Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі
- Автор: Песецкий Сергей Михайлович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: VivaFutura
- ISBN: 985-6056-37-0
- Переводчик: Александр Островцов
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі». Краткое содержание книги:
– Хто там?
Я адказаў:
– Рабочы ад пані Юзэфы з Буркоў. Каня вам прывеў і соль прывёз. Цыдулка таксама ёсць для гаспадара.
Мужчына той сабак адагнаў і павёў каня на стайню.
– Пачакай тут хвілінку, – папрасіў мяне.
Вярнуўся ён адразу і пайшлі мы ў хату. Я з усімі павітаўся і цыдулку з кішэні дастаў.
– Не ведаю, каму гэта аддаць, – кажу.
– Вядома, мне, – сказаў старэйшы, зусім ужо сівы мужчына. – Я тут гаспадар.
Даў я яму цыдулку і хату разглядаю. Вельмі дзіўным мне падалося ўсё, што ў іх убачыў. Пад столлю вялікая газніца гарэла. На сценах шмат розных карцін вісела і гадзіннік у шкляным футарале. На вокнах шмат кветак ў гаршках і белыя добрыя фіранкі. Папросту дзіва мяне ўзяло і не мог я сам сабе паверыць, што тут звычайныя мужыкі жывуць. Але самае дзіўнае было тое, што ўсе добра апранутыя і абутыя. Кабеты ў чаравіках, а мужчыны ў ботах з халявамі. Узяло мяне вялікае падазрэнне. Падумаў нават, што тут нейкія капіталісты хаваюцца і прыкідваюцца мужыкамі.
Стары цыдулку прачытаў і схаваў яе ў шуфляду ў стале. Потым да мяне звярнуўся:
– Ты адкуль будзеш?
Дык я яму паведаміў так, як у паперах было запісана.
– З Дакудава. Лідскага павету.
А ён гаворыць:
– Ты гэта паліцыі будзеш балакаць альбо немцам. А я па тваёй гаворцы ведаю, адкуль ты. І не толькі па гаворцы, але і па ўсіх тваіх манерах. Ад нас табе няма чаго хавацца. Мы не такія людзі, каб чалавека ў няшчасці пераследваць альбо ўладам даносіць.
Тады я гавару:
– Ад войска я адстаў. А сам – з Расіі.
– Ну дык што ж, – мовіў стары. – Я Расію добра ведаю. За царом дык я яе ўздоўж і ўпоперак прайшоў. Яшчэ калі малады быў. Тады можна было па ўсёй Расіі свабодна ездзіць. А па-руску я не горш чым па-польску размаўляю.
Бачна, што сапраўды па-руску добра гаворыць. Так чыста і гладка, як палітрук, а не звычайны мужык. Расказаў я яму праўду, што паходжу з маскоўскай акругі і што маю ў Маскве брата, які працуе рабочым на мэблевай фабрыцы. Аб тым, што сам я афіцэр і камсамолец, а брат – начальнік складу матэрыялаў, нават не ўзгадваў. Размаўляў я з ім і па хаце азіраўся. Акрамя нас, там было яшчэ двое маладых мужчынаў і дзве дзеўкі. Аказалася, што гэта ўсё – дзеці Малугі. Адна дзеўка на кроснах ткала. А другая часта на чорную палову хаты на кухню хадзіла. Вячэру гатавала.
Хутка пасля яны селі за стол і мяне запрасілі. Я адмаўляўся. Сказаў, што дома павячэраю. Але стары і слухаць не захацеў:
– Дома, – сказаў ён, – яшчэ раз паясі. А ад нас галодны не выйдзеш, бо інакш потым абгаворваць пачнеш, быццам палякі такі народ, што галоднага з дому выганяюць. А ты ў нас як госць. Таму сядай і еш!
Сеў я да стала. Стары гучна малітву прачытаў. Усе перахрысціліся. І я таксама. Потым пачалі есці. І аказалася, што гэтыя мужыкі не горш ядуць за маю памешчыцу. Дзіўныя рэчы! Бо ад пані Юзэфы я потым даведаўся, што яны – звычайныя сяляне. І нават не з заможных кулакоў, бо сям’я з шасці асобаў, а зямлі, не вельмі добрай, усяго 15 гектараў.
Вельмі мне дзеўкі спадабаліся. Вялікія, пунсовыя, добра і чыста апранутыя. А трымаюцца так, быццам яны – дочкі нейкага важнага буржуя. Ніводная з іх пальцамі ў носе не калупалася і не чухалася ад свярбення. Нават не лаяліся і на надвор’е не плявузгалі. Проста цуд!
Пасля вячэры я сабраўся дадому. Вельмі далікатна падзякаваў за прыём. Стары ж мне сказаў:
– Табе там на фальварку зусім нудна. Дык ты прыходзь да нас. Удзень мы часу не маем, бо працуем. Лепш за ўсё ўвечары ў суботу альбо ў нядзелю. Так што прыходзь, бо здзічэеш тут без людзей. Мне і пані Юзэфа казала, што табе ў яе сумна адному.
Развітаўся я з Малугамі і пайшоў дадому. Усю дарогу разважаў над тым, як добра польскія мужыкі жывуць. З гэтага вынікае, што і без калгасаў можна добра даць сабе рады. Але як да такіх багаццяў даходзіць, дык зразумець таго не магу… Ні трактароў у іх няма, ні розных інструктараў, ні дзяржаўнага планавання, ні кіраўнікоў, а так добра ўсё ў іх атрымліваецца!… Вырашыў я, што сапраўды трэба часцей да Малугаў хадзіць, каб добра да ўсяго прыгледзецца. А акрамя таго дзеўкі мне вельмі спадабаліся.
