняўся з могілкамі. Вецер закідваў вочы і твар снегам. Але ён не ўхіляўся і не абіваў яго, адно толькі часта міргаў, прымружваў вочы і радаваўся, што апошнія пяцьсот метраў можа і бежкі прабегчы, і бокам каціцца. Дарога наперадзе чыстая, як знарок падмёў хто.
I невядома, хто каго раней прыкмеціў, ваўкі салдата ці салдат іх, хутчэй за ўсё ваўкі пачулі яго. А салдат адчуў, што нехта слухае, цікуе за ім у гэтай завірусе і замёр на месцы, слыхам і вокам імкнучыся зразумець, дзе стаілася небяспека. Знямелі, бы ператварыліся ў помнікі, і ваўкі. Нерухома, не выказваючы сябе, зграя і чалавек стаялі добрую мінуту, салдату тая мінута сцягнулася, як год. Ён усё ж згледзеў ваўкоў між крыжоў і, хаця нічога не ведаў аб сённяшнім мірным жыцці тут, аб нораве пасляваенных ваўкоў, адчуў прыхаваную ў іх нерухомасці пагрозу, і была яна больш жахлівай за пагрозу смерці на вайне. Там смерць прыходзіла часам нябачна і нячутна, даганяла амаль як у сне, нечакана, неспадзявана. Тут жа ўсё было відавочна і прадказана. I ані душы побач, аніводнага чалавека, які мог бы падставіцца смерці замест яго, няма салдацкага шэрага натоўпу, які смерць мясіла б не разбіраючыся. У мітусні, блытаніне, як вядома, заўсёды ёсць магчымасць выжыць, вылузнуцца, як вылузваўся ён кожны раз да гэтага. Як ён вылузнуўся на самым пачатку вайны. I гэта здарылася, як і сёння, амаль пад самай яго хатай, каля парога яе, крыху далей, канечне, чымсьці ён зараз ад яе, але ж усё роўна пад хатай.