Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 9789857089598
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1». Краткое содержание книги:
Дзясяты том склалі аўтабіяграфічныя дыялогі з А. Адамовічам «Маладыя гады» (1985, 2001), а таксама выбраная публіцыстыка 1957–1980 гг.: артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні.
А. А.: Сталі расстрэльваць?
В. Б.: У тым і справа! Яны працуюць агнём.
А. А.: А вы лежыцё тут?
В. Б.: А батальёны ляжаць. Усё бы на далоні, і яны снарад за снарадам ў кожнага байца. Выбіваюць батальён. Мы развярнулі саракапятку акрай дарогі. Але для саракапяткі ўсё ж далекавата. Хоць мы і ў баявых парадках пяхоты, мне нават здавалася, што метраў на паўсотню наперадзе ад яе. Мабыць, яна трохі адбеглася ад танкаў, а мы не паспелі. Але танкі нас не так добра бачылі за дарожнымі прысадамі. Кусцікі рэдзенькія, ды ўсё ж трохі нас прыкрывалі. Мой наводчык распачаў агонь. Памятаю, я ляжаў збоч ад гарматы. (Каб бачыць свой выбух, належала ляжаць збоку. Калі стрэліць гармата, узнімаецца воблака пылу і дыму, і тады нельга згледзець, куды пайшоў снарад. А збоку відаць.) Вось так я ляжу, можа, метраў праз дзесяць збоку і ззаду. Гляджу, стрэл і — міма. Другі раз — таксама міма. Трэці раз стрэліў… Раніца была хмарная, таму траса добра відаць, асабліва бранябойнага-трасіруючага снарада. На гэты раз ён ударыўся аб браню і зрыкашэціў — траса пайшла ў неба. Добра, калі пацэліць у борт або ў гусеніцу. Але паспрабуй за паўкіламетра патрапіць у гусеніцу — тут бы ў танк пацэліць. Не памятаю, колькі мы так зрабілі стрэлаў, дзе ў той гарачцы будзеш што помніць, але нас заўважылі. І калі я, лежачы, махаў рукой, патрабуючы «агонь!», непадалёк выбухнуў першы снарад з танка. І мне якраз у руку асколак. Такі вузкі і востры, засеў між фалангамі пальцаў, з рукі палілася кроў. (Пасля ў санчасці доктар спрабаваў выдзерці яго, ды тое не ўдалося, выдзіралі ў шпіталі.) Я ўзяўся перавязваць сябе і трохі страціў увагу да танкаў, якія, аднак, патроху рухаліся, куды хацелі. Стала патрэбным давярнуць гармату на танк, які нас абстраляў, і калі наводчык зрабіў тое, аказалася, што замінае недалёкі куст… Трэба было камусь яго ссекчы. А тое ўжо пад агнём і зусім без прыкрыцця. Каго паслаць? Наводчык крычыць, трэба прыняць рашэнне. І я прыняў… Тое, можа, дасюль на маім сумленні, але я паслаў таго, з кім у мяне нядаўна здарыўся канфлікт, прыкрая сутычка, калі я хацеў нават застрэліць яго. Бо на вуліцы, дзе ішлі немцы, ён дэмаскіраваў нашу гармату, стрэльнуў у немца. На шчасце, тады неяк абышлося, і цяпер я скамандаваў: Лазук (прозвішча зменена), ссячы куст! Хутка! Ён не адразу і не хутка пайшоў з сякерай і толькі ўзяўся лежачы секчы, як зноў выбухнула — на гэты раз ля таго куста, наперадзе нашай гарматы. Салдат там і застаўся. Наступны снарад яны ўсадзілі пад самы ствол… Я дагэтуль блытаю, разумееш… Іх было двое, маладзенькіх, дужа падобных адзін на аднаго — Сінцоў і Пронін, абодва малодшыя сяржанты, дык цяпер я блытаю — хто з іх быў камандзірам гарматы, а хто наводчыкам. Наводчыка там жа забіла, а камандзіра параніла ў плячо і яшчэ некуды. Яшчэ зараджаючы ацалеў. Гармата перакулілася, завалілася ў варонку, а мы, усе параненыя, па канаве, за кусцікамі падаліся да нашага перадка, на якім ірванулі ў тыл, у санчасць. Там, помніцца, пераначавалі, а назаўтра на аўтамабілі нас адвезлі ў тылавы шпіталь у Сексардзе. Гарадок такі кіламетраў за 60 ад перадавой. Яго мы бралі месяц таму.
Шпіталь месціўся ў тутэйшым гатэлі ў цэнтры гарадка. Здаецца, двухці трохпавярховы будынак. Нумары, як і ўсюды ў гатэлях, маленькія, цесненькія. І набіта ў іх так, што ляжалі па два і па тры чалавекі на ложку. І ў салдацкіх, і ў афіцэрскіх палатах. На гэты раз маім напарнікам аказаўся камандзір стралковай роты, паранены ў твар. Пазіраў на свет ён толькі адным вокам, кармілі яго чайнай лыжачкай, не разнімаючы ягонага рота. Канешне, ужо тут было іншае шпітальнае жыццё, чым ва Украіне. Галоўнае, у мяне былі ногі, і я часта выходзіў у горад. А ў горадзе ішло цікавае жыццё. Увечары працаваў рэстаранчык, дзе вяртлявыя цыганскага выгляду гарсоны налівалі віно — за грошы і так, пад абяцанне заплаціць заўтра. Усюды былі развешаны ружовыя абвесткі з прапановай запісвацца ў Венгерскую кампартыю. За гарадской ускраінай у вінаградніках былі вінныя скляпы, каторыя, канешне ж, разрабавалі нашыя вызваліцелі, і адтуль у горад некалькі дзён цякло па канавах віно. Бы кроў. Мы хадзілі туды з бутлямі і каністрамі і прыносілі ў шпіталь пачастунак. Але на ўваходзе стаяў нампаліт, які адбіраў увесь унёсак, скіроўваў яго ў сталоўку. У сталоўцы выдавалі па шклянцы за абедам. Такая была смешная норма, якую мы ўсё ж мелі магчымасць перакрыць у шматкроць.