Усмешка жалобнай каралевы, альбо тайна магнітнага замка
- Автор: Минскевич Сергей
- Год: 2013
- Язык: белорусский
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Усмешка жалобнай каралевы, альбо тайна магнітнага замка». Краткое содержание книги:
— Дзякуй, вужака ўжо каўбасы абяцаў прыцягнуць.
І сапраўды, вызваленыя з галоваў злыдняў істоты праз некаторы час вярталіся і прыносілі пачастункі — хто смятанку, хто малачко, хтосьці вяндліну, хтосьці сыр — ад гэтага кот Міамурмарор вельмі ўзрадаваўся. Каты-браты арганізавалі вялікую бяседу з гутаркай да самай раніцы. І наеліся ад пуза.
— Так. Цяпер я разумею, чаму ты такі тоўсты, — сказаў Міамурмарор свайму брату, — а то ж пляткараць, што тых мышэй, мух, прусакоў, гадасць усялякую ты з галоваў злыдняў адмыслова выманьваеш і ясі.
— Шмат па зямлі чутак ходзіць. Пакуль сам не ўбачыш — не рабі высноў.
Перад тым, як класціся спаць, яны яшчэ раз прабуркацелі на вуха злыдням.
Збрыдзі бяда Бруд і брыда.
Збрыдзі бяда Бруд і брыда.
З рота верхаводзіхі выпаўз слімак, а верхаводы — станожка.
— Ну што, нікога там не засталося? — сурова спытаў кот Варгін.
— Не, больш нікога — чыстыя галовы, — тонкім галаском прамовіла станожка і, перастаўляючы сто сваіх ножак, папаўзла прочкі.
А слімак пачаў поўзаць вакол вуха верхаводзіхі, не разумеючы, дзе ён. Варгін акуратна узяў беднага слімака лапай і перасадзіў на яблык.
Слімак ажно засвяціўся ад шчасця.
— Ну, выдатна, цяпер, братка, і паспаць можна, — пазяхнуў кот Варгін.
— Пра-а-авільна, — таксама позехам пагадзіўся кот Міамурмарор і расцягнуўся пад кустом.
Варгін паклаў сваю вялікую галаву на пярэднія лапкі, яшчэ раз пазяхнуў, зажмурыўся і задрамаў.
Толькі наступным познім днём катоў абудзіла Алеолла.
— Колькі можна спаць? Ужо час абеду, а вы ўсё спіце і спіце. Будзеце есці? Я смачны суп зварыла.
— Не, дзякуем, — адказалі каты,— мы і так сытыя.
— Сытыя? Вы што, у сне абедаеце? — здзівілася Алеолла.
Тады кот Міамурмарор распавёў, чым яны ўначы з Варгінам займаліся.
— Праўда, праўда, — пацвердзіў кот Варгін. — Цяпер верхавода са сваёй верхаводзіхай зусім не злыдні і не ліхадзеі, а нармальныя людзі. Толькі трэба, каб у іх чыстых галовах добрыя думкі завяліся. Адкрый, Алеолла, збаночак з чароўным алеем. Мінулы раз ад гэтага паху ў іх узнікала злараднасць, таму што іх галовы былі не тым, чым трэба, забіты. Цяпер усё будзе інакш.
Алеолла адкрыла збанок з чароўным алеем, дала панюхаць верхаводу і верхаводзісе. Яны шчыра ўсміхнуліся і задумаліся.
— Як я люблю нашую рэчку, — раптам прамовіў верхавода.
— А я як люблю нашую рэчку, — прамовіла верхаводзіха.
— Давай пераправу тут наладзім, паставім паром, — пачаў разважаць услых верхавода. — Тут жа самае зручнае месца. Людзям будзем дапамагаць.
— І яшчэ пабудуем дыхтоўную хату. Падарожнікі за пераправу будуць нам плаціць. З гэтага і жыць будзем.
— Правільна, мая любая, правільна, — ласкава сказаў верхавода і цмокнуў сваю верхаводзіху ў шчаку.Алеолла, Арцін і Бедалдай вельмі здзівіліся такім пераменам у злыднях. А кот Міамурмарор — не вельмі, бо ён ведаў, што яго стрыечны брат, кот Варгін, вельмі разумны, і ўжо калі ён нешта сказаў — так яно і будзе.
Арцін і Бедалдай развязалі былых злыдняў, а Алеолла пачаставала іх супам.
— Дзякуй за вашую дабрыню, — сказалі былыя злыдні-ліхадзеі. — А мы вам за гэта падаруем неабходныя ў дарозе рэчы.
Былы верхавода ліхадзеяў спусціўся ў зямлянку і прынёс чатыры пары дзіўнага абутку — нейкія шырокія лапці, абвязаныя рыбінымі пухірамі.
— Гэта вадаступы. Калі апрануць іх, то можна спакойна па вадзе хадзіць, — растлумачыў былы верхавода ліхадзеяў.
— Нага правальваецца ў ваду самае большае — па шчыкалатку, — сказала былая верхаводзіха ліхадзеяў, — бярыце, яны вам спатрэбяцца.
— Дзякуй, удружылі вы нам, удружылі, — Арцін узяў вадаступы. — Гэта менавіта тое, што нам трэба, каб перайсці Чорнае Балота.
— Да пабачэння! — разам сказалі былыя злыдні-ліхадзеі.
Яны яшчэ раз падзякавалі ўсім і адправіліся да ракі наладжваць сваё новае жыццё.
— І мне пара, — пацягнуўся кот Варгін, — прыемна было з вамі пабачыцца.
— Хіба ты не пойдзеш з намі да Паляндры? — спытаў кот Міамурмарор.
— Занадта шмат гонару гэтай Паляндрусе, каб столькі смельчакоў і разумнікаў адначасова да яе хадзілі. Вы і без мяне ўправіцеся. Мне яшчэ вунь колькім злыдням трэба мазгі прачысціць.
— Шаноўны Варгіньчык, — сказала Алеолла, — а ты выпадкова не ведаеш, дзе нам мастака Дроздзіча знайсці?
Кот Варгін на хвілінку задумаўся.
— Я чуў ад варон, што тры дні таму яго бачылі на шляху каля Новага Мястэчка.