Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Лингвистика » Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў
Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў

Электронная книга - «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў». Краткое содержание книги:

У слоўніку раскрываецца гісторыя і паходжанне каля 1750 фразеалагізмаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы, паказваецца сувязь іх сучаснага і першапачатковага, этымалагічнага значэння, жыццё фразеалагізмаў y часе і прасторы. Тут аб’яднаны раней апублікаваныя пад такой жа назвай выдавецтвам «Народная асвета» (1981,1993) дзве часткі слоўніка, a таксама новыя гістарычна-этымалагічныя даведкі да больш як 400 фразеалагізмаў.
1 ... 39 40 41 42 43 44 45 46 47 ... 51
Перейти на страницу:

Вочная стаўка. Агульны для ўсходнесл. (руск. очная ставка, укр. очна ставка) і балг. (очна ставка) м. Адначасовы і перакрыжаваны допыт абвінавачанага і сведак. Капітан прынёс пратакол вочнай стаўкі. Саламея, слепячыся, чытала яго (Р. Сабаленка. Вочная стаўка).

Узнік на аснове словазлучэння ставіць вочы на вочы, вядомага ў юрыдычнай справе з даўнейшых часоў. Так, у грамаце вялікага князя літоўскага (1511) «баярам, мяшчанам і ўсёй зямлі Полацкай» чытаем: «…паставити его очи на очи на явном суде хрестіянскомъ, и того, хто вадить, и того, на кого вадить».

Вочы адкрываюцца (раскрываюцца, адчыняюцца) у каго, каму, на што. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. глаза открываются, укр. очі відкриваються). Хто-н., вызваляючыся ад памылковых поглядаў, пазнае сапраўдны сэнс чаго-н. [Мотэль] зайшоў у майстэрню і аслупянеў: бывае так, што ў чалавека раптам адкрываюцца вочы на што-небудзь (А. Чарнышэвіч. Світанне).

Утварыўся на аснове суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма адкрываць (раскрываць, адчыняць) вочы (каму на каго, на што), сэнс якога—‘дапамагаць зразумець становішча, рабіць відавочнай праўду аб чым-, кім-н.’.

Вочы вялікія зрабіліся ў каго. Уласна бел. Хто-н. быў вельмі здзіўлены, збянтэжаны, разгублены. Толькі цяпер неяк усе звярнулі ўвагу, што каля агню з Дубалекавага атрада не было ні душы. Як вадою змыла. Калі і што? Ва ўсіх вочы вялікія зрабіліся. А Журавінку аж у пот кінула (М. Лобан. Шэметы).

Структурна арганізаваны як двухсастаўны сказ, выраз утварыўся на аснове суадноснага з ім дзеяслоўнага фразеалагізма рабіць (зрабіць) вялікія вочы (гл.).

Вочы на мокрым месцы ў каго. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. глаза на мокром месте, укр. очі на мокрому місці). Хто-н. часта плача ці гатовы заплакаць. — Чаго ты растакалася, мамка?.. — Вочы ў мяне на мокрым месцы, Дзінка, — усміхнулася скрозь слезы Аўдоля (Л. Дайнека. Запомнім сябе маладымі).

Узнік, на думку М. М. Шанскага, у выніку скарачэння выразу ў яго больш поўнай форме вочы на мокрым месцы ўстаўлены.

Вуха на вуха. Агульны для бел. і руск. м. Адно на другое, паслуга за паслугу, рэч за рэч, без даплаты (мяняць, абменьваць і пад.). Мірошнікаў.. ад Грышкі хоча аднаго — каб ён… дабром прывеціў гасцей, і ўжо толькі за гэта ён, Мірошнікаў, будзе яму вельмі «благадарны» і не паскупіцца на бочкі: як кажуць, вуха на вуха (У. Рубанаў. Грыбавар).

Паходзіць з жаргону гандляроў жывёлай.

Вушы вянуць <у каго, ад чаго>. Агульны для ўсходнесл. м. Прыкра, непрыемна слухаць што-н. (недарэчнае, непрыстойнае і пад.). — Што яны самі расказваюць, гэтыя малалеткі! Ідзіце вунь на калідор ці ў хол, дзе яны кураць, паслухайце. Вушы вянуць, — азваўся Валодзя (Я. Радкевіч. Між радасцей жыцця).

У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз, заснаваны на прыпадабненні вушэй да лісця дрэва, пялёсткаў расліны, здольных сохнуць, рабіцца вялымі.

Выбівацца (выбіцца) з каляіны. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. выбиваться из колеи, укр. вибиватися з коліï). Ужыв. са значэннямі ‘пераставаць весці прывычны спосаб жыцця’ і ‘выходзіць са стану раўнавагі’. Раптам Андрэю захацелася паздзекавацца з гэтага чалавека, што выбіўся з каляіны (М. Лобан. Гарадок Устронь). Я ўжо да канца дня выбіты з каляіны (М. Матукоўскі. Амністыя).

Утварыўся ў выніку метафарычнага пераасэнсавання адпаведнага свабоднага словазлучэння, у якім каляіна — ‘паглыбленне, след на дарозе ад колаў або ад санных палазоў’. Параўн.: «Фурманка выехала ў поле, колы ціха і мякка шоргалі па пыльных каляінах» (І. Мележ). Гл. сэнсава антанімічны фразеалагізм уваходзіць у <сваю> каляіну.

Выбіваць (выбіць) з каляіны каго. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. выбивать из колеи, укр. вибивати з коліï). Прымушаць змяніць прывычны рытм жыцця, звычайны ход спраў. Мяне смерць Тамаша страсянула ўсяго. Ніколі не думаў, што гэтак выб’е мяне з каляіны (К. Чорны. Зямля).

Утвораны са свабоднага словазлучэння, як і папярэдні — выбівацца з каляіны (гл.).

Выбіваць (выбіць) з сядла каго. Відаць, калька з ням. м. (аus dеm Sаttеl hеden). Пазбаўляць каго-н. цвёрдай упэўненасці ў сабе, выводзіць са стану раўнавагі. Непаладкі ў калгасе, хвароба жонкі і яе спроба атруціцца маглі выбіць з сядла любога чалавека, толькі не Васько (А. Асіпенка. Непрыкаяны маладзік).

1 ... 39 40 41 42 43 44 45 46 47 ... 51
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)