Русіфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русіфікацыйнаму працэсу
- Автор: Станкевіч Станіслаў
- Год: 1994
- Язык: белорусский
- Год: Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны
- ISBN: 5-343-01645-6
- Жанр: История
Электронная книга - «Русіфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русіфікацыйнаму працэсу». Краткое содержание книги:
Пры гэтым расейская мова сталася ня толькі крыніцай далейшага разьвіцьця беларускай літаратурнай мовы, як цьвердзіць савецкая лінгвістыка й як афіцыйна вымагаюць ад нерасейскіх моваў партыйныя дырэктывы, але навет, як мы бачылі на мностве прыкладаў, зь беларускай мовы выкідваюцца тыя ейныя граматычныя формы й словы, якія ў ёй існавалі й былі агульна замацаваныя ўжо раней, але розьніліся ад адпаведных формаў і словаў расейскае мовы. Такім парадкам русіфікацыя йдзе ня толькі ў пары з разьвіцьцём беларускай літаратурнай мовы, але й расьцягваецца на той ейны стан, у якім знаходзілася яна перад русіфікацыйнай кампаніяй, аб чым ані савецкая моваведа, ані партыйныя дырэктывы ў галіне мовы зусім не ўспамінаюць.
Беларуская літаратурная мова, разьвіваючыся перад русіфікацыйным пэрыядам на базе народнае мовы, як і наагул кажная мова, для абазначэньня ўводжаных у мову новых паняцьцяў багата папаўняла свой лексычны запас словамі міжнароднага паходжаньня, якія ў сучасных мовах цывілізаванага сьвету набылі інтэрнацыянальны характар. У сувязі з тым, што беларуская культура ў сваім разьвіцьці арыентавалася на заходнюю культуру, дык і запазычаньні беларускай мовай словаў інтэрнацыянальных адбывалася за пасярэдніцтвам моваў Захаду. Такія словы, лучыўшы ў беларускую літаратурную мову, або й надалей захоўвалі ў сабе некаторыя фанэтычныя й марфалягічныя элемэнты тых заходніх моваў, зь якіх былі запазычаныя, або, будучы раней запазычанымі й агульна пашыранымі, поўнасьцяй засыміляваліся, так што іхны іншамоўны характар пачаў зусім зацірацца.
Вось-жа яшчэ ў самым пачатку русіфікацыйнага працэсу ў СССР як савецкая моваведа, гэтак і партыйная палітыка пачалі тарнаваць прынцып, што ўсякія іншамоўныя словы могуць запазычвацца нерасейскімі мовамі толькі й вылучна за пасярэдніцтвам расейскае мовы. Інакш кажучы, было пастаўленае перад нерасейскімі мовамі патрабаваньне, што ўсе запазычаныя імі раней словы іншамоўнага паходжаньня, як і запазычаныя ў будучыні, павінны захаваць у кажнай нерасейскай мове ўсе тыя фанэтычныя й марфалягічныя асаблівасьці, якія яны маюць у расейскай мове. Вышэй цытаваны савецкі мовавед М.Каммары выразна гаворыць, што агульная тэндэнцыя да моўнай інтэрнацыяналізацыі ў разьвіцьці моваў народаў СССР, побач з уплывам на гэтыя мовы расейскае мовы, выяўляецца «ў засвойваньні асноўнага фонду інтэрнацыянальнай лексыкі цераз пасярэдніцтва расейскае мовы»[69].
Пытаньня русіфікацыі іншамоўнага лексычнага матарыялу ў беларускай мове мы ў гэтым артыкуле не разглядаем з тае простае прычыны, што яно было тэарэтычна й у бальшыні выпадкаў практычна разьвязанае ўжо моўнай рэформай 1933 году, якая выходзіць за межы нашага разгляду. Адно варта прыпомніць, што ў самым пачатку русіфікацыйнай кампаніі, у пачатку 30-ых гадоў, у дачыненьні да нерасейскіх моваў народаў Савецкага Саюзу галоўная ўвага якраз была ськіраваная на раптоўнае й поўнае спыненьне моўных працэсаў, празь якія нерасейскія мовы папаўнялі свой лексычны запас інтэрнацыянальнымі словамі, арыентуючыся ў асноўным на мовы Захаду, абмінаючы пасярэдніцтва расейскае мовы. Прыкладам, у дачыненьні да ўкраінскай мовы, як паказаў праф. Р.Смаль-Стоцкі на падставе багатага матарыялу, русіфікацыйная кампанія фактычна й пачалася ад патрабаваньня ўніфікацыі на расейскай базе тэхнічнай і навуковай тэрміналёгіі, як і наагул усіх словаў іншамоўнага паходжаньня[70]. Таксама ў Беларусі галоўным аб'ектам бальшавіцкіх нападаў сталася дзейнасьць Тэрміналягічнай Камісіі Беларускай Акадэміі Навук з прычыны апрацоўваньня ёй беларускай навуковай і тэхнічнай тэрміналёгіі ў адрыве ад расейскае мовы.
Пасьлейшая моўная практыка ў СССР пасьля рэформы 1933 году працэс русіфікацьй словаў іншамоўнага паходжаньня ўжо поўнасьцяй завяршыла, так што беларускім элемэнтам у гэтай катэгорыі словаў астаўся адно правапіс, ды й той моцна зрусіфікаваны гэтай рэформай. Сяньня навет асабовыя собскія імёны разглядаюцца ў беларускай літаратурнай мове, як словы іншамоўнага паходжаньня й ужываюцца з расейскімі моўнымі асаблівасьцямі. Найбольш пракуднае для беларускай мовы ёсьць і тое, што ў яе цяпер мэханічна ўведзеныя з расейскай мовы зусім раней ня ўжываныя як у літаратурнай мове, гэтак і ў народных дыялектах імёны па бацьку («отчества»).
69
М.Каммари, тамсама, б. 72.
70
R.Smal-Stocki, тамсама, б. 88, 108-122, 134 і нас.