Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў
- Автор: Лепешаў Іван Якаўлевіч
- Год: 2004
- Язык: белорусский
- Год: «Беларуская Энцыклапедыя»
- ISBN: 985-11-0287-3
- Жанр: Лингвистика
Электронная книга - «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў». Краткое содержание книги:
Выраз з агульным аналітычным значэннем. Абодва кампаненты — сэнсаўтваральныя: востры суадносіцца са значэннем ‘дасціпны, з’едлівы’, а язык — са значэннямі як ‘орган маўлення’, так і ‘здольнасць выказваць свае думкі словамі’. Параўн. прыклады са словам востры ў згаданым значэнні: «востры на слова чалавек» (Г. Далідовіч), «вострая на слова Марылька» (Т. Хадкевіч). Фразеалагізм, хутчэй за ўсё, склаўся пад уплывам іншага — востры язык у каго (гл.) — калькі з франц. м.
Вострыя вуглы. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. острые углы, укр. гострі кути). Рэзкія бакі чаго-н.; тое, што выклікае рознагалоссі і супярэчнасці. Прымаецца на выканкоме рашэнне, і трэба пракантраляваць, як яно выконваецца, Голуба там рэдка ўбачыш. Вострыя вуглы не па ім, абыходзіў ён вострыя вуглы (Э. Ярашэвіч. Святло імя твайго).
Узнік на аснове дзеяслоўнага фразеалагізма згладжваць вострыя вуглы, што значыць ‘змякчаць рэзкія бакі чаго-н., вастрыню рознагалосся і супярэчнасцей’. Адарваўшыся ад дзеяслоўнага выразу, гэты фрагмент атрымаў прадметнае значэнне, захаваўшы «долю» семантыкі ўсяго фразеалагізма.
Востры язык у каго. Калька з франц. м. (lаnquе effiléе). Хто-н. дасціпны, з’едлівы ў размове. —Хацелася б, каб іх [адмоўных якасцей] у вас было як найменей. — І мне таксама хацелася б гэтага. — У вас востры язык, — стрэліла ў мяне пранізлівым позіркам Мальвіна Ягораўна (Я. Васілёнак. Бліскавіца).
Восьмы цуд свету. Калька з англ. м. (еіghth wоndеr оf thе world). Штосьці дзіўнае, велічнае, незвычайнае. Я шмат чытаў для свайго ўзросту, гэта былі радкі накшталт радкоў нямецкага паэта Мюлера… I раптам: «Ці завылі ваўкі, ці заенчыў віхор, ці запеў салавей, ці загагала гусь, — я тут бачу свой край, поле, рэчкі і бор, сваю матку — зямлю — Беларусь». Гэта было дзіва. Восьмы — а для мяне першы — цуд свету. А потым былі «Магіла льва», «Бандароўна», — і змяніўся свет. Назаўжды (У. Караткевіч. Пакуль гэта сэрца б’ецца).
У старажытнасці лічылася, што на зямлі ёсць сем цудаў свету — грандыёзных, надзвычайных збудаванняў: егіпецкія піраміды, вісячыя сады Семіраміды, храм Артэміды ў Эфесе, грабніца Маўсола ў Галікарнасе, Калос радоскі (медная статуя на востраве Родас), маяк на востраве Фарос, статуя Зеўса ў Алімпіі. У наш час выкарыстоўваюць выраз восьмы цуд свету для абазначэння чагосьці новага, нечаканага, надзвычайнага, як бы адштурхоўваючыся ад згаданых даўнейшых сямі цудаў (дарэчы, з магічным лікам сем, які называюць лікам гармоніі і нябеснай дасканаласці; параўн.: сем пірамід, сем мудрацоў, сем дзён у тыдні, сем колераў вясёлкі, сем нот, сем адтулін галавы, сем шыйных пазванкоў…).
Вось табе <бабка> і Юр’еў дзень! Паўкалька з руск. м. (вот тебе, бабушка, и Юрьев день!). Вокліч здзіўлення, расчаравання ў сувязі з нездзяйсненнем якой-н. надзеі. Ведаў Канстанцін Міхайлавіч і пра тое, што ў Мінску ўжо гаспадараць немцы. Вось табе і на! А яны з Марыяй Дзмітраўнай збіраліся ў маі ці чэрвені рушыць дахаты… Вось табе і Юр ’еў дзень! (С. Александровіч. Крыжовыя дарогі).
Да сярэдзіны XV ст. сяляне мелі права пераходзіць ад аднаго гаспадара да другога пасля заканчэння ўсіх палявых работ, перад пачаткам зімы. Затым гэта права было абмежавана строга акрэсленым тэрмінам — за тыдзень да Юр’евага дня (26 лістапада па старым стылі) ці тыдзень пасля яго. А ў канцы XVI ст. быў забаронены пераход сялян і ў Юр’еў дзень, яны былі канчаткова замацаваны за феадаламі. У гэтай сувязі і ўзнік названы выраз, які пасля як вокліч расчаравання стаў прымяняцца і ў іншых маўленчых сітуацыях.
Воўк дарогу перабег каму. Уласна бел. Вельмі шанцуе каму-н. — Яму, — Ігнат кіўнуў на Адася, — няйначай, сёння воўк дарогу перабег. Я быў упэўнены, што ён прайграе, ажно не… (А. Кудравец. Сачыненне на вольную тэму).
Узнік на аснове павер’я, што воўк, які перабег дарогу каму-небудзь, «прадракае шчасце, а заяц або лісіца — няшчасце» (I. І. Насовіч).
Воўк у авечай скуры. Агульны для ўсходнесл. і польск. (wilk w оwсzеj skоrze) м. Чалавек, які маскіруе свае нядобрыя намеры ці дзеянні; крывадушнік. Вось, паглядзіце на яго. Здаецца — цяля, ягнё. А і ў душы ён — воўк, воўк у авечай скуры. Як можна на яго спадзявацца?! (А. Макаёнак. Выбачайце, калі ласка).
Склаўся на базе выказвання з Евангелля (Матфей, 7,15): «Сцеражыцеся хлуслівых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечым адзенні, а ўнутры ёсць ваўкі драпежныя». Фразеалагізм з аналагічнай вобразнасцю ёсць у ням. (WоІf іт Sсhаfреlz — воўк у барановым кажусе), чэшск. (vіlk v rоuсhu bегаnčіт — воўк у адзенні барановым) мовах.