З таго, што ўбачыў дагэтуль, я зразумеў, што польскія мужыкі зусім інакш жылі, чым нам аб тым апавядалі. Дзе ты знойдзеш у Расіі мужыка, які б меў гадзіннік? А ў гэтых гадзіннікі – звыклая рэч. Сытыя таксама ўсе, добра апранутыя. І ніхто іх не б’е, не прадае, не трымае ў вязніцах. Нават наша памешчыца вымушаная ў мужыка каня пазычаць. Толькі адну вялікую загану маюць, што ўсе палякі і што ў Бога вераць. І тое яшчэ блага, што ў калгасы не аб’ядноўваюцца, але кожны сам для сябе працуе.
Прыйшоў я дадому. Пані Юзэфа ўжо павячэрала, а для мяне ў духоўцы пакінула. Спыталася ў мяне:
– Як табе ў Малугаў спадабалася?
– Вельмі добрыя людзі, – адказаў я, – і вельмі раскошна жывуць.
А пані Юзэфа запярэчыла:
– Дзе ж там “раскошна”? Гэта бедная гаспадарка. Ні лесу не маюць, ні поплаву. Годна трымаюцца і добра працуюць. Таму і бяды ў іх няма… А здабытак на гарэлку не марнуюць. Бо гэта – найгоршае.
Сказаў я ёй, што Малугі запрасілі мяне прыходзіць да іх вечарамі ў суботу альбо ў нядзелю.
– Вельмі добра, – сказала пані Юзэфа. – Можа, якая дзеўка ўпадабае цябе, а ты – яе, дык ажэнішся і застанешся тут назаўсёды. Навошта табе ў Расію вяртацца і ў калгасе невядома на каго ўсё жыццё працаваць, галадаць і нічога свайго не мець? Тут будзеш сам сабе гаспадаром… Як надыдуць лепшыя часы, дык і я табе дапамагу. А зараз, як сам бачыш, няма чым. Вашыя ўлады мой маёнтак цалкам знішчылі, а сям’ю па свеце раскідалі. Вось жыву абы-як, абы толькі да лепшых часоў ператрываць. І ўсе тут так жывуць.
Пайшоў я спаць, але доўга не мог заснуць. Усё думаў аб тутэйшым жыцці. Зусім усё інакш выглядала, чым нам апавядалі. А пры гэтым усе наракаюць і кажуць, што гэта благія часы і жывуць абы-як. Як жа яны перад вайной жылі?
Раней я свой гадзіннік у адрыне хаваў, каб не выкрыцца, што не салдатам звычайным быў, а заможным афіцэрам. Але зараз, калі ўбачыў, што тут нават мужыкі гадзіннікі маюць, дык я сваю “Амегу” дастаў са схованкі і зноў на руцэ пачаў насіць. Гэта дадало мне павагі і значнасці. Вось.
3 красавіка 1942 года.
Фальварак Буркі.
Два месяцы таму я пісаў, што вырашыў больш ніколі ў мястэчка не ездзіць. Аднак пазней асмялеў і ўжо некалькі разоў там быў. Першы раз пані Юзэфа мяне ўгаварыла, бо хацела мне некалькі кашуль з каўнерыкамі і гальштук купіць, каб я мог, прыгожа апрануты, да суседзяў у адведзіны пайсці. Купілі тры добрыя кашулі, два гальштукі і капялюш з шырокімі берагамі. Як прыбраўся я назаўтра ўвечары ва ўсё гэта і паглядзеўся ў люстэрка, дык самога сябе пазнаць не мог. Выглядаў, як кінаактор. Але ніяк не магу навучыцца гальштукі завязваць, і пані Юзэфа мне ўвесь час дапамагае.
Цяпер мы маем уласнага каня і ў суседзяў, каб гандляваць паехаць, больш не пазычаем. Конь, што праўда, кепскі, бо на добрага трэба шмат грошай. Але ў нашай гаспадарцы і гэты вельмі прыдасца. Заўсёды прыемней уласным канём у мястэчка паехаць, чым у нейкага хама пазычаць. Гэта нават і не выпадае, бо я не мужык, а лепшы элемент.
Нядаўна я выканаў адну вельмі прыгожую справу. Пакараў належным чынам Ірку за яе подлы характар, за зруйнаванне маёй маёмасці ну і за расчараванне ў каханні. Я даўно разважаў, што зрабіць гэтай буржуйскай гадзіне за ашуканства мяне, ганаровага афіцэра і камсамольца? Потым зразумеў, што ўласна цяпер і з’явілася добрая магчымасць Ірку пакараць. Вось купіў я ў мястэчку паштовую марку, паперу для пісання і канверт, і дома, калі пані Юзэфа не бачыла, такое вось пісьмо ў гестапа склаў:
“Вельмі Шаноўная Установа!
Маю гонар паведаміць Вам, што ў Вільні жыве вядомая камуністка і агентка бальшавіцкага НКВД, якая падтрымлівала сувязь з савецкімі афіцэрамі і працавала на вайсковую разведку.
Пераканаўча прашу абясшкодзіць гэту подлую і хітрую агентку праз яе расстрэл альбо высылку ў лагер прымусовай працы, дзе павінна здохнуць, каб не магла шкодзіць гітлераўскай арміі.
У якасці доказу яе злачыннай, контрфашысцкай дзейнасці падаю наступныя факты: