Усмешка жалобнай каралевы, альбо тайна магнітнага замка
- Автор: Минскевич Сергей
- Год: 2013
- Язык: белорусский
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Усмешка жалобнай каралевы, альбо тайна магнітнага замка». Краткое содержание книги:
Потым Бедалдай заняўся верхаводам і верхаводзіхай — моцна звязаў іх. Яны на ўвесь лес крычалі:
— Ліхадзеі! Ліхадзейчыкі, на дапамогу! Вас шмат, а іх усяго чацвёра!
Але ніхто нават не спрабаваў ім дапамагчы. Ліхадзеі былі так напалоханы зброяй ханскага ката, што без аглядкі ўцяклі.
— Ніхто не будзе рызыкаваць сваім жыццём, каб вызваліць злыдняў, — сказаў кот Міамурмарор, — людзей, якія не трымаюць слова, ніхто не паважае.
— Адпусцеце нас, — узмалілася верхаводзіха, — мы вам чым хочаце паклянёмся, што не будзем больш нікога рабаваць, прадаваць...
— Яшчэ разок вам нагадваю, — сказала Алеолла, — вы самі пахваляліся, што ніколі не трымаеце сваё слова. Як жа вам можна верыць? — яна забрала ў верхаводзіхі свой збанок з чароўным алеем. — Мы аддадзім вас мясцоваму князю, ён і вырашыць, што з вамі рабіць.
— Не трэба, калі ласка! Князь пакляўся нас на ўсё жыццё пасадзіць у падзямелле свайго замка.
ЖЫЦЦЁВАЯ ПАЗІЦЫЯ СТРЫЕЧНАГА БРАТА
Вечар заліў неба шэрым колерам. Сябры вывелі палонных ліхадзеяў на паляну побач з зямлянкай. Арцін і Бедалдай расклалі вогнішча, каб прыгатаваць ежу і пагрэцца.
— Ой, што гэта? — усклікнула Алеолла.
Яна паказала на цёмны лес. Там, паміж дрэвамі, свяціліся два круглыя жоўценькія агеньчыкі.
— Здарова, здарова! — павітаў жоўценькія агеньчыкі кот Міамурмарор.
— Здарова, здарова ўсім! — на паляну выйшаў вялікі чорны кот. Ён быў нават большы, чым кот Міамурмарор.
— Варгін! — пазналі яго Алеолла і Арцін.
— Так, я кот Варгін, разумны і мудракемны.
Кот Міамурмарор выгнуў спіну, узняў хвост трубой, выйшаў насустрач Варгіну і з дакорам прамовіў:
— І як не сорамна жыць у злыдняў!
— Я ў іх не жыву, а толькі прыходжу да іх. — вуркатлівым голасам адказаў кот Варгін. — Гэта вельмі. Гэта вельмі нават вельмі-вельмі..
— Што вельмі-вельмі? — спытаў кот Міамурмарор.
— Вельмі добра, што я цябе сустрэў, мой стрыечны братка. Ім засталося ўсяго толькі дзве ночы для поўнай прачысткі галавы, але мы з табой управімся за адну.
— Ты пра што, Варгін, кажаш?
— Хутка дазнаешся. Трэба толькі, каб людзі спаць леглі. Давай памуркочам.
Каты гаварылі на кацінай мове, і з боку выглядала, што яны мяўкаюць на розныя лады.
— Вось разышліся, — пазяхнуў Бедалдай.
А калі каты пачалі паціху муркатаць, людзі леглі на скуры поруч з вогнішчам і паснулі. Праз сон ім здавалася, што яны чуюць нейкую прыгаворку. Нешта накшталт:
Муляр мыў мур мармуровы,
Мармур муру быў пурпуровы.
Муляр мыў мур мармуровы,
Мармур муру быў пурпуровы.
— А цяпер, — сказаў кот Варгін, — давай падпаўзём да верхаводы і верхаводзіхі. Толькі для іх трэба не муркатаць, а буркатаць. Запамінай:
Збрыдзі бяда Бруд і брыда.
Збрыдзі бяда Бруд і брыда.
— Запомніў? Ты будзеш буркатаць на вуха верхаводзісе, а я — верхаводу. Давай.
Каты разам пачалі хутка-хутка паўтараць гэтыя словы, і тут жа з вушэй і наздрын верхаводзіхі і верхаводы пачалі высоўвацца пыскі з мігатлівымі вачамі жаб, вужак, мышэй. Паказалі свае вусы прусакі. А каты ўсё буркаталі і буркаталі. І вось адна жаба не вытрымала і выскачыла з вуха верхаводзіхі, за ёй — другая, з наздрыны верхаводы выпаўз вужака. І тут пачалося — з вушэй, рота і ноздраў верхаводы і верхаводзіхі палезлі прусакі, жукі, п’яўкі, ракі хвастом наперад. Варгін спрытна махнуў лапай і падчапіў за хвост мышку, якая толькі што вылезла з вуха верхаводы. Кот Міамурмарор зажмурыў вочы.
— Ты гэта чаго? — спытаў Варгін у свайго стрыечнага брата.
— Я думаў, ты яе з’ясі.
— Што ж табе там пра мяне напляткарылі. Гэй ты, — звярнуўся ён да мышы, — ты не будзеш болей жыць у галовах гэтых людзей?
— Не, не буду, — віскнула мыша, боўтаючыся на сваім хвосціку.
— Ну вось і добра, — сказаў кот Варгін і апусціў яе на зямлю. — Бяжы ў лес — там табе месца хопіць.
— Ах, якое раздолле! — усклікнула мышка.
— Вядома, раздолле. А ў галаве злыдня жыць — тое ж самае, што ў вязніцы!
— Я ж не ведала, што на зямлі так добра! Мы, мышы, заводзімся там, дзе пуста. Але дарма ты нас патурбаваў, Варгіне, гэтыя злыдні нідзе ніколі не вучыліся, у галаве ў іх поўная пустэча. Так што там зноў завядуцца мышы, а таксама жабы, жукі мухі, прусакі. Фу!
— Як толькі ў іх у галаве з’явяцца добрыя думкі — ніхто не завядзецца, — запэўніў мышку кот Варгін. — Ім яснапанна Алеолла дапаможа.
— Ой, як тут добра! — не магла нарадавацца мышка, і сама рабілася ад гэтага дабрэйшай, нават поўсць яе з брудна-шэрай ператварылася ў белую. — Я табе Варгін, за тое, што ты мяне вызваліў, чаго-небудзь ядомага прынясу.