Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі
- Автор: Песецкий Сергей Михайлович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: VivaFutura
- ISBN: 985-6056-37-0
- Переводчик: Александр Островцов
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі». Краткое содержание книги:
Аднойчы яна мне сказала:
– Ведаеш што, Янка, паколькі ты хрысціянін, варта табе вывучыць хаця б адну малітву. Ёсць прыгожая малітва: Ойча наш. Пакінуў яе для нас сам Хрыстос. Калі ты пажадаеш і будзеш у стане, яна ўкажа табе ўсе тыя дарогі, якімі чалавек павінен кіравацца ў жыцці, асвеціць іх. Я навучу цябе гэтай малітве. А ты яе, для дабра сваёй душы, хоць раз у дзень прачытай, каб табе ў жыцці лепей вялося і каб зразумеў, што маеш у сабе несмяротную душу, а не пустку, якую бальшавікі запоўнілі злосцю і нянавісцю да людзей.
Вось пачала яна мяне гэтай малітве вучыць. А я мусіў на тое згадзіцца. Бо як жа не згадзіцца?… Ведаў, праўда, што і без гэтага яна б мяне не выгнала і дапамогі сваёй не пазбавіла. Але – падумаў я сабе – лепей гэтую справу ўлагодзіць палітычна. Тая яе малітва на шыі ў мяне вісець не будзе. Зрэшты, можа, нават калі мне і прыдасца. Зноў жа і пані Юзэфа яшчэ дабрэйшая да мяне будзе.
Не вельмі тая навука мне ішла спачатку. Цяжка было словы запомніць. Але праз некалькі дзён я ведаў усю малітву і разам з пані Юзэфай яе ўвечары прамаўляў. А яшчэ яна мяне хрысціцца навучыла.
Як тое маленне ў мяне пачалося, дык я зусім гумор страціў і шанаваць сябе перастаў. “Вось, – разважаў я, – як страшна апусціўся! Сам тыя рэлігійныя забабоны, якія заўсёды высмейваў, адпраўляць пачаў! Да чаго ж я, ідэйны камсамолец, крыштальна чэсны чалавек, дайшоў! Як нізка ўпаў! А ўсё з-за праклятай Германіі і з-за Гітлера!”
Але аднаго разу пачаў я над той малітвай задумвацца. І раптам усё зразумеў і вельмі ўсцешыўся. Гэта ж наша малітва – бальшавіцкая. Можна нават сказаць, што цалкам камуністычная. “Ойча наш…” Хто гэта?… Зразумела, што ЁН!… Заўсёды БАЦЬКАМ мы ЯГО называлі. “Святое імя тваё! Хай будзе воля твая!” Натуральна, што так. У любым выпадку да гэтага заўсёды імкнуліся. І – калі ўсё добра скончыцца – далей імкнуцца будзем. І з тым “хлебам штодзённым” таксама цалкам слушна. Бо толькі ад Яго, таварыша Сталіна, наш хлеб і жыццё залежалі. І з тымі “правіннасцямі нашымі” таксама рацыя! Трэба заўсёды правіннасці тыя ў сабе і навокал вышукваць і ўладам аб іх своечасова даносіць. Толькі з тым “небам” не вельмі згаджаўся. Але пазней дадумаўся, што гэта ўсяго толькі ў пераносным і агульным сэнсе акрэслена месцазнаходжанне Сонейка нашага. Таму замяніў я словы “каторы на небе” словамі: “каторы ў Крамлі”. Нават пра Гітлера ў той малітве ўзгадана: “Але пазбаў нас ад благога”… Гэта значыць ад той падлюгі германскай.
Калі я зразумеў усё гэта, дык вельмі ўсцешыўся і нават сам пані Юзэфе аб малітве нагадваў. Толькі словы “ў небе” замяняў у думках словамі “ў Крамлі”. І такім чынам нават вельмі ладна ў нас ішло. Яна сваё, а я – сваё. І абодва задаволеныя. А бацька Сталін не ўгнявіцца, што ўголас замест “у Крамлі” я казаў “на небе”. Думаў жа інакш. Вось.
