Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 9789857089598
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1». Краткое содержание книги:
Дзясяты том склалі аўтабіяграфічныя дыялогі з А. Адамовічам «Маладыя гады» (1985, 2001), а таксама выбраная публіцыстыка 1957–1980 гг.: артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні.
А. А.: На ваша шчасце.
В. Б.: Так. Далажыў парторгу, той пабег дакладваць камандзіру палка. Разумны чалавек быў наш палкоўнік Парамонаў, вылаяўся і махнуў рукой. Бо што тут можна зрабіць? І хто вінаваты? Пакуль мы мітусіліся, танкі прайшлі на пераправу і за пераправу. А нас тым часам з вышынь за каналам пачалі абстрэльваць свае цяжкія мінамёты. Мабыць, бачаць, што сноўдаюць нейкія людзі, во яны і б’юць, толькі чарапіца з дахаў разлятаецца. Тут мяне кліча камандзір палка і, паколькі я праштрафіўся, дае заданне перабрацца за канал і наладзіць сувязь з тымі мінамётчыкамі. Для таго выдзяляе мне чалавек пяць артылерыстаў, нейкіх прыблудных сапёраў і нашага батарэйнага старшыну Жарава. Што ж, сабралася група чалавек дванаццаць, прыгнуўшыся, пабеглі па полі. Але далёка не адбегліся, гляджу — нічога не выйдзе, тыя, з-за канала, адразу накрылі нас агнём. Заляглі, што рабіць? Двух ужо параніла, некага забіла. Старшыне асколак у задняе месца ўпіўся. А да канала яшчэ ісці ды ісці…
А. А.: Яны рашылі, што вы наступаеце.
В. Б.: Яны, канешне, падумалі, што гэта немцы. Ну, і вырашыў я вярнуцца. Забралі двух параненых, забітых пакінулі і ўсё пад агнём, між разрываў прыйшлі на фальварак. Камандзір палка нават не лаяўся, сам усё бачыў. Праўда, мінамёты неўзабаве перанеслі агонь далей, рашылі, мабыць, што з фальваркам скончана. А мы тут неяк даседзелі да ночы. Ноччу рашылі прарывацца, бо іншага выйсця няма. Паслалі лейтэнанта Борматава (цяпер палкоўнік, жыве ў Крывым Розе) разведаць пераправу — ці цэлая. Ці, можа, мінамётчыкі яе ўжо расстралялі. Аказалася, пераправа цэлая, канешне, пад аховай (побач стаяць два бронетранспарцёры), і пад’езд да яе нават перагароджаны шлагбаўмам. У нас адна гармата, машына з радыёстанцыяй, яшчэ машын штук пяць было на хаду. Першым пусцілі мой «студэбекер», затым астатнія. Задача — збіць шлагбаўм і праскочыць на той бок канала. Але і на тым беразе таксама немцы, ужо паспелі заняць плацдарм. Чуваць, там ідзе бой, усё грукоча і грыміць. Мы з камбатам стаім на падножках абапал кабіны, у кузаве салдаты са зброяй напагатове. У прыцемках пад’ехалі да шлагбаўма, насустрач выскачыў немец з кружком чырвоным, бліснуў нам, штось крыкнуў. Ну а мы… «Студэбекер» усё ж магутная машына, як урэзаў ён у гэты шлагбаўм, той і адляцеў. Мы праскочылі…
А. А.: Не страляючы?
В. Б.: Мы праскочылі без стрэлаў, цераз пантоны на той бок, а там адразу каменны дом і паваротка на вуліцу. А ззаду пачалася страляніна, але мы па гэтай вуліцы рванулі, як толькі можна было ўпрыцемках. Здаецца, усе праскочылі, толькі самую заднюю падбілі. Адразу за паселішчам прыпыніліся, бо нас абстралялі ўжо свае, паранілі двух салдат у кузаве і прабілі кола ў маім «студэбекеры». Тут жа паявілася начальства, і мы занялі абарону пад вышынямі. У пяхотным ланцугу паставілі гармату. Мабыць, з тыдзень ішлі баі за тыя вышыні, але танкі далей не пайшлі. Мабыць, сваю задачу яны выканалі, паехалі на іншы ўчастак. А тут калашмаціла адна адну пяхота, вышыні па некалькі разоў пераходзілі з рук у рукі. Я з гарматай акапаўся пад самай вышынёй, тое нас, мабыць, і ўратавала. Бо тых, што былі ззаду, немцы расстрэльвалі з вышынь, а нас пад носам не бачылі. Там у нас загінуў падпалкоўнік Аўчароў, капітан Кавалёў, двое ўзводных і шмат салдат. Аднойчы пяхота ўцякла, пакінула маю гармату, якую мы не маглі выкаціць. Але абышлося — уратаваў туман. А ўвогуле маю гармату ратавала нашая самаходка, што згарэла ў першы дзень і прыкрыла сабой нас з боку канала, адкуль наш плацдарм прастрэльвалі нямецкія танкі. Яшчэ нас бамбілі свае «кукурузнікі» — жаночы авіяполк. Кожную ноч вешалі ў небе свае ліхтары і пачыналі кідаць бомбы. Добра, што яны не цалялі, проста разгружаліся… У перапынках паміж бамбёжкамі прыходзіў нампаліт маёр Цквітарыя, тлумачыў нам загады Вярхоўнага галоўнакамандуючага, каб ні кроку назад. Як пачыналася бамбардзіроўка, ён кідаўся да ровіка, але быў тоўсты, няспрытны, месца ў цесным ровіку яму не хапала. Тады ён крычаў: я намеснік камандыра палка, прыказываю асвабадыть места… Як ён хутка сыходзіў, на вышыні пачалі працаваць нямецкія «гукаўкі». Праіграўшы «Сценьку Разіна» або «Ямшчыка», яны абрыналі на нас шквал уласаўскай прапаганды накшталт таго, што пад кіраўніцтвам Гітлера пачаўся пералом у вайне, што не сёння-заўтра мы будзем тут канчаткова дабіты, таму трэба ратаваць сваё жыццё, а не паміраць за Сталіна і ягоных жыдоў-камісараў. Але тая прапаганда ўжо ні на каго не дзейнічала, мы ўжо выдатна разумелі, што час Гітлера мінаўся.