Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 9789857089598
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1». Краткое содержание книги:
Дзясяты том склалі аўтабіяграфічныя дыялогі з А. Адамовічам «Маладыя гады» (1985, 2001), а таксама выбраная публіцыстыка 1957–1980 гг.: артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні.
Добрае было жыццё ў шпіталі, але, як і ўсё добрае, хутка скончылася. Якраз пад новы год немцы прарвалі наш фронт, і іх танкавы авангард апынуўся на ўскраінах горада. Ноччу ўсіх нас паднялі, і хто мог хадзіць — пехатой, за паўсотню кіламетраў на пераправу ў Баю.
А. А.: Гэта студзень сорак пятага?
В. Б.: Так. Была завея, валіў снег. Я, яшчэ два лейтэнанты і шпітальная сястрычка Галя адмахалі за ноч тыя кіламетры, выйшлі на бераг Дуная, дзе месціўся гарадок Бая. Там была пераправа. Але на пераправу нас не пусцілі, заградатрад хацеў усіх заарыштаваць найперш за тое, што мы былі без зброі. Як дэзерціры ці тыя, што хочуць здацца ў палон. Але свой штатны «ТТ» пасля ранення я змушаны быў здаць у полк, а «вальтэр» у мяне адабралі ў шпіталі — з аружыем не паложана. Ад заградатрада выбавіла нас Галя, мы пайшлі ніжэй па Дунаю і пераправіліся цераз яго па лёдзе, між шугі і палонак.
А. А.: Гэта не тая Галя, пра якую ты ў «Літаратурцы» пісаў? Як Новы год сустракалі?
В. Б.: Не, гэтая не тая. Тая была параненая, медычка з фронту. А гэта шпітальная сястра, забыўся яе прозвішча. Перайшлі Дунай, пераначавалі ў нейкай хаце — усе ўтраіх на адным ложку. Назаўтра дабрылі да новага шпіталя. Рана мая была лёгкая, там мне выцягнулі асколак, застаўся толькі невялічкі абломак, які ў мяне дагэтуль. Нашу ў руцэ як памяць.
А. А.: Ты чуеш яго?
В. Б.: Закрануты нерв. Дагэтуль не магу гэтай рукой ні ўзяць што мацней, ні сціснуць.
А. А.: Гэта правая рука?
В. Б.: Так.
А. А.: Не можаш сціснуць нічога?
В. Б.: Калі што не цвярдое — магу. А ўжо тронак рыдлёўкі, якую жалязяку сціснуць мне трудна. У тым тылавым шпіталі ў Сегедзе я быў нядоўга, пад канец месяца выпісаўся. На спадарожных машынах скіраваў у аддзел кадраў арміі, дзе атрымаў накіраванне — на гэты раз вышэй, у армейскую супрацьтанкавую брыгаду (ІПТАБР). Там былі 76-міліметровыя гарматы, што мне здаваліся асілкамі пасля мае саракапяткі. Помню, ішлі ў Дунапатай, дзе фарміравалася брыгада, з двума лейтэнантамі — Івановым і Рыжковым. Гэтыя па вайсковай адукацыі (яшчэ даваеннай) належалі да карпусной артылерыі і дужа бедавалі, што іх заслалі цяпер у супрацьтанкавую, дзе ствол доўгі, а жыццё кароткае. Але іх заслалі туды пасля штурмбата, дзе яны адбылі свой тэрмін, бо з’яўляліся акружэнцамі і праседзелі да вызвалення ў Адэсе. Яны, апанураныя, бедавалі, а я радаваўся, бо для мяне тое было падвышэннем. Я вырываўся з пакутніцы-пяхоты.
У лютым полк наш (ІПТАП) сваім ходам выехаў на фронт і заняў пазіцыі — ззаду за пяхотай. То быў супрацьтанкавы абарончы раён (ПТОР) на напрамку верагоднага прарыву нямецкіх танкаў. Тут гэты полк дашчэнту разграмілі за адзін ранак. Амаль нічога не засталося, ні гармат, ні нашых цягачоў — «студэбекераў».
А. А.: Зноў танкі? Адкуль у іх столькі танкаў?
В. Б.: А вось трэба пачытаць успаміны рэйхсміністра па ўзбраенні, былога галоўнага нямецкага архітэктара Альберта Шпеера. Ён там распавядае, як перабудаваў нямецкую вытворчасць на вайсковы лад. У тым ліку і на выпуск танкаў. І танкаў, і самалётаў, і ўсяго іншага ў іх хапала да канца вайны. Што ж да Венгрыі, дык немцы ўсю зіму грамілі там два ўкраінскія франты — Маліноўскага і Талбухіна. Калатнеча была страшэнная, але яна засталася амаль невядомай для шырокай публікі. Толькі цяпер апублікаваныя мемуары нашых маршалаў, і вось нядаўна я прачытаў у Маліноўскага, што абстаноўка ў Венгрыі склалася тады катастрафічная. Немцы разграмілі некалькі нашых армій (асабліва дасталося 3-му Украінскаму фронту Талбухіна), выйшлі да Дуная.
Мяркуючы па ўсім, і Сталін не ведаў, як ратаваць фронт, і даў права Маліноўскаму і Талбухіну вырашыць, пакідаць фронт на правым беразе ці эвакуіраваць яго на левы бераг. А ведаеш, што такое — эвакуіраваць фронт? Гэта ж маса войска, тэхнікі, зноў жа тылы. А пераправы былі ўсяго дзве — пантонныя цераз Дунай. І Маліноўскі піша, што мы прынялі рашэнне эвакуіраваць, каб выратаваць фронт. Але ў тыя дні якраз пайшоў лёд па Дунаі, шуга, якія і знеслі абедзве наплаўныя пераправы. Такім чынам фронт павінны быў ратаваць сябе сам. Там шмат загінула, а мы ўратаваліся. З ранейшай маёй дывізіі мала каго засталося. Зараз наладжваюць сустрэчы франтавікоў, і я кожны раз пытаюся, хто ёсць з 924-га палка? Некалькі тылавікоў, доктар з санчасці ды тыя, хто, як я, выбыў па раненні ў снежні.
І вось я ваюю ў артылерыйскім, супрацьтанкавым палку. Але тут аказваецца, што нашыя 76-міліметровыя гарматы супраць танкаў малаэфектыўныя.