Я нават сам час ад часу гэтую малітву прамаўляў і ў хуткім часе падабраў да яе рэвалюцыйную мелодыю і пачаў яе спяваць. Цяпер я вельмі ўдзячны пані Юзэфе, бо яна дакладна мне растлумачыла, што Сталін не здрадзіў. Таму ізноў свята ў яго веру, ізноў ЯМУ мае Запіскі прысвячаю. Бо, натуральна, і Чэрчыль вельмі паважаны чалавек, паколькі нас ад Гітлера ратуе. Але дзе там яму, індывіду з буржуйскім мінулым, з бацькам Расіі і ўсяго свету раўняцца!
ОЙЧА НАШ, КАТОРЫ Ў КРАМЛІ; СВЯТОЕ ІМЯ ТВАЁ! ХАЙ БУДЗЕ ВОЛЯ ТВАЯ! ХАЙ ПРЫЙДЗЕ ЦАРСТВА ТВАЁ, ЯК У КРАМЛІ, ТАК І Ў АСТАТНІМ СВЕЦЕ.
15 студзеня - 15 лістапада 1942 года
15 студзеня 1942 года.
Фальварак Буркі.
Выкрыў я вялікую таямніцу пані Юзэфы. Заўсёды здзіўляўся: адкуль яна навіны з усяго свету мае! А цяпер ведаю. Аказалася, што яна мае радыё. І яшчэ якое! Такое, што загранічныя станцыі можна слухаць.
Аднойчы пані Юзэфа паехала ў мястэчка. Яна амаль кожны тыдзень ездзіць туды з суседзямі. Таму я застаюся дома сам за гаспадара. Калі яна ад’ехала, пачаў я дбайна ўсё абшукваць, што яна мае і дзе хавае? Але нічога падазронага доўга знайсці не мог. Нарэшце ў адным месцы на кухні за печчу, заўважыў расшатаную цэглу. Вынуў я адну цагліну і пасвяціў усярэдзіну. А там у скрутцы радыёапарат стаяў і вялікая батарэя. Мне нават страшна зрабілася, бо быў загад уладаў, каб радыёпрыёмнікі аддаць. А за праслухоўванне загранічных перадачаў павінна накладацца вельмі суровае пакаранне, нават пакаранне смерцю… Лепей за ўсё было ў нас у Савецкім Саюзе. У нас ніхто не забараняў слухаць загранічныя станцыі. Што праўда, ніхто і не слухаў, бо народ такіх прыёмных апаратаў не мае. Таму ўсё ў парадку.
Мне гэта вельмі не спадабалася. У выпадку правалу і я магу з-за гэтай буржуйкі загінуць!… Не магу я зразумець: як гэта можна рабіць супраць загадаў улады!… Ясная рэч, што ўлады гэтыя нямецкія. Але ж гэта ўлады, і калі што загадваюць, дык належыць паслухмяна выконваць. Бо хто чужой улады не слухае, той і сваёй не ўшануе!
Доўга аб тым радыё я думаў. Нарэшце вырашыў, што буду прыкідвацца, быццам нічога не ведаю. А ў выпадку чаго дык так і скажу, што нічога не ведаў, бо інакш бы тэрмінова даклаў. З таго часу я пачаў ставіцца да пані Юзэфы з вялікім недаверам. Аказалася, што і яна здранцвелая рэакцыяністка. Гэта пачварна, што палякі ніякай пашаны да ўладаў не маюць і грамадскага парадку не прызнаюць!
Цяпер я легальны чалавек і нікога не баюся. Пані Юзэфа вырабіла ў гміне для мяне дакументы. Сказала, што гэта ёй даволі шмат каштавала, але цяпер мы можам жыць без страху, бо ўсё ў парадку. І як яна гэтага дамаглася, паняцця не маю. Але я цяпер маю метрыку і шасцімесячнае пасведчанне, выдадзенае на падставе метрыкі. Мянуюся цяпер Ян Бусько, народжаны ў 1919 годзе ў вёсцы Дакудава, Лідскага павету. Акрамя таго маю пасведчанне з ПКУ аб няздатнасці да вайсковай службы і яшчэ адно, з тутэйшай гміны, аб тым, што працую сельскагаспадарчым рабочым у фальварку Буркі. Карацей, усё ў парадку. Пані Юзэфа навучыла мяне троху размаўляць па-польску, і я ўжо няблага гэтую мову разумею. І нацыянальнасць у мяне зменена: беларус.
На пачатку студзеня пані Юзэфа паведаміла мне, што Савецкі Саюз падпісаў “атлантычную хартыю”.
– Што гэта такое? – спытаўся я.
– Гэта, – адказала яна, – вельмі важны палітычны дакумент, якім гарантуецца тэрытарыяльная непарушнасць асобных дзяржаў. Такім чынам нават малыя народы будуць абаронены ад захопу з боку дзяржаў моцных і агрэсіўных.
Сказаў я ёй, што гэта безумоўна вельмі добра. Але ведаў, што нічога ў гэтым добрага няма, усяго толькі хітрыкі капіталістаў, каб утрымаць у сваіх руках тое, што нарабавалі ў іншых народаў. Польшча, напрыклад, захапіла тую частку Беларусі, а таксама Украіны, якая павінна была належаць агульнай радзіме народаў Савецкага Саюзу!… Я гляджу на гэту пані Юзэфу як на троху дурнаватую, бо яна так моцна верыць у тыя подпісы, хартыі і дамовы, быццам зусім не разумее, чаго гэта варта. Гітлер у 1939 годзе падпісаў дамову з Савецкім Саюзам, а ў 1941 годзе на той самы Саюз вераломна напаў. Тое ж самае і з “хартыяй атлантычнай”. Пэўна, нехта хоча некага ашукаць і дымавую заслону пушчае.
Перад Калядамі пані Юзэфа купіла для мяне новыя добрыя боты. Мы спецыяльна па іх на рынак ездзілі. Яна таксама дала перарабіць для мяне адзенне аднаго са сваіх сыноў. І зараз я выглядаю вельмі элегантна. Ніколі ў жыцці такой прыгожай вопраткі не меў. Нягледзячы на гэта, мне дужа не падабаецца, што яна эксплуатуе маю працу як памешчыца. Што праўда, яна таксама працуе. Нават болей за мяне работы мае, бо і карову доіць, і свінняў корміць, і гатуе, і праннем займаецца, і хлеб пячэ, і па гаспадарцы што трэба робіць. Занятая ад ранку да ночы. Але ж яна буржуйка, якая пад прыстойным сацыялістычным ладам павінна быць забітая адразу. Таму прыкра мне працаваць на яе. Не дзеля гэтага я ў школах вучыўся і з’яўляюся камсамольцам і афіцэрскае званне маю. Але мушу трываць, пакуль сітуацыя да лепшага зменіцца.
Некалькі разоў ездзіў я з ёй у мястэчка гандляваць. Мусілі бульбу і збожжа прадаваць, каб былі грошы на гаспадарчыя выдаткі. Каня яна ў суседзяў пазычала, бо свайго няма, паколькі савецкія ўлады яе коней рэквізавалі. Яна вельмі на гэта наракала і казала, што такімі ўчынкамі толькі дзяржаву нішчаць і сабе шкодзяць. Не можа зразумець таго, што яе коні і каровы дзе-небудзь у іншым месцы больш патрэбны. А можа, нават узяты для працы па абароне Савецкага Саюза. Зразумела, што без каня цяжка абысціся. Але дзяржава павінна быць на першым месцы. Бо сама яна сабе дасць рады. Буржуі з любой сітуацыі выкруцяцца. Сказала ж мне нядаўна, што грошы на куплю каня збірае, бо інакш увесну не дамо рады з працаю ў полі. Аказалася, што за савецкай уладай ёй суседскія мужыкі дапамаглі зямлю ўзараць. Дурныя ж тыя польскія мужыкі, што дапамагаюць памешчыцы. Я пакуль іх не ведаю. Але цікава ўбачыць, як яны жывуць. Бо тыя, якіх у мястэчку на рынку бачыў, дык вельмі заможныя. Апранутыя добра. Усе маюць скураныя боты. А ў аднаго нават гадзіннік заўважыў. А можа, гэта ўсё не мужыкі, а памешчыкі? Таму цікава, каго яны эксплуатуюць, каб у такой раскошы жыць і шыкоўна апранацца? Я хачу ў гэтых справах канчаткова разабрацца, бо вельмі яны для мяне незразумелыя. Заўважыў я нават маладых суседскіх хлопцаў, якія часта на веласіпедах у накірунку мястэчка ездзяць, таму спытаў у пані Юзэфы: