Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі
- Автор: Песецкий Сергей Михайлович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: VivaFutura
- ISBN: 985-6056-37-0
- Переводчик: Александр Островцов
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі». Краткое содержание книги:
Першы: агентка гэта падтрымлівала сталыя сувязі з камуністамі і расійскай арміяй. Напрыклад, вельмі сябравала і аказвала вялікія паслугі слыннаму камуністу і герою Чырвонай Арміі, лейтэнанту Зубаву. Другі: сабраную інфармацыю яна пераказвала для ўжывання разведкай і контрразведкай НКВД праз маёра з Камендатуры горада Вільня Паўла Сліннікава.
Пераканаўча прашу аб яе арышце і абясшкоджанні. А калі будзе адмаўляцца ад сваёй подлай контргітлераўскай работы, прашу прыціснуць належным чынам і тады дакладна прызнаецца ў сувязі з вышэйузгаданымі камуністамі-сталінцамі.
Заўважу, дадзеная асоба можа быць вельмі небяспечнай для геройскай Нямецкай Арміі і для яе вялікага ПРАВАДЫРА, Адольфа Гітлера.
Зычлівы грамадзянін і прыхільнік непераможнай Нямецкай Арміі, а таксама яе вялікага ПРАВАДЫРА І БАЦЬКІ нямецкага народу, Адольфа Гітлера”.
Указаў я дакладны адрас, а таксама імя і прозвішча Іркі і падпісаў адрас на канверце:
ЦАЛКАМ САКРЭТНА
Ва ўласныя рукі начальніка
Акруговага ГЕСТАПА
ВІЛЬНЯ
Плошча Лукішкі.
Наступным разам, калі я быў у мястэчку, дык укінуў гэтае пісьмо ў паштовую скрынку і супакоіўся. Цяпер я ўпэўнены, што Ірку напаткае заслужанае пакаранне за подлае патаптанне ідэйнага камсамольца і шляхетнага афіцэра Чырвонай Арміі. Вельмі гэта прыемнае самапачуццё.
Ёсць яшчэ адна карысць ад даслання таго пісьма. У выпадку калі немцы мяне калі-небудзь злапаюць, дык я здолею адразу засведчыць, што з’яўляюся іхнім сябрам і нават аказаў паслугу для гестапа, дэканспіруючы ворагаў нямецкага народу. Акрамя таго пакажу, дзе пані Юзэфа хавае радыё, з дапамогай якога слухае загранічныя антыгітлераўскія станцыі. Такім чынам я вельмі добра і мудра засцярогся на выпадак уласнага арышту. Таму пачуваюся цяпер у большай бяспецы. Вельмі я, аднак, мудры чалавек і ад гэтага мне вельмі шанцуе. Так, розуму мне не бракуе.
У Малугаў я быў ужо некалькі разоў. Хутка пасля першага знаёмства пайшоў да іх ізноў. Было гэта ў нядзелю ўвечары. Натуральна, што я апрануўся выдатна. Пані Юзэфа мне належным чынам гальштук завязала, і выглядаў я вельмі высокай асобай. “Амегу” на руку так прыладзіў, каб яе ўвесь час было бачна.
Прыйшоў я да іх. Ужо на двары пачуў, што дзеўкі песні спяваюць. Аднак не нашы, а ўсё на польскай, фашысцкай мове. Увайшоў я ў дом і вельмі сардэчна павітаў усіх. Адразу пачаліся размовы і розныя жарты. Найбольш весяліўся малодшы сын Малугі, Андрэй. Мне гэта не вельмі падабалася, але я рабіў выгляд, што ягоныя жарты і мяне забаўляюць. У адзін момант ён у мяне спытаўся, ці хадзіў я ў школу. Я сказаў, што хадзіў і вельмі добра вучыўся. Тады ён кажа мне:
– Калі хадзіў у школу, тады скажы мне, колькі будзе 7 разоў па 8?
– 56, – адказаў я адразу, увогуле не задумваючыся. Хай пераканаюцца, якая вялікая ў Савецкім Саюзе навука і культура.
– Добра, – прамовіў ён. – А які найвялікшы горад у свеце?
Я адказаў:
– Масква.
А ён запярэчыў і сцвярджаў, што Лондан. А пасля Лондана – Нью-Йорк… Вось найлепшы доказ таго, як здолела яго затлуміць і асляпіць англа-амерыканская прапаганда і рэклама. Але нічога, размаўлялі і бавіліся далей.
Пазней стары Малуга пачаў мне аб Амерыцы распавядаць. Аказалася, што ён 15 гадоў там жыў і працаваў на заводзе Форда ў Дэтройце. А потым вярнуўся з сабранымі грашыма і купіў сабе гаспадарку. Тады я спытаўся ў яго па-дзелавому, калі яму так добра там жылося, што нават мог шмат грошай адкладаць, каб гаспадарку купіць, дык чаму не застаўся там назаўсёды. Але ён мне адказаў, што вельмі занудзіўся па сваім краі і сваіх людзях. Таму і не застаўся там, хаця жыў і зарабляў вельмі добра.
Зацікавіла мяне тая Амерыка, таму я спытаўся, ці моцна над ім там здзекваліся і як білі, каб вялікія нормы з яго выціскаць. А ён адказаў:
– Я не ведаю ніводнага такога выпадку, каб там хтосьці рабочага ўдарыў. Рабочы там вельмі шануецца і мае вялікія правы.
– Ну тады голаду, мусіць, ты там нацярпеўся?
– Голаду? – стары рассмяяўся. – Аб голадзе і гаворкі няма. Еў я шмат і смачна. Нічога мне там не бракавала.
Зацікавіла мяне іншая праблема, таму я спытаўся ў яго:
– А як там паступаюць з тымі рабочымі, якія на працу спазняюцца?… Ці іх так, як у нас, на першы раз на тры месяцы ў турму садзяць, і толькі пасля другога разу канчаткова ў лагер высылаюць, ці адразу забіваюць?
Але стары адказаў мне на гэта ўхіліста:
– Тваё пытанне нават дурным мне здаецца. Па-першае, там ніякіх лагераў няма. А наступнае: на работу, калі няма жадання, можаш увогуле не прыходзіць. І працаваць можаш дзе хочаш. Натуральна, на працу трэба своечасова прыходзіць, каб быў парадак.
– Добра, – кажу я. – А калі хто далёка ад завода жыве, бо ў Амерыцы людзей шмат і не кожны можа побач жыць. Таму часам здарыцца яму спазніцца…
– Я – сказаў стары, – жыў у 25 кіламетрах ад завода, на якім працаваў, і ніколі не спазняўся. Будзільнік заўсёды ў час мяне будзіў, а гаспадыня, у якой я пакой здымаў, заўсёды мне сняданак у час гатавала. Таму з гэтым клопату ніколі не было.
Бачу я, што ён мяне зразумець не можа, таму тлумачу яму, як малому дзіцяці:
– Добра, жыў ты ў 25 кіламетрах ад завода. Таму толькі на дарогу да працы мусіў найменей як чатыры з паловай гадзіны траціць. А калі, напрыклад, вялікі снег дарогі заваліў, альбо пасля дажджу моцная твань утварылася, дык мог на гадзінку і спазніцца.
Ён рассмяяўся і сказаў:
– Балота там няма, бо ўсе дарогі заасфальтаваныя. А калі снег прайшоў, дык яго адразу спецыяльныя аўтамабілі з дарог зграбаюць. А 25 кіламетраў да працы я хадзіць не мусіў, бо ездзіў заўсёды. Увогуле там ніхто на вялікія адлегласці пешшу не ходзіць.
– Значыцца, мусілі штодзённа пропускі на праезд у амерыканскім НКВД браць!
– Ніхто ў Амерыцы пропуск на язду не патрабуе, і ніякага НКВД там няма. Хто хоча ехаць, той купляе білет і ўсё. А тыя, хто часта ездзіць, купляюць танныя сезонныя білеты.
– Ну добра, – гавару я, – а калі вагоны перапоўненыя і нават на даху месца няма, і з-за гэтага здарыцца спазніцца, а завод з-за таго панясе страты. Няўжо такіх асобаў у Амерыцы не караюць, а толькі цалуюць?
А ён кажа:
– Цяжка мне з табой размаўляць. У Амерыцы ніхто на дахах не ездзіць. Там усё падлічана і роўна столькі паяздоў альбо аўтобусаў курсуе, каб у кожнага было месца. Але я на працу на ўласным аўтамабілі ездзіў.
– На ўласным аўтамабілі!!!
– Так. Чаго ты здзіўляешся? Я там за ўвесь час два аўтамабілі меў. Першы прадаў, калі стары стаў, і новай канструкцыі купіў.
– А дзе ты грошы на пакупку аўтамабіля ўзяў?
– Як гэта, дзе?… Зарабіў.
– Каб набыць аўтамабіль?!
– Я яго не адразу купіў. Узяў у фірме задатак, а потым адпрацаваў у тэрмін. Першы аўтамабіль сплаціў за два гады. А на другі меў больш грошай і за год часу сплаціў. Зрэшты, там не толькі рабочыя, якія далёка ад працы жывуць, свае аўтамабілі маюць, але і тыя, хто блізка ад працы жыве. Толькі той аўтамабіль не купляе, хто не мае дзе гараж збудаваць альбо заарандаваць. А некаторыя проста не хочуць мець з ім клопату. На нашым заводзе вельмі мала было працаўнікоў, якія не мелі ўласных аўтамабіляў.
Паглядзеў я на яго – хацеў давесці што-небудзь да ягонага слыху. Але прамаўчаў. Толькі зразумеў з таго моманту, хто ён ёсць насамрэч і адкуль паходзяць і тыя фіранкі на вокнах, і добрыя боты на ўсіх! Адразу ўсё гэта мне зрабілася ясным. Гэтым, уласна, аўтамабілем ён сябе і выкрыў! Бо каб сказаў, што нейкі там рабочы, стаханавец, працаваў у Амерыцы шмат гадоў і да веласіпеда дакараскаўся, дык, можа, я яму і паверыў бы. Але аўтамабіль!… Мяне нават смех узяў, як уявіў сабе рабочага, які сядзіць ва ўласным аўтамабілі. Гэта непрыстойна нават!
Так, моцная, аднак, тая амерыканская прапаганда, калі нават тут здолела сваіх агентаў размясціць і блытаніну ў галовах распаўсюдзіць!… Каб я такое ў нас ад яго пачуў, дык ведаў бы, як паступіць з такім тыпам. А тут павінен заткнуцца і болей ні пра што не пытаццца. Бо мне нават страшна зрабілася. Гэта ж подлая нячэснасць, якая не мае межаў!