Паслухайце нацыяналіста
- Автор: Астапенка Анатоль
- Год: 2000
- Язык: белорусский
- Год: Raštijos Draugija
- ISBN: 9986-437-04-2
- Жанр: История
Электронная книга - «Паслухайце нацыяналіста». Краткое содержание книги:
У канцы ХVI стагоддзя ўзрастае націск на Беларусь з двух бакоў – каталіцкай Польшчы і праваслаўнай Масквы. І ў рэшце рэшт, на Брэсцкім Саборы ў 1596 годзе ўтвараецца унія....
Такія падзеі адбываліся у рэлігійным жыцці Полацкага княства, а затым і ў Вялікім княстве Літоўскім да 1596 года. Што тычыцца становішча ў культуры, навуцы і іншых сферах жыцця нашых продкаў гэтага перыяду, то яно вызначаецца высокім еўрапейскім узроўнем і добра ўсім вядомае ХVI стагоддзе лічыцца нават Залатым векам Беларусі. Мы маем вялікія поспехі паўсюдна – і ў культуры і пісменніцтве (напрыклад, сусветна вядомая Біблія, напісаная ўпершыню славянскай моваю Францыскам Скарынам, выдатныя помнікі дзяржаўнага заканадаўства "Статут Вялікага княства Літоўскага", "Літоўскія метрыкі" і г.д.), у дойлідстве (не буду ўсё пералічваць, нагадаю хаця б кнігу М.Ткачова "Замкі Беларусі"), у літаратуры (паэзія Сімяона Полацкага і "Дыярыуш" ігумена праваслаўнага манастыра Афанасія Філіповіча), у мастацтве (гл. альбом "Беларускі іканапіс") і мноства іншых неацэнных здабыткаў ва ўсіх галінах дзейнасці. І стваралася гэта ўсё ў той час, калі дамінуючай рэлігіяй у дзяржаве была праваслаўная рэлігія.
Пра вызначальную ролю праваслаўя ў развіцці беларускай нацыянальнасці пісаў і вядомы дзеяч і вучоны ў галіне беларусазнаўства ў першай палове ХХ стагоддзя каталіцкі ксёндз Адам Станкевіч: "Праз увесь беларуска-літоўскі перыяд (ХІІІ – ХVI ст.) беларускай гісторыі пануючай верай на Беларусі было праваслаўе, якое служыла апорай у гэтым часе беларускай нацыянальнай культуры" (Хрысціянства і беларускі народ. Вільня, 1940 г.).
Як бачым, нават канфесійная прыналежнасць не памяшала ксёндзу Станкевічу быць аб'ектыўным, і гэта – уласцівасць сапраўднага вучонага. Чамусьці цяперашнія прыхільнікі уніі не цытуюць ягоных слоў: "Народ наш сваёй бацькоўскай верай лічыў праваслаўе, Ён у барацьбе з уніяй загартаваў, умацаваў і паглыбіў сваю беларускую нацыянальнасць... Народ інстынктыўна чуў, што яму унія нясе паланізацыю і чужое яму лацінства".
Другі перыяд (1596 г. – канец XVII)
Гэты перыяд – найбольш цікавы для нас. Як жа інакш – росквіт уніі, прызнанне уніі і Рымам і мясцовым духавенствам Рэчы Паспалітай. Калі ўжо гаварыць аб уніі, як "нацыянальнай веры", то ў першую чаргу трэба абапірацца на эпоху двухсотгадовага панавання уніі на ўсходніх крэсах Рэчы Паспалітай.
Адметнасці перыяду: па-першае, ВКЛ з 1559 г. аказалася ў складзе Рэчы Паспалітай. Гэты час увайшоў у гісторыю Беларусі вялікімі зменамі ва ўсіх сферах жыцця. Галоўныя рысы перыяду:
– у дзяржаўным будаўніцтве: Беларусь пачала губляць незалежнасць, якая і была фактычна страчана к канцу ХVII cт.;
– у культуры: гэты перыяд пасля "Залатога веку Беларусі ХVI ст." вядомы пад назвай "перыяду заняпаду";
– у рэлігіі: вера продкаў – праваслаўе пачынае губляць сваю кіраўнічую ролю ў грамадскім, палітычным і рэлігійным жыцці. Ідзе актыўны пераход беларускіх вернікаў пад засіллем лацінства – каталіцызму Польшчы – у грэка-каталіцызм, ці унію, якая пасля галоўным чынам прымусовага ўвядзення, стала верай амаль 80 % беларусаў.
На працягу ўсяго ХVII cтагоддзя унія пракладвала сабе шлях у жорсткай барацьбе з праваслаўем і к канцу ХVIII стагоддзя гвалтам далучыла да сябе большасць простага праваслаўнага беларускага народа. Разам з тым паступова вынішчалася ўсякая беларускасць. Менавіта ў гэтыя часы выйшаў вядомы ўказ караля аб забароне беларускай мовы у афіцыйным ўжытку. Далучэнне Украіны да расейскай дзяржавы ў 1654 – 1655 гг. мела адмоўнае значэнне для беларусаў. Колькасць праваслаўнага насельніцтва ў значна абрэзаных землях Рэчы Паспалітай рэзка паменшылася, павялічыўся польскі ўціск. І многія, больш слабыя духам, пачалі здраджваць сваёй веры і пераходзіць у унію. Другія, больш моцныя, не здрадзілі і, ратуючыся ад ганенняў, перасяліліся ў Paciю. Сярод апошніх быў, напрыклад, Сімяон Полацкi. І не дзіва, што ў рэшце рэшт унія перамагла і запанавала па ўсей тэрыторыі Белаpуcі. Надышлі самыя змрочныя часы ў гісторыі нашай Бацькаўшчыны – часы акаталічвання і апалячвання беларусаў, здрады векавым традыцыям, заняпаду культуры.
Прадметам нашай цікаўнасці з'яўляецца становішча з нацыянальнай культурай і яе сувязь з існуючымі на Беларусі канфесіямі. Першая адметнасць гэтага перыяду – агульная тэндэнцыя развіцця: сінтэз праваслаўна арыентаванай культуры з заходнімі каталіцкімі традыцыямі. Калі на пачатку працэсу пераводу праваслаўных у унію – першага кроку да акаталічвання беларусаў, мы бачым моцнае супраціўленне чужой рэлігіі (успомнім, напрыклад, выпадак з Ізафатам Кунцэвічам, забітым даведзеным да адчаю народам), то к канцу ХVIII стагоддзя справа была амаль зроблена – праваслаўе ледзь трымалася ў адзінкавых прыходах.