Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў
- Автор: Лепешаў Іван Якаўлевіч
- Год: 2004
- Язык: белорусский
- Год: «Беларуская Энцыклапедыя»
- ISBN: 985-11-0287-3
- Жанр: Лингвистика
Электронная книга - «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў». Краткое содержание книги:
Выраз з жывой унутранай формай.
Вастрыць (навастрыць) вушы. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. вострить уши, укр. гострити уші). Напружана, уважліва прыслухоўвацца, насцярожвацца. Віктару не спадабалася, што такая размова вядзецца пры малых. Нават Кацька і тая «навастрыла вушы» (І. Шамякін. Атланты і карыятыды).
Паводле паходжання гэта метафара, узятая з жывёльнага свету, вынік пераносу на чалавека дзеянняў і ўласцівасцей, напрыклад, сабакі ці каня, якія, адчуўшы небяспеку, настаўляюць вушы, пільна прыслухоўваюцца.
Вастрыць (тачыць) зубы на каго, на што. Відаць, запазыч. з польск. м. (оstrzуć zęby); параўн. таксама: руск. вострить (точить) зубы, укр. гострити (точити) зуби. Ужыв. са значэннямі ‘ненавідзячы каго-н., рыхтаваць яму якую-н. непрыемнасць’ і ‘старацца завалодаць чым-н. ці трапіць куды-н.’. Калі яшчэ калгасаў не было, ён [Філютчык] ужо тачыў на мяне зубы. У кулакі мяне за маю працу дабіваўся ўпісаць (М. Лобан. Гарадок Устронь). Яшчэ за месяц усё панства мястэчка В. знала, што пісар першага верасня імяніннік, і кожны местачковы пан ужо вастрыў зубы на гэтыя імяніны (Я. Колас. Пісаравы імяніны).
Паводле І. Снегірова, узнікненне фразеалагізма звязана з перыядам дзейнасці польскага караля Стафана Баторыя (1574–1586), у гербе якога было тры зубы. Калі ён гневаўся на каго-небудзь, то гаварылі, што вострыць зубы на яго.
Ва ўвесь дух. Гл. на (ва) увесь дух.
Ва ўнісон. Паўкалька з італ. м. (аll’ unіsопо). Ужыв. са значэннямі ‘сугучна з чым-н. (спяваць, гучаць і пад.)’, ‘узгоднена, зладжана з кім-, чым-н. (рабіць што-н., дзейнічаць)’ і ‘згодна (адказваць, рэагаваць на што-н.)’. Пасля [матор] загуў роўна і сцішана, ва ўнісон вячэрняй цішыні (У. Ліпскі. Вогненны рэйс). Напэўна ж, не адзін уладальнік «Праменя» пазірае на мінскі гадзіннік, чакаючы, пакуль ва ўнісон з Крамлёўскімі курантамі дакладна супадуць стрэлкі, каб адзначыць надыход Новага года (Вожык. 1983. № 1). —Акурат так яно і бывае, — ва ўнісон пагадзіліся [суразмоўнікі] (М. Замскі. У пошуках нажніц).
Першапачаткова слова ўнісон ужывалася як музычны тэрмін для абазначэння сугучча, што ўзнікае пры адначасовай перадачы гуку некалькімі галасамі ці інструментамі.
Ва ўсякім (у кожным) выпадку. Калька з франц. м. (еntоut саs). Ужыв. з прыслоўным значэннем ‘пры любых абставінах, безумоўна’ і ў ролі пабочнага словазлучэння са значэннем ‘прынамсі’. Можна было не хвалявацца — Верамеек у кожным выпадку не прамінеш нават з завязанымі вачамі, абы ішоў паўз раку (І. Чыгрынаў. Плач перапёлкі). Данілка думаў, што на гэтым уся цырымонія і скончыцца, ва ўсякім выпадку, для яго (П. Пестрак. Вярнуўся).
Ва ўсякім (у кожным) разе. Агульны для бел. і ўкр. (у всякому разі) м. Ужыв. са значэннямі ‘пры любых абставінах, безумоўна’, ‘прынамсі’ і ‘усё-такі’ Усё спрачаліся, хоць пастанову прынялі вядома ўжо якую: бараніцца ў кожным разе! (М. Гарэцкі. Віленскія камунары). Сяргей Карага пачуў, што канвойнікі будуць трымаць яго руку і што яны, ва ўсякім разе, не ворагі яму (Я. Колас. Сяргей Карага). Магчыма, і тут яго [Стася] не лічылі за чалавека, але ва ўсякім разе гэтага не сказалі (А. Чарнышэвіч. На сажалках).
Утвораны па мадэлі з сэнсава тоесным выразам ва ўсякім (у кожным) выпадку (гл.) — калькай з франц. м.
Ваяваць (змагацца) з ветракамі. Калька з ням. м. (mit Wіndmühlеn kämрfеn). Дарэмна траціць сілы ў барацьбе з уяўнай небяспекай ці несапраўднымі цяжкасцямі. Самі [бацька і Лёдзя] ускладняюць сабе жыццё… Ваююць з ветракамі, выдумляюць грозных, каверзных праціўнікаў (У. Карпаў. Сотая маладосць).
Склаўся на аснове аднаго з эпізодаў рамана Сервантэса «Дон Кіхот» (1615), дзе галоўны герой змагаецца з ветракамі, палічыўшы іх за злых веліканаў.
Вежа са слановай косці. Калька з франц. м. (tоur d’іvоіrе). Абазначае ‘індывідуалістычны свет’. А ўсякія спробы ўцячы ў вежу са слановай косці ад грамадства і тым самым ад сябе як асновы ва ўзаемаадносінах з часам канчаліся марна... (М. Лужанін. Роздум перад маладымі).
Крылаты выраз належыць франц. паэту і крытыку Сент-Бёву, які ўжыў яго ў вершаваным пасланні «А. М. Vіllетаіn» (1837), характарызуючы паэтычную творчасць А. дэ Віньі.
Векі вечныя (век вечны). Агульны для ўсходнесл. м. Заўсёды, вечна. Ды не будзе ж так векі вечныя, а прыйдуць ніяк часы лепшыя (А. Гурыновіч. Бор).