Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў
- Автор: Лепешаў Іван Якаўлевіч
- Год: 2004
- Язык: белорусский
- Год: «Беларуская Энцыклапедыя»
- ISBN: 985-11-0287-3
- Жанр: Лингвистика
Электронная книга - «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў». Краткое содержание книги:
Вытворны ад фразеалагізма ва векі вякоў (гл.).
Весці (павесці) рэй. Паўкалька з польск. м. (wоdzіć rеj). Быць завадатарам, верхаводзіць, аказваць уплыў на ход чаго-н. Весці рэй даручылі Дзіміну, і бяседа зашумела, як шуміць яна, калі ёсць юбіляры, аматары тостаў і людзі, якія паважаюць гаспадароў і сябе (У. Карпаў. Вясеннія ліўні).
Слова рэй у польск. м. па-за фразеалагізмам не ўжываецца, але з’яўляецца часткай складанага слова wоdzіrеj ‘распарадчык (танцаў)’, якое ўзнікла на аснове нямецкага Rеіgеn ‘танец, хор, карагод’. Першапачаткова фразеалагізм wоdzіć rеj у польск. м. ужываўся ў дачыненні толькі да танцаў — са значэннем ‘быць распарадчыкам танцаў’. З блізкім да гэтага значэннем ён выкарыстаны ў паэме Я. Купалы «Бандароўна»: «У гульні сама рэй водзіць, весела міргае, задзіўляе ўсіх чыста, як зара якая».
Вечная памяць каму. Запазыч. з царк. — слав. м. Ужыв. як пажаданне заўсёды помніць нябожчыка, звычайна за яго справы, учынкі і пад. Паны лёгка сваіх правоў не аддаюць. Так гаварыў твой бацька, вечная яму памяць (Л. Ялоўчык. Дачка служанкі).
Паходзіць з заключнай часткі песнапення памінальнай службы.
Вешаць (апускаць) галаву. Калька з франц. (bаіssеr lа tеtе) або ням. (dеn Корf hängеn lаssеn) м. Даходзіць да моцнага адчаю, маркоціцца, адчуваць душэўнае хваляванне. Мы з твайго пакалення, з кагорты байцоў, ні на хвілю не можам мы вешаць галоў (А. Куляшоў. Толькі наперад).
Выраз жэставага паходжання: унутраны, псіхічны стан чалавека называецца па знешнім выразніку гэтага стану — апусканні, нахіле галавы.
Вешаць нос на квінту. Агульны для ўсходнесл. м. Даходзіць да адчаю, тужыць, маркоціцца. — Але следу гэтае рэвалюцыі ніхто не затрэ ў гісторыі. — О, не! І вешаць нос на квінту няма чаго! (Я. Колас. На ростанях).
Вешаць нос і вешаць нос на квінту — два фразеалагізмы-сінонімы. Яны адрозніваюцца вобразнасцю і паходжаннем. Першы не патрабуе этымалагічнага аналізу, бо ўсведамляецца як пераносны выраз (калі хтосьці сумуе, то ён звычайна апускае, вешае галаву). Другі фразеалагізм узнік значна пазней, чым першы, але на яго аснове і ў асяроддзі музыкантаў. Вобраз, пакладзены ў аснову фразеалагізма, становіцца зразумелым, калі мець на ўвазе, што музычны тэрмін квінта абазначае найвышэйшую па тону скрыпічную струну, да якой, як да найбліжэйшай, скрыпач амаль што датыкаецца носам, іграючы на інструменце і падтрымліваючы яго падбародкам.
Вешаць сабак на каго, каму. Гл. сабак вешаць на каго, каму.
Віламі па вадзе пісана. Агульны для ўсходнесл. м. Невядома, ці ажыццявіцца што-н. А скуль ты знаеш, што яны канешне прыйдуць? Га? То яшчэ віламі па вадзе пісана? (І. Мележ. Мінскі напрамак).
Як правіла, ва ўсіх тлумачальных лексічных слоўніках гэты фразеалагізм змяшчаюць пад словам вілы, хоць на самай справе ён семантычна зусім не звязваецца са значэннем ‘сельскагаспадарчая прылада’. Тут вілы — даўно зніклае слова, што абазначала ‘кругі’. З дзвюх варыянтных форм, у якіх ужываецца выраз (…па вадзе… і…на вадзе…), зыходнай трэба лічыць форму з прыназоўнікам на, што найбольш адпавядае першапачатковай вобразнасці фразеалагізма: віламі (г. зн. кругамі — на чым) на вадзе пісана. Форма па вадзе ўзнікла, відаць, у сувязі з успрыманнем слова вілы як ‘сельскагаспадарчая прылада’.
Віляць хвастом. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі ‘ліслівасцю дамагацца чыёй-н. прыхільнасці’ і ‘хітраваць, крывадушнічаць, ашукваць’. Змяніўся і выгляд іх [эмігрантаў] хлёсткі, слухмяна віляюць хвастом, японскай чакаючы косткі пад бедным маньчжурскім сталом (А. Куляшоў. Баранаў Васіль). А ты, стары, не віляў бы хвастом, а адразу сказаў бы, калі не хочаш, калі табе не даспадобы ў нас… (Я. Брыль. Мышалоўкі).
Узнік у выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, пераносу на чалавека дзеянняў і ўласцівасцей жывёлы, звычайна сабакі.
Вісець (віснуць, павісаць) у паветры. Калька з ням. м. (schwеbt іn dеr Luft). Ужыв. са значэннямі ‘знаходзіцца ў хісткім, няпэўным становішчы’ і ‘не атрымліваць спачувальнага водгуку, падтрымкі іншых людзей’. Паставіць [гараж] у сваім двары нельга, аў чужы хто пусціць? Так што пытанне з гаражом пакуль што вісела ў паветры (У. Шахавец. Блакітная мара). Пагражае [выкладчык] усімі карамі тым, хто ўцякае з лекцый і семінараў. Пагрозы віснуць у паветры (І. Навуменка. Бульба).
У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз. Параўн.: франц. êtrе еn l’aіr, англ. bе іn thе аіr (у абодвух выпадках літаральна «быць у паветры»).