Паслухайце нацыяналіста
- Автор: Астапенка Анатоль
- Год: 2000
- Язык: белорусский
- Год: Raštijos Draugija
- ISBN: 9986-437-04-2
- Жанр: История
Электронная книга - «Паслухайце нацыяналіста». Краткое содержание книги:
Я не буду ўнікаць у багаслоўскія тонкасці і скажу толькі, што дагмат аб філіоквэ з'яўляецца галоўным стрыжням непаразумення паміж праваслаўнымі і каталікамі да нашага часу.
Другім важным адрозненнем паміж Усходняй і Заходняй Цэрквамі з'яўляецца тэзіс аб непаграшымасці рымскага папы і наданне каталікамі яму тытула намесніка Хрыста на Зямлі. Увядзенне гэтага пастулату ў практыку рымскага касцёла прывяло да дадатковых новаўвядзенняў і ў практычную, абрадавую частку іх веравызнання. Адным з вынікаў неабмежаванай улады рымскага папы з'явілася знішчэнне самастойнасці нацыянальных Цэркваў. Гэтая з'ява захавалася да нашага часу: усе каталіцкія структуры ва ўсіх краінах маюць аднаго вярхоўнага кіраўніка, аўтарытэта – папу рымскага. Іншымі словамі, касцёлу не ўласціва аўтакефалія – незалежнасць царкоўных арганізацый краіны ад Царквы іншых краін.
У праваслаўнай Царкве гэта не так. У галаве яе знаходзіцца толькі адзін вярхоўны ўладар – Іісус Хрыстос. Толькі яму падпарадкоўваюцца ўсе праваслаўныя арганізацыі. Незалежных, аўтакефальных Цэркваў у цяперашні час маецца 17.
Ёсць яшчэ некалькі адрозненняў каталіцызму ад праваслаўя менш істотных. Гэта сістэма індульгенцый (адпушчэння грахоў), уласцівая толькі касцёлу, асаблівасці каталіцкага абраду еўхарыстыі (прычасце на апрэсноках – бясквасным хлебе) і іншыя.
Такім чынам, дзве старыжытныя хрысціянскія канфесіі на працягу стагоддзяў існавалі побач адна з другой, кожная з якіх захавала свой твар да нашага часу. Прычым не толькі з памятнага 1054 года пачалося гэтае незалежнае існаванне, а на шмат раней. Заходняя Царква з цэнтрам у Рыме і Усходняя Царква з цэнтрам у Канстанцінопалі пачалі сваё саперніцтва за лідэрства яшчэ ў эпоху Усяленскіх Сабораў (з ІV стагоддзя).
З цягам часу ў кожнай з хрысціянскіх Цэркваў склаліся свае традыцыі, свае абрады і свой парадак богаслужэння. І таму галоўнай праблемай ва ўсіх спробах аб'яднання, "прымірэння" каталікоў з праваслаўнымі з'явіўся менавіта абрадавы бок. Эклезіалагічныя тэарэтычныя праблемы былі мала зразумелымі простаму народу і іх можна было неяк уладкаваць. Але вось абрадавы, літургічны бок праблемы было вырашыць не так проста, калі не сказаць – немагчыма.
Аб'яднаўчы уніяцкі рух пачаўся, як гаварылася вышэй з самога моманту раздзялення Цэркваў. Але немагчымасць прыняцця тым, ці іншым бокам абрадавых традыцый, уласцівых набажэнству кожнай з Цэркваў, прывяла да наступнага кампрамісу: унія была ўведзена як палітычнае дзеянне. На Брэсцкім Саборы 1596-га года – у адрозненне ад шматлікіх ранейшых няўдалых спроб – быў урэшце падпісаны акт уніі. Фармулёўка уніі папярэдне была распрацавана і падпісана ў 1595 г. у Рыме епіскапамі Кірылам Цярлецкім і Ігнаціем Пацеем. Прычым імі было падпісана чыста каталіцкае вызнанне веры (прыняты дадатак філіоквэ і прызнана верхавенства рымскага папы). За праваслаўнымі, якія далучаліся да уніі, засталася магчымасць праводзіць набажэнства па ўсходняму абраду. Аднак, як паказала гісторыя, з часам гэты абрад усё больш набліжаўся да чыста каталіцкага і ў наш час абрад цяперашніх уніятаў мала падобны на праваслаўны.
Прыняццё Брэсцкай уніі было вялікай перамогай каталіцызму над праваслаўем пасля шасці стагоддзяў безупыннай барацьбы паміж імі. І ў гонар гэтай падзеі, на радасцях папа рымскі Клімент ІІІ нават выпусціў памятны медаль, на адным баку якога быў ён сам, і на другім баку таксама ён, а перад ім на каленях "русін" (цяпер – беларус) і надпіс – "Ruthenis receptis" – "На прыняццё русінаў". (прат. С.Гардун. "Брэсцкая унія як царкоўна-гістарычная трагедыя беларускага народа", Материалы научно-богословской конференции, Брест, 1996).
Нягледзячы на наяўнасць гэтага сумнага факта ў нашай гісторыі, апошнім часам настойліва прапагандаваўся тэзіс аб вялікім укладзе уніі ў беларускую культуру і ўяўленне аб уніі як захавальніцы беларускай мовы. Мякка кажучы, праўда не зусім такая, і ніжэй мы разглядзім асноўныя аспекты праблемы.
Ці з'яўляецца унія носьбітам нацыянальнай культуры? А менавіта гэтае меркаванне часта распаўсюджваецца ў розных выданнях, гучыць на розных канферэнцыях і сустрэчах. Таму неабходнасць дэталёвага высвятлення пытання – задача надзённая і неабходная. Яно цесна звязана з палітыкай і ў не малой ступені абумоўлена палітычнай пазіцыяй кожнага ўдзельніка дыскусіі на гэтую тэму.
Канкрэтызуючы назву загалоўка гэтага раздзела, сфармулюем прадмет нашай дыскусіі ў форме наступнага пытання: "Наколькі можна лічыць правільным сцвярджэнне аб тым, што уніяцкая вера для беларусаў ёсць нацыянальная вера?" І яшчэ. Ці было уніяцтва лагічным вынікам эвалюцыі хрысціянства (яго праваслаўнай і каталіцкай плыняў) на беларускіх землях, так што яно стала з цягам часу новай рэлігіяй беларусаў, іх нацыянальнай верай? Для украінцаў з Галіччыны унія сапраўды зараз найбольш блізкая вера і яна нясе шмат сваіх асаблівасцей. Для беларусаў гэта далёка не так. І меркаванне аб тым, што унія – нацыянальная вера беларусаў з’яўляецца чарговым міфам гісторыі.