Усмешка жалобнай каралевы, альбо тайна магнітнага замка
- Автор: Минскевич Сергей
- Год: 2013
- Язык: белорусский
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Усмешка жалобнай каралевы, альбо тайна магнітнага замка». Краткое содержание книги:
Ён ішоў на поўдзень, у напрамку да Чорнага Балота.
— Выдатна! — усклікнуў Арцін. — Значыць, ён ужо назбіраў людскіх усмуткаў.
Мы яго нагонім!
— Дзякуй табе, кот Варгін, — сказала Алеолла.
— Поспехаў вам, — адказаў ён.
Кот Варгін памахаў ім і, як чалавек, на задніх лапах, пайшоў углыб лесу. Спыніўся, пачасаў сабе правую лапатку, успомніў, што ўсё-такі зручней для яго ісці па-кашэчы, апусціўся на чатыры лапы і схаваўся ў цені дрэў.
Бедалдай свіснуў, і на паляну прыскакалі ханскія скакуны. Усе — Алеолла, Арцін, Міамурмарор і Бедалдай — селі на коней і адправіліся да Новага Мястэчка.
ЯК МАСТАК МАСТАКУ...
Па жоўтай дарозе ішоў мастак Дроздзіч. Ішоў ён, абапіраючыся на свой любімы кіёк-парасон, ішоў-ішоў... Змарыўся, прысеў на ўзбочыне, раскрыў парасон, і раптам бачыць — да яго здалёк, стрымгалоў, скачуць трое вершнікаў. На белым кані — малады віцязь, на чорным — шыракаплечы волат, а на гнядым кані — незразумелая пачвара! — двухгаловы таўстун. Адна галава ў яго з доўгімі валасамі, а другая — маленькая, з вострымі вушамі, як быццам з жывата вершніка расце.
«Так гэта ж Алеолла на кані ката да сябе прыціскае, — здагадаўся мастак Дроздзіч, калі прыгледзеўся лепей, — там жа і Арцін скача, а за імі гоніцца нейкі жахлівы бамбіза з раскосымі вачамі і вострымі скуламі. Не, не гоніцца, а разам з імі скача.»
— Прывітанне, мастак Дроздзіч, — усе вершнікі адначасова асадзілі коней. Бліскучым воблакам пыл узняўся з-пад капытоў. — Мы спяшаліся да цябе!
Алеолла і Арцін, як старыя прыяцелі, абняліся з Дроздзічам. Мастак нават папрасіў сваіх маладых сяброў перайсці з ім на «ты».
— Разумею, разумею, значыць, ягады шчасцядайнай шаўкоўніцы вы раздабылі, — сказаў мастак Дроздзіч.
— Так, раздабылі.
— А гэта хто з вамі?
— Гэта кот Міамурмарор.
— Дзякуючы яму мы гэтыя ягады і займелі.
— А гэта хто? — мастак паказаў на Бедалдая.
— А, гэта мой кат, — спакойна сказала Алеолла.
— Кат? Як гэта разумець? — збянтэжыўся мастак Дроздзіч.
— Кат як кат, навязаўся, вось, на маю галаву. А так нічога, добры хлопец... Яго Бедалдаем клічуць.
Мастак у разгубленасці адступіў ад Бедалдая, зазірнуў у вочы Алеоллы — праверыць, ці ўсё з ёй у парадку.
Тады Алеолла, Арцін ды кот Міамурмарор прыняліся распавядаць мастаку пра і§і. свае прыгоды ў замежных краінах.
— I што вы сапраўды здыміце Алеолле галаву з плеч? — спытаў у ката мастак Дроздзіч.
— Здыму, калі яна не пойдзе да Паляндры. А пакуль я сам за яе галавой адказваю, — сурова адказаў Бедалдай. — Берагу і абараняю.
— Гэта ж трэба! — здзівіўся мастак Дроздзіч. — Кат-целаахоўнік.
Кот мыўся — аблізваў языком лапу, а потым цёр ёю за вухам.
— За сваім целам кожны павінен сам сачыць і ахоўваць яго. — правуркатаў ён. — Так што, Алеолла, на ката спадзявайся, а сама востра вуха трымай.
— Слухай... — сказаў Арцін мастаку Дроздзічу. — У нас ёсць план.
Будучы віцязь дастаў са сваёй паходнай торбы плод шчасцядайнай шаўкоўніцы. Мастак адразу ж заўважыў, што яны вельмі падобны да вусеняў-усмуткаў, калі тыя скручаныя ляжаць.
— Так-так, — усхапіўся Арцін, — толькі трэба іх у чорна-бардовы колер перафарбаваць.
— Гэтая праца якраз па мне, — спакойна прамовіў мастак Дроздзіч і пачаў даставаць са сваёй торбы ўсё неабходнае — збанкі з фарбамі, палітру, пэндзлікі.
З веданнем справы мастак змяшаў на палітры чорную фарбу з чырвонай, бардовай і аранжавай, а зверху капнуў яшчэ фіялетавай і зялёнай.
— А навошта столькі фарбаў змешваць? Бо вусені — чорна-бардовыя. Можа, досыць змяшаць чорную і бардовую? — пацікавіўся Арцін.
— Ну, паспрабуй, — падахвоціў юнака Дроздзіч.
— Ну і паспрабую, — рука Арціна пацягнулася да ягады шчасцядайнай шаўкоўніцы.
— Слухай, папрактыкуйся спачатку на звычайных ягадах, каб дэфіцытны прадукт не пераводзіць, — прапанаваў Міамурмарор.
— Можа, мяне яшчэ каты будуць вучыць маляваць? Я і без цябе ведаю, што мне рабіць, — Арцін усё-такі не насмеліўся ўзяць «шчаслівую» ягаду і, пазычыўшы пэндзлік у мастака Дроздзіча, прыняўся размазюкваць звычайную.
— Ну як? — самаздаволена спытаў Арцін праз некаторы час.
Але ніхто з сяброў Арціна так і не адважыўся сказаць праўду, на што была падобная ягоная ягада. А Дроздзіч сказаў:
— Эх, Арцін, гэта ты бачыш у гэтых вусенях толькі два колеры, а мы, мастакі, у любым прадмеце вакол нас заўважаем сотні адценняў самых розных колераў.
— А мы, каты, уначы можам адрозніць сотні адценняў аднаго толькі шэрага колеру! — пахваліўся кот Міамурмарор.