Паслухайце нацыяналіста
- Автор: Астапенка Анатоль
- Год: 2000
- Язык: белорусский
- Год: Raštijos Draugija
- ISBN: 9986-437-04-2
- Жанр: История
Электронная книга - «Паслухайце нацыяналіста». Краткое содержание книги:
Ідэя простая і прывабная: не праваслаўе, не каталіцызм беларускія рэлігіі, а грэка-каталіцызм, альбо інакш унія, якая існавала ў ХVI – XVIII-х стагоддзях, – вось сапраўдная беларуская вера. І закіпела праца. У газетах, часопісах і іншым друку пачалі з'яўляцца артыкулы, прысвечаныя "нацыянальнай веры", пачалі ўзнікаць уніяцкія прыходы. Адным словам, пачаўся уніяцкі бум, які перакінуўся к нам з Украіны. І хаця цяпер гэты рух трохі заціх, праблема засталася. І гэтая праблема, праблема рэлігійнага аб'яднання, экуменізму будзе існаваць заўсёды, пакуль існуюць незалежныя хрысціянскія плыні – каталіцызм і праваслаўе.
Літаратура, якая маецца на цяперашні час па уніі, самая розная. Выразна прасочваюцца дзве плыні: літаратура накіраваная на падтрымку уніяцтва, як "нацыянальнай беларускай рэлігіі", і публікацыі супраць уніі. Аўтары першага накірунку, як правіла, каталікі ці людзі атэістычнага выхавання, што прынялі ідэю уніі тэарэтычна. Другая плынь адлюстроўвае погляд на унію, як на гістарычную памылку, як факт здрады праваслаўю вышэйшых царкоўных іерархаў, як дэстабілізуючую сілу ў грамадстве. Прыхільнікі гэтай плыні маюцца не толькі сярод праваслаўных, але іх нямала і сярод каталікоў і пратэстантаў.
Зразумела, цяжкая задача ў такіх варунках даць аб'ектыўнае даследаванне уніяцкай праблемы, якое б задаволіла і адзін, і другі бок. Хутчэй за ўсё, што гэта немагчыма, калі, зразумела, не скаціцца на папулісцкія пазіцыі. Аднак ёсць факты і гістарычныя дакументы, а не толькі суб'ектыўныя прыхільнасці да "прыгожай ідэі", да рамантычнага запалу і летуценняў. І да фактаў нельга не прыслухацца. А яны сведчаць далёка не на карысць уніі. Дастаткова прыгадаць нядаўна выдадзеную кнігу дакументаў аб уніі ("Унія ў матэрыялах і дакументах", Мн., 1998).
Другой мэтай маёй працы з'яўляецца не толькі імкненне развеяць міф аб уніі, як нацыянальнай веры, а і знайсці ў уніі тыя фактары, што былі станоўчымі для нашага нацыянальнага адраджэння.
Перш чым пачаць аналіз пастаўленага ў загалоўку пытання, дадзім агульнае паняцце аб сутнасці уніі і яго месцы ў сучасным экуменістычным руху. Само слова унія у перакладзе з латыні (unio) азначае аб'яднанне. У рэлігіі пад уніяй многія разумеюць аб'яднанне дзвюх хрысціянскіх канфесій – праваслаўя і каталіцызму – у нейкую новую канфесію, якая б задаволіла і праваслаўных і каталікоў, і несла рысы і той веры і той. Аднак у сапраўднасці унія – гэта асаблівая структура ў каталіцызме, якая захоўвае праваслаўную абраднасць і носіць таксама назву – грэка-каталіцызм. Менавіта такая унія была здзейснена на Царкоўным саборы ў Брэсце ў 1596-м годзе.
Як вядома, з 1054 года хрысціянства падзялілася на дзве плыні: усходнюю – з цэнтрам у Канстанцінопалі і заходнюю – з цэнтрам у Рыме. Традыцыйна Заходнюю Царкву называюць – каталіцызмам, а Усходнюю – праваслаўем. Паходжанне гэтых слоў наступнае. Каталіцызм (па-грэцку katolikas – кафалічнасць) азначае ўсяленскасць, саборнасць і гістарычна гэтая назва замацавалася за Заходняй Царквой. Праваслаўе – азначае па славянску: "права" – правільна, "слаўе" – славіць (правільна – славіць), тым самым падкрэсліваецца выключнасць, адзінкавасць Царквы. У англійскай мове праваслаўны – гэта артадаксальны (orthodox). Гэтая назва падкрэслівае старажытнасць, класічнасць і нязменнасць праваслаўнай Царквы ад апостальскіх часоў да нашага часу. Асновай, стрыжнем праваслаўнай Царквы з'яўляецца Сімвал Веры, які быў сфармуляваны на сямі Усяленскіх Саборах у І-м тысячагоддзі пасля Ражджаства Хрыстовага. Паняцце саборнасці – гэта адзін з галоўных пастулатаў Сімвала веры і таму праваслаўную Царкву можна таксама называць кафалічнай, ці каталіцкай.
Такім чынам, назвы каталіцызм і праваслаўе нясуць фактычна адзін і той жа сэнс. І вызнаюць амаль адзін і той жа Сімвал Веры. Я не выпадкова падкрэсліў сло-ва амаль, бо гэтае "амаль" вельмі істотнае, хаця недасведчанаму чалавеку яно можа здацца зусім не істотным. Гаворка ідзе пра восьмы член Сімвала Веры. У праваслаўным тэксце ён гучыць так: "І ў Духа Святога, Госпада жыватворчага, што ад Айца зыходзіць". У каталікоў жа тут маецца невялікая папраўка: "...што ад Айца і Сына зы-ходзіць". Вось і ўсё! Толькі невялікі дадатак, так званы філіоквэ (filioquе – лат.) – "і Сы-на". Астатнія дзесяць членаў і ў праваслаўных і ў каталікоў аднолькавыя. Аднак гэтая маленькая папраўка да Сімвала Веры, зробленая Заходняй Царквой, і стала прычынай расколу хрысціянства на дзве Царквы – прынамсі, у эклезіалогіі. З пункту гледжання праваслаўнага багаслоўя дагмат аб зыходжанні Духа Святога не толькі ад Айца, але і Сына прыніжае годнасць Святога Духа і выстаўляе па сутнасці католікаў духаборцамі.