Усмешка жалобнай каралевы, альбо тайна магнітнага замка
- Автор: Минскевич Сергей
- Год: 2013
- Язык: белорусский
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Усмешка жалобнай каралевы, альбо тайна магнітнага замка». Краткое содержание книги:
— Сетку, нясіце сетку! — крыкнуў адзін з дзікуноў.
На юнака і дзяўчыну накінулі шырокі трывалы нерат — і толькі тады дзікуны зноў напалі ўсім гуртам.
Арціна, Алеоллу і ката Міамурмарора моцна звязалі пруткімі вяроўкамі і адвялі ў лес на паляну, дзе была выкапана зямлянка — галоўнае логавішча дзікуноў.
Палонных пасадзілі пад смалістую крывую хваіну. Дзікуны свіснулі — і з вузкага лаза зямлянкі, пазяхаючы і пацягваючыся, выйшаў верхавода, а за ім на карачках выпаўзла верхаводзіха. Устала, пацягнулася. Верхавода і верхаводзіха былі таўставатыя, з карычневымі закопчанымі тварамі. Рукі — карабатыя, пазногці — чорныя. Валасы даўно нямытыя і нечасаныя. На абодвух звярыныя скуры, гэтак жа, як і на астатніх дзікунах. Толькі ў адрозненні ад іх, ногі ў верхаводы і верхаводзіхі былі абутыя ў скураныя чобаты, а не лыкавыя лапці.
Верхавода і верхаводзіха ўважліва агледзелі палонных.
— Нядрэнны тавар, — нізкім голасам сказала дзікунка. — Прадамо іх купцам на ладдзях. Дзяўчына пойдзе за прыгажуню-прыслужніцу, а хлопца можна прыкаваць да вясла.
— Прадаваць трэба купцам, якія плывуць з дружынай, а тым прастакам, што плывуць з малой аховай, нічога прадаваць не будзем! Гэтых мы самі зможам захапіць, — расцягнуў рот у адназубай усмешцы верхавода, — і яшчэ выкуп за вызваленне запатрабуем! — ён люта памахаў сукаватай дубінай, якую ўсюды цягаў з сабою.
— Вядома, будзем прадаваць толькі тым купцам, у якіх ёсць дружына, — пагадзілася верхаводзіха. — Такія дружынныя купцы мацнейшыя і багацейшыя. За хлопца не менш дзесяці золтанаў дадуць, а за дзяўчыну — усе дванаццаць.
— А з гэтай жыўнасцю што будзем рабіць?
— Ката, як заморскую жывёлу, паспрабуем за пяць золтанаў збагрыць, а калі не атрымаецца — з яго футра я сабе каўнер зраблю. Бачыш, які кацяра шыкоўны, вогненна-руды, паласаты, белая грудка. Не тое, што наш — чарноцце чарнюшчае.
— Хто вы такія? — злосна спытаў Арцін.
— Нас, — верхавода зірнуў на яго, прыжмурыўшыся ў яхіднай ухмылцы, — называюць злыдні. А калі дакладней, мы — ліхадзеі.
— Гэта што, разбойнікі? — спытала Алеолла.
— Не, дзяўчынка, — агідна хіхікнула верхаводзіха, паказаўшы свае зубы з чор ным налётам. — Горш. Нашмат горш. Разбойнікі, увогуле, бываюць высакароднымі. А мы не паважаем высакароднасць.
— Высакароднасць нам абсалютна ні да чаго, — дадаў верхавода.
— А чым жа вам высакароднасць не па душы? — з непрыхаванай прыкрасцю прамовіў Арцін.
— А яна нам, нібы костка ў горле! Хі-хі-хі, — прастуджаным голасам засмяялася верхаводзіха. Яна прадчувала добрую выручку.
Пакуль верхаводзіха душылася смехам, Алеолла непрыкметна паслабіла путы на адной руцэ, злаўчылася і адкрыла схаваны ў мяшочку на поясе збанок з алеем зробленага з пладоў шчаслівай шаўкоўніцы.
Водар дайшоў да верхаводзіхі.
— Ой, як прыемна пахне, хі-хі-хі, — больш тонкім голасам засмяялася верхаводзіха.
Верхавода таксама пачаў не то смяяцца, не то заікацца смехам.
— Вам гэты водар падабаецца? — шчыра пацікавілася Алеолла.
— Вельмі, хі-хі-хі, — верхаводзіха была не ў сілах стрымацца.
— Нешта вельмі ў носе ласкоча, — плачу ад смеху, — прызнаўся верхавода.
— А што гэта, хі-хі-ха, у цябе? — верхаводзіха тыцнула пальцам у мяшочак са збаночкам, які Алеолла прыціскала рукой.
— Гэта чароўны алей. Хто гэты алей панюхае, становіцца шчаслівым.
— Ого! Шчаслівым. Давай зробім так, — сказала верхаводзіха, — ты аддасі мне гэты алей, а я цябе за гэта адпушчу.
— Не толькі мяне, — паправіла Алеолла, — а ўсіх нас: мяне, віцязя Арціна і ката Міамурмарора.
— Добра, — трохі зычлівей усміхнулася верхаводзіха.
— Ты што! — прахрыпеў верхавода. — Алей увесь вынюхаем, а грошай не атрымаем!
— Не слухай яго, дзяўчынка, — ласкава прамовіла верхаводзіха. — Я вас адпушчу.
Яна падышла да Алеоллы.
— Патрывай, мая маленькая, мая добранькая дзяўчынка, — дзікунка вызваліла яе рукі ад вяровак.
— Ой, як балюча, — прызналася Алеолла.
Яна аддала чароўны алей верхаводзісе. Тая хуценька закаркавала збаночак коркам, які быў вяровачкай прывязаны да збанка.
Верхавода акуратна ўзяў вызваленыя рукі Алеоллы, паглядзеў на чырвоныя паскі, пакінутыя вяроўкамі.
— Бедная, бедная мая.
І нечакана зноў накінуў на іх вяроўку і туга зацягнуў.
— Што гэта! Мы ж з вамі дамовіліся! — ускрыкнула Алеолла. — Вы абяцалі нас адпусціць!
— А навошта нам цяпер вас адпускаць, калі алей і так ужо ў нас? — скрывіла рот верхаводзіха.