Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Путешествия и география » Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза
Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза

Электронная книга - «Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза». Краткое содержание книги:

Сусветную вядомасць Даніэлю Дэфо прынёс раман «Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза». Тэма «рабінзанады» як спроба стварэння асноў матэрыяльнай і духоўнай культуры ў адрыве ад цывілізацыі стала вельмі папулярная і выклікала ў далейшым шмат наследаванняў.
1 ... 29 30 31 32 33 34 35 36 37 ... 79
Перейти на страницу:

Нарэшце мне прыйшло ў галаву: а ці не паспрабаваць мне самому зрабіць лодку або, яшчэ лепш, пірогу, накшталт тых, якія робяць у тутэйшых шырынях туземцы?

«Каб зрабіць пірогу, — разважаў я, — не патрэбна амаль ніякіх прылад, таму што яе выдоўбваюць з суцэльнага ствала дрэва; такую работу адолее і адзін чалавек».

Адным словам, зрабіць пірогу, здавалася мне, не толькі магчыма, але нават і вельмі лёгка, і думка пра гэту работу была для мяне вельмі прыемная. З вялікім задавальненнем думаў я пра тое, што мне будзе лягчэй нават чым дзікунам справіцца з гэтай справай.

Я не задаваў сабе пытання, як я спушчу сваю пірогу на ваду, калі яна будзе гатова, а між тым гэта перашкода была куды больш істотная, чым недахоп інструмента.

Я з такім захапленнем марыў пра маё будучае падарожжа, што ні на секунду не спыняўся на гэтым пытанні, хоць было зусім відавочна, што куды лягчэй правесці лодку сорак пяць міляў морам, чым цягнуць яе сорак пяць ярдаў па зямлі, якая аддзяляе яе ад мора.

Адным словам, у гэтай гісторыі з пірогай я паводзіў сябе такім дзіваком, якога толькі можа разыграць чалавек пры поўным розуме.

Я цешыўся сваёй выдумкай, нават не паспрабаваўшы ўзважыць, а ці хопіць у мяне сілы, каб здзейсніць яе.

Нельга сказаць, каб думка пра спуск пірогі на ваду не прыходзіла мне ў галаву — не, яна прыходзіла, але я не даваў ёй ходу, заглушаючы яе кожны раз недарэчным довадам: «Спачатку зробім лодку, а там падумаем ужо, як яе спусціць. Не можа быць, каб я нічога не прыдумаў!»

Вядома ж, усё гэта было вар'яцтва! Але мая распаленая мара аказалася мацней за ўсякія развагі, і я, доўга не думаючы, узяўся за сякеру. Я ссек цудоўны кедр, які меў пяць футаў дзесяць дзюймаў у папярэчніку ўнізе ля камля, а ўверсе, на вышыні дваццаці двух футаў, — чатыры футы адзінаццаць дзюймаў; затым ствол паступова танчэў і, нарэшце, разгаліноўваўся.

Можна ўявіць сабе, як лёгка было мне зваліць гэта велізарнае дрэва!

Дваццаць дзён я сек толькі адзін ствол, заходзячы то з аднаго, то з другога боку, ды яшчэ чатырнаццаць дзён мне спатрэбілася, каб ацерабіць галіны. Цэлы месяц часаў я сваю калоду, намагаючыся вычасаць хоць нешта падобнае на кіль, таму што без кіля пірога не здолела б трымацца на вадзе прама. А тры месяцы пайшло яшчэ на тое, каб выдаўбаць яе знутры. На гэты раз я абышоўся без агню: усю гэту непамерную работу я зрабіў малатком і долатам. Нарэшце ў мяне атрымалася цудоўная пірога, якая смела магла падняць чалавек дваццаць пяць, а гэта значыць і мяне з усім маім грузам.

Я быў у захапленні ад цуда свае працы: ніколі ў жыцці я не бачыў такое вялікай лодкі з цэлага дрэва. Затое ж і каштавала яна мне дорага! Колькі разоў давялося мне, знемагаючы ад стомы, прыкласціся да гэтага дрэва сякерай!

Аднак, як бы там ні было, палова справы была зроблена. Заставалася толькі спусціць лодку на ваду, і я не сумняваюся, што, калі б гэта мне ўдалося, я накіраваўся б у самае вар'яцкае і самае адчайнае з усіх марскіх падарожжаў, якія калі-небудзь распачыналіся на зямным шары. Але ўсе мае намаганні спусціць яе на ваду аказаліся марныя: мая пірога засталася там, дзе была!

Ад лесу, дзе я збудаваў сваю лодку, да вады было не больш за сто ярдаў, але лес стаяў у катлавіне, а бераг быў высокі, абрывісты. Гэта была першая перашкода.

Праўда, я адважна вырашыў яе знішчыць: трэба было зняць усю лішнюю зямлю такім чынам, каб ад лесу да берага ўтварыўся пакаты нахіл. Страшна ўспомніць, колькі сілы ўклаў я ў гэту працу, але хто пашкадуе свае апошнія сілы, калі гаворка ідзе пра тое, каб дабіцца волі!

Такім чынам першая перашкода была знішчана: дарога для лодкі гатова. Але гэта не дало вынікаў: колькі я ні біўся, я не мог зрушыць з месца маю пірогу, як раней не мог зрушыць карабельную шлюпку.

Тады я змераў адлегласць, якая аддзяляла пірогу ад мора, і вырашыў выкапаць канал: калі нельга было правесці лодку да вады, тады заставалася ваду прывесці да лодкі. І я пачаў быў ужо капаць, але калі прыкінуў у думках патрэбную глыбіню і шырыню маючага быць канала, калі падлічыў, за які прыкладна час здолее зрабіць такую работу адзін чалавек, то выявілася, што, каб давесці яе да канца, мне спатрэбіцца не меней дзесяці — дванаццаці год.

Нічога не зробіш, сціснуўшы зубы, давялося адмовіцца і ад гэтай задумы.

1 ... 29 30 31 32 33 34 35 36 37 ... 79
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)