1. Перадгісторыя пытання. Азначэнне уніі.
Пра гісторыю царкоўнай уніі напісана шмат. Навукоўцы, грамадскія дзеячы, палітыкі і багасловы па-рознаму адносяцца да уніяцкай праблемы. Прычым, гэтыя адносіны бываюць самымі рознымі, часам вагаючыся да супрацьлеглых. Характэрна, што уніяцкае пытанне перыядычна ўсплывае на працягу амаль тысячы гадоў, пачынаючы з падзелу ў 1054 г. хрысціянскай Царквы на Заходнюю і Усходнюю.
Апошні ўсплёск цікавасці да уніі прыпаў на пачатак працэсу дэмакратызацыі краін Усходняй Еўропы і развалу СССР. Гэты перыяд пачаўся ў 1990-х гадах і доўжыцца да цяперашняга часу. Адраджэнне уніяцтва, ці, як яшчэ кажуць, грэка-каталіцызму, цесна звязана з працэсамі нацыянальнага адраджэння як у Беларусі, так і ў некаторых іншых краінах. "Адпачкаванне" ад адзінага некалі Савецкага Саюза шэрагу новых самастойных краін суправаджалася фармаваннем новых, асаблівых адносін да найбольш шматлікай нацыі былога СССР – рускіх і краіны іх дамінуючай прысутнасці – Расіі. На самым пачатку так званай перабудовы ў многіх саюзных рэспубліках сталі адкрыта гаварыць аб акупацыі Расіяй у розныя гады Закаўказзя, Прыбалтыкі і іншых тэрыторый, у тым ліку Беларусі. У шматлікіх мастацкіх і публіцыстычных творах былі асуджаны таталітарныя рэжымы Гітлера, Сталіна, Піначэта і іншыя. Адказнасць за жудасныя камуністычныя рэжымы, усталяваныя ў краінах сацыялізму была ўскладзена на асноўнага віноўніка – камуністаў і іх ідэалогію. Аднак у СССР віна за часы культу асобы і страшэнных рэпрэсій была ўскладзена не проста на камуністаў, а і на нацыю-гегемон – на рускую нацыю. І мала каго турбавала тое, што сама руская нацыя таксама моцна пацярпела ад камуністычнага рэжыму. Справа тут у тым, што нярускія нацыі пацярпелі ўдвая – акрамя ганенняў за дэмакратыю ім прышлося перанесці ганенні і за нацыяналізм – адстойванне сваёй нацыянальнай годнасці.
Гэтая акалічнасць – асаблівыя адносіны да рускіх, як да акупантаў – знайшла свой адбітак і ў рэлігійнай сферы. А менавіта ў тым, што на праваслаўе – галоўнае веравызнанне рускіх – у нейкай ступені ўпаў цень адмоўнага стаўлення да іх з боку некаторых іншых нацыянальнасцей. Асабліва прыкметным быў гэты працэс у Заходняй Украіне. Неяк ігнараваўся той факт, што праваслаўе пацярпела не менш за іншыя канфесіі і толькі пачало ажываць пасля бальшавіцкага генацыду.
На Беларусі к пачатку 90-х гадоў ХХ-га стагоддзя рэлігійная сітуацыя характарызавалася вялікай канфесійнай разнастайнасцю. Тут жылі як праваслаўныя, так і каталікі, а таксама раслі, як грыбы, шматлікія пратэстанцкія абшчыны. Найбольшай з усіх канфесій была праваслаўная. Характэрнай рысай гэтага перыяду з'яўляецца тое, што нацыянальнае адраджэнне аказалася ў пэўнай ступені адарваным ад адраджэння праваслаўя, у адрозненне ад каталіцызму, дзе такія-сякія зрухі былі. Тут адыграла сваю ролю і тое, што царква імкнецца заўсёды быць збоку ад палітыкі, і тое, што – і я лічу гэта галоўным – некаторыя лідэры беларускага адраджэння, найпершым чынам каталікі, у сваіх антырускіх і антыправаслаўных выступленнях адкрыта абвінавацілі праваслаўную царкву ў русіфікацыі беларусаў і ў гняздаванні кэдэбістаў. Каталікам было прасцей, у іх адрас было няшмат нараканняў, а здольнасць касцёла да прыстасавання дзеля ажыццяўлення сваіх векавых імкненняў панавання над усім светам, адыграла таксама немалаважную ролю.
Каталікам мяшала адна акалічнасць – іх адсутнасць на Беларусі. Ну не зусім адсутнасць, а скажам так: недастатковая колькасць. Усё ж большасць беларусаў з'яўляецца калі не стопрацэнтнымі праваслаўнымі, то каранямі, традыцыямі і асабліва ментальнасцю – праваслаўнымі. Вось чаму палітыка Беларускага народнага фронту ў адносінах да рэлігіі не атрымала шырокай падтрымкі ў масах. І вось тут прыйшла на дапамогу амаль забытая ідэя уніі.