Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза
- Автор: Дефо Даниэль
- Год: 1994
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0764-Х
- Переводчик: Алена Васілевіч
- Жанр: Путешествия и география
Электронная книга - «Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза». Краткое содержание книги:
З гэтым парасонам я не баяўся ніякага дажджу і не пакутаваў ад сонца нават у самае гарачае надвор'е.
Калі ён быў мне не патрэбны, я складваў яго і нёс пад пахай.
Так я і жыў на сваёй выспе, спакойны і задаволены.
Раздзел пятнаццаты
Рабінзон будуе другую лодку, меншых памераў, і спрабуе аб'ехаць вакол выспы
Мінула яшчэ пяць гадоў, і за гэты час, як я памятаю, не адбылося нічога асаблівага.
Жыццё маё ішло па-ранейшаму — ціха і спакойна, жыў я на старым месцы, і па-ранейшаму ўвесь мой час быў у працы і на паляванні.
Цяпер у мяне было ўжо столькі збожжа, што майго ўраджаю хапала мне на цэлы год; вінаграду таксама было ўдосталь. Але з гэтай прычыны мне даводзілася працаваць у лесе і ў полі яшчэ больш, чым раней.
Аднак галоўным маім клопатам было збудаванне новай лодкі. На гэты раз я не толькі зрабіў лодку, але і спусціў яе на ваду: я вывеў яе ў бухтачку па вузкім канале, які мне давялося выкапаць на працягу паўмілі.
Першую сваю лодку, як ужо ведае чытач, я зрабіў такога велізарнага памеру, што вымушаны быў пакінуць яе на месцы пабудовы, як помнік уласнай дурноце. Ён заўсёды нагадваў мне пра тое, што ў далейшым мне трэба быць больш разумным.
Цяпер я ўжо быў спрактыкаваны. Праўда, на гэты раз я збудаваў лодку амаль за паўмілі ад вады, таму што бліжэй не знайшоў адпаведнага дрэва, але я быў упэўнены, што здолею спусціць яе на ваду, бо бачыў, што справа, якую задумаў, гэтым разам была мне па сіле, і цвёрда вырашыў давесці яе да канца. Амаль два гады пайшло ў мяне на збудаванне лодкі. Мне так страшэнна хацелася атрымаць нарэшце магчымасць плаваць па моры, што я не шкадаваў ніякае працы.
Трэба, аднак, заўважыць, што будаваў я гэту новую пірогу зусім не для таго, каб пакінуць сваю выспу. З гэтай марай я даўно ўжо развітаўся. Лодка была такая малая, што не было чаго і думаць пераплысці на ёй сорак ці болей міль, якія ляжалі паміж маёй выспаю і мацярыком.
Цяпер у мяне была больш сціплая мэта: аб'ехаць вакол выспы — і толькі. Я ўжо аднойчы пабываў на супрацьлеглым беразе, і адкрыцці, якія я там зрабіў, так зацікавілі мяне, што мне яшчэ тады захацелася агледзець усё ўзбярэжжа, якое мяне акружала.
І вось цяпер, калі ў мяне з'явілася лодка, я вырашыў, чаго б гэта ні каштавала, аб'ехаць сваю выспу морам. Перш чым рушыў у дарогу, я старанна падрыхтаваўся да свайго падарожжа. Я змайстраваў для свае лодкі невялічкую мачту і пашыў такі ж невялічкі ветразь з кавалкаў парусіны, якой у мяне было яшчэ дастаткова ў запасе.
Калі лодка была аснашчана, я выпрабаваў яе ход і ўпэўніўся, што пад ветразем яна ідзе даволі прыстойна. Тады я прыбудаваў на карме і на носе невялічкія скрынкі, каб захаваць ад дажджу і хваль правізію, зарады і іншыя неабходныя мне рэчы, якія я буду браць з сабой у дарогу. Для стрэльбы я выдзеўбаў у дне лодкі вузкі жолаб.
Затым я ўмацаваў раскрыты парасон, нахіліўшы яго так, каб ён быў якраз над маёй галавой і бараніў мяне ад сонца ўсё роўна як стрэшка.
Дагэтуль час ад часу я рабіў невялікія прагулкі морам, але ніколі не заходзіў далёка ад свае бухты. Цяпер жа, калі я меў намер агледзець межы свае маленькае дзяржавы і падрыхтаваў сваё судна для далёкага плавання, я занёс на яго палову казінай тушы, гліняны гаршчок падсмажанага рысу і ячменныя праснакі, якія я ўжо сам пёк.
6 лістапада я накіраваўся ў дарогу.
Праездзіў я куды больш, чым разлічваў. Справа ў тым, што хоць мая выспа і была сама па сабе невялікая, але калі я павярнуў да ўсходняй часткі яе ўзбярэжжа, перада мной узнікла непрадбачаная перашкода. У гэтым месцы ад берага адыходзіць вузкая града скал; іншыя з іх тырчаць з вады, іншыя схаваны ў вадзе. Града заходзіць міль на шэсць у адкрытае мора, а далей, за скаламі, яшчэ мілі на паўтары цягнецца пясчаная водмель. Такім чынам, каб абагнуць гэту касу, давялося даволі далёка ад'ехаць ад берага. Гэта было вельмі небяспечна.
Я хацеў нават павярнуць назад, таму што не мог з дакладнасцю вызначыць, як далёка мне давядзецца прайсці ў адкрытым моры, пакуль я абагну граду падводных скал, і баяўся рызыкаваць. І, апрача таго, я не ведаў, ці здолею павярнуць назад. Таму я кінуў якар (перад тым як адправіцца ў дарогу, я змайстраваў сабе нешта накшталт якара з абломка жалезнага крука, які я знайшоў на караблі), узяў стрэльбу і сышоў на бераг. Убачыўшы непадалёку даволі высокую горку, я ўзлез на яе, змераў на вока даўжыню скалістай грады, якая адсюль была добра відаць, і вырашыў рызыкнуць.
Але не паспеў я дабрацца да гэтай грады, як апынуўся на страшнай глыбіні і следам затым трапіў у магутны струмень марскога цячэння. Мяне закруціла, як у шлюзе вадзянога млына, падхапіла і панесла. Пра тое, каб павярнуць да берага ці звярнуць убок, не было чаго нават і думаць. Усё, што я мог зрабіць, гэта трымацца каля самага краю цячэння і старацца не трапіць у сярэдзіну.