Усмешка жалобнай каралевы, альбо тайна магнітнага замка
- Автор: Минскевич Сергей
- Год: 2013
- Язык: белорусский
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Усмешка жалобнай каралевы, альбо тайна магнітнага замка». Краткое содержание книги:
— Вось што, Бедалдай, — адкрыў вочы хан Ісмірай, — пакладзі сваю сякеру ў футарал і збірайся ў дарогу. А ты, Алеолла, адпраўляйся да свайго віцязя Арціна і прывядзі яго сюды. Я дам вам сваіх лепшых скакуноў. Утрох вы адправіцеся да Жалобнай Каралевы Паляндры.
— Жыве наш Вялікі і Мудры Хан! — сустрэлі яго словы гледачы-падданыя.
Візір махнуў пяром, нешта напісаў на паперы і абвясціў: тры-два-два, на карысць
Вялікага Хана Ісмірая!
— Жыве Вялікі Хан Ісмірай
— Але я стаміўся, — панізіўшы голас, сказаў хан.
Пакуль ішоў дыспут, ён амаль забыўся на сваё гора, а цяпер яно з новай сілай вярнулася да яго. Хан устаў з трона і моўчкі накіраваўся ў свой палац.
— Пачакайце! — ускрыкнула Алеолла. — Я хачу падарыць вам чароўны алей.
— Пакіньце яго Галоўнаму Візіру, — не азіраючыся, сказаў хан Ісмірай. — Ён у мяне скрупулёзны. Па кропельцы раздасць кожнай жыхарцы нашага горада, усё запіша і падлічыць. Поспехаў, Алеолла!
— Дзякуй вам, хан Ісмірай, — адказала Алеолла і паставіла лямпу з алеем перад візірам на стол.
ТАЯМНІЦА СТАРОЙ ШАЎКОЎНІЦЫ
Алеолла ішла з горада па дарозе, якая вяла да гары з трыма шаўкоўніцамі. Людзі праводзілі яе да мяжы горада, а калі яна ішла ўжо адна, яе дагнаў заморскі мудрэц.
— Пастой, пачакай мяне, — сказаў ён Алеолле. — На задніх лапах я хаджу не так хутка.
Мудрэц зняў жоўтую чалму, і дзяўчына ўбачыла яго каціныя вушы.
— Як цябе там — Муня-мунь-мунь?
— Не, цяпер я зноў Міамурмарор, — і ён адклеіў накладную бараду.
— Вялікае-найвялікшае дзякуй табе, