Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі
Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі

Электронная книга - «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі». Краткое содержание книги:

“Запіскі афіцэра чырвонай арміі” – пераклад з польскай твора Сяргея Пясецкага. Твор напісаны ў Англіі ў 1948 годзе. У ім аўтар спрабуе пераўвасобіцца ў савецкага афіцэра. Аповяд ідзе ад першай асобы. У ім пісьменнік прадстаўляе свет вачыма свайго героя, разважаючы ягонымі катэгорыямі. Твор таленавіты, густа перасыпаны чорным гумарам, па-сапраўднаму смешны (часам да слёз), часам гэты смех вельмі горкі і нават балючы. У рамане шмат сарказму, абнажэння голай рэчаіснасці, якую гадамі прыкрывалі пад пелерынай “адзіна слушнай” ідэалогіі. Аўтар прыклаў максімум намаганняў, каб мова рамана была як мага больш грубай і прымітыўнай, што яскрава перадае і характар героя, і сітуацыю, час, у якіх ён апынуўся. “Запіскі” – найбольш вядомы раман Сяргея Пясецкага, які найчасцей з усяе творчай спадчыны пісьменніка выдавалі незалежныя выдавецтвы ва ўсім свеце. (Афіцыйныя дагэтуль староняцца гэтай публікацыі, уважаючы яе за злобны пашквіль.) (Н.Г.)
1 ... 32 33 34 35 36 37 38 39 40 ... 46
Перейти на страницу:

Пачаў я штодзённа прасіць пані Юзэфу, каб яна мне абавязкова партрэты прэзідэнта Рачкевіча, генерала Сікорскага, а таксама Пілсудскага купіла. Сказаў, што заплачу за іх любую цану. Гатовы нават гадзіннік прадаць, абы толькі іх мець.

– Навошта яны табе патрэбны? – спыталася яна ў мяне.

– Вельмі люблю я тых правадыроў і бацькаў польскага народу!

Паабяцала яна мне, што калі будзе ў Вільні, дык пастараецца тыя партрэты знайсці. Гэта было б цудоўна! Я б тады пасярэдзіне Пілсудскага павесіў. Гэта як той іх капіталістычны Ленін. А злева і справа Сікорскага і Рачкевіча. Гэта як Сталін і Молатаў. Толькі мушу, канешне, даведацца, як імя капіталістычнага Маркса. Бо вельмі прыдалося б і ягоны партрэт павесіць. Добра было б і партрэт начальніка рэакцыйнага польскага НКВД прыдбаць. Бо інакш можа атрымацца істотнае адхіленне ад буржуазнай генеральнай лініі.

11 чэрвеня 1942 года.

Фальварак Буркі.

У канцы мая пані Юзэфа паехала ў Вільню, а калі праз тры дні вярнулася, дык прывезла для мяне вялікі партрэт Пілсудскага і фатаграфію Сікорскага, а таксама Рачкевіча, выразаныя з нейкіх даваенных ілюстраваных выданняў. Партрэт Пілсудскага мне вельмі падабаецца, але фатаграфіі абодвух цяперашніх правадыроў на тонкай паперы і ўвогуле дрэнныя. Але я іх наклеіў належным чынам на кардонку і ў маім пакойчыку на сцяну павесіў. Але праз некалькі дзён пані Юзэфа іх ўбачыла і загадала зняць. Чым я быў вельмі здзіўлены.

– Чаму? – спытаўся я. – Гэта ж правадыры польскага народу. Трэба каб кожны, хто іх любіць, меў іх партрэты на сцяне.

– У нас такога звычаю не было, – сказала пані Юзэфа. – А партрэты гэтыя ў цяперашняй сітуацыі могуць прывесці да няшчасця. Прыйдуць сюды паліцыя ці немцы і калі заўважаць, дык могуць нас арыштаваць. Здымі і схавай!

Зняў я партрэты і ў адрыне схаваў. Але добра гэта сабе запомніў і вырашыў, што калі тут будзе ізноў Польшча, дык я адразу дакладу іхняму фашысцкаму НКВД, што яна не дазволіла мне партрэтаў правадыроў на сцяне мець. За гэта моцнае пакаранне яе напэўна напаткае. Я ж вызначуся і буду мець прызнанне ў гэтай шаноўнай установе, якая змагаецца супраць ворагаў капіталістычнага люду.

Праз некалькі дзён я сказаў пані Юзэфе, што вельмі хачу вывучыць польскую мову, бо калі тут будзе Польшча, дык не збіраюся ў Расію вяртацца. Яна ахвотна на гэта згадзілася і адразу пачала мяне вучыць. Толькі мне вельмі не падабаецца іхні капіталістычны алфавіт. Бачна, што яго прыдумаў нейкі закасцянелы рэакцыяніст. Літары смеху вартыя. Але пані Юзэфа сказала мне, што гэта лацінскі алфавіт і што ім карыстаюцца ўсе еўрапейскія краіны, Амерыка і шмат іншых краін, бо ён зручны і просты.

Пачаў я паволі літары пазнаваць, а таксама чытаць і пісаць. А размаўлялі мы цяпер толькі па-польску. Адзінае, калі я чаго не мог добра зразумець, дык пані Юзэфа па-руску мне тлумачыла.

Аднойчы спыталася яна ў мяне аб жыцці ў Савецкім Саюзе. Папрасіла:

– Скажы мне, Янка, праўду, як вы ўвогуле там жывяцё? Я пра гэта сама шмат ведаю, але і ты можаш мне шмат цікавых рэчаў распавесці. Добра разумею, што вы няшчасныя і што з дзяцінства так выхаваны, каб ніколі праўды не казаць. Адно дзяўбецё, як папугаі тое, што вам савецкая прапаганда ў галаву ўбіла. Але ты тутэйшае жыццё добра паглядзеў і можаш яго з вашым параўнаць. Таму скажы, ці лепей табе было ў Расіі і ці сапраўды жыццё рускага народу лепей за наша?

Задумаўся я: што ёй сказаць? Скажу праўду – чорт яго ведае, што з таго можа ў будучыні атрымацца! Калі нашы сюды вернуцца, дык яна можа на мяне ў НКВД данос зрабіць. Калі ж і далей буду хлусіць, дык падумае, што ў мяне фальшывы характар. Яна, пэўна, убачыла, што я баюся шчыра адказаць і так азвалася:

– Ты ў мяне жывеш даўно і ведаеш, якая я. Можаш мне смела ўсё казаць і быць упэўненым, што ніякай прыкрасці з гэтага ты мець не будзеш. Я і без цябе вельмі шмат ведаю аб жыцці ў цяперашняй Расіі. І не толькі аб Расіі, але і пра ўвесь свет. Сама заўсёды гаварыла і гавару табе толькі праўду. А ты альбо хлусіш, альбо выкручваешся, каб праўду не казаць. Я нават падумала, што ты вельмі хітры і вераломны, хаця я да цябе як маці да сына стаўлюся і ўсё што магу раблю, каб табе тут добра было.

Зразумеў я, што мушу ёй праўду расказаць… Такую праўду, аб якой я нават думаць не хачу. Зрэшты, калі тут Польшча будзе, дык я нават не вельмі рызыкую. Бо ў Расію вырашыў ніколі добраахвотна не вяртацца, паколькі тут як парабак жыву лепей і з’яўляюся больш шанаваным чалавекам, чым у Расіі як афіцэр.

Азірнуўся я, каб пераканацца, ці не чуе нас раптам яшчэ хто-небудзь, і гавару ёй:

– Жылі горш, чым у вас псы. Нічога ў нас добрага не было, няма і ніколі не будзе. Працуем без канца і краю, але нават дрэннай ежы ўдосталь не маем. І кожны кожнага баіцца. Мяне дома маці і бацька баяліся, бо ў школах намаўлялі нас за бацькамі сачыць і ўладам пра ўсё даносіць. Не было ні адзення добрага, ні абутку, ні ежы. Хадзілі ў лахманах, галадалі і верылі, што гэта вялікае шчасце. Бо думалі, што за граніцай яшчэ горш. Што ў вас людзі зямлю ядуць і кару з дрэваў.

– А ці не маглі па радыё загранічным пачуць альбо ад старэйшых людзей даведацца, як дзе ў іншым месцы людзі жывуць альбо ў Расіі да рэвалюцыі жылі?

– За ўсё сваё жыццё я такога радыё, каб можна было загранічныя станцыі слухаць, і не бачыў нават. А старыя людзі пазагінулі альбо вымушаныя маўчаць. Толькі калі я сюды прыйшоў, дык убачыў упершыню, як добра могуць людзі жыць. Спачатку нават думаў, што ўсё гэта – капіталістычная прапаганда, альбо што тут усе – буржуі. Толькі потым пераканаўся, што тут нават рабочы мае такое жыццё, аб якім мы і марыць не можам. Шмат рэчаў я дагэтуль зразумець не магу. Але добра разумею тое, што нас падманвалі ўсё жыццё.

– Няшчасны вы народ, – сказала пані Юзэфа.– Але будзь упэўнены, што пасля вайны гэта зменіцца. Маладыя людзі таксама даведаюцца, якое ў свеце жыццё, і не захочуць жыць далей у такой страшнай няволі і паняверцы.

– Нічога ў нас не зменіцца і нічога ўвесь народ аб лепшым жыцці ведаць не будзе. Бо хто што ведае, калі ацалее, дык нават ніводным словам з іншымі не абмовіцца. А калі б нават уся Расія пра гэта ведала, дык таксама нічога зрабіць было б немагчыма. Такі ўжо наш лёс. Толькі капіталісты, калі захочуць, здолеюць у Расіі новае жыццё пабудаваць. Але толькі тады, калі скінуць наш урад і ліквідуюць НКВД. Самі ж мы і праз тысячу гадоў не вызвалімся.

Не разумею, як я надумаўся расказаць усё гэта пані Юзэфе. Першы раз у жыцці некаму (і сабе самому) праўду пра ўсё гэта паведаміў. Шкадую нават пра гэта, але нічога ўжо не зробіш. Зрэшты, калі што, дык не прызнаюся, што такое казаў. Могуць забіць нават, але не прызнаюся. Злуюся на сябе і на пані Юзэфу, што такая размова ў нас адбылася. Ведаю, што нікому яна пра яе не данясе, бо і сама б тады была ліквідаваная. Але вельмі мне прыкра, што капіталістаў хваліў, а наш расійскі ўрад крытыкаваў.

З таго дня я пачаў часцей пра гэтыя справы гаварыць. Я ўжо нічога не хаваў, бо быў упэўнены, што нашы сюды ўжо ніколі не прыйдуць. Калі Германія вайну выйграе, тады наш урад ліквідуюць, НКВД павыразаюць і паразганяюць і свой парадак увядуць. Калі ж Англія з Амерыкай перамогуць, дык яны ўсё вернуць і тут, хутчэй за ўсё, ізноў будзе Польшча. Нягледзячы на тое, я баюся гэтых думак і пачаў дрэнна спаць па начах. Увесь час мне сняцца арышты, даносы, высылка ў лагер, турмы, экзекуцыі…

Аднак жа і шчаслівы я быў, калі жыў у Расіі і пра ўсё тое, што цяпер ведаю, нічога не ведаў. Што з таго, напрыклад, што я цяпер маю добры касцюм, чаравікі і гадзіннік, калі тут кожны мае гадзіннік і ў скураных чаравіках альбо ботах ходзіць. Альбо тутэйшая добрая ежа… Калі яна ёсць заўсёды, дык і думаць аб ёй няма чаго. А як у Расіі часам фунт цукру на паёк атрымліваў, дык ганарыўся і быў вельмі задаволены, бо ведаў, што цябе надзвычайна адзначылі і атрымаў ты вялікае шчасце. Натуральна, былі мільёны такіх, хто заўсёды галадаў і ў рыззі хадзіў. Але што мне было з таго? Кожны ж пра сябе павінен дбаць. Я ж належаў да лепшага класу, быў афіцэрам і камсамольцам, таму мяне мусілі болей цаніць, чым нейкага там абывацеля. А цяпер як парабак я жыву лепей, чым раней як афіцэр, але ніякай спецыяльнай павагі не маю, кожны мяне дурнем лічыць і ніхто мне не зайздросціць. Там я мог з часам высокае становішча заняць, а тут да канца жыцця парабкам застануся. А калі нават ажанюся тут і здолею ўласную гаспадарку закласці, дык такіх гаспадароў тут поўна паўсюль… Раней я думаў, што з’яўляюся вельмі шчаслівым чалавекам, бо жыву ў Расіі, а не за граніцай. А цяпер ведаю, што гэта было маё глупства. Але ад гэтага я лепей не пачуваюся.

1 ... 32 33 34 35 36 37 38 39 40 ... 46
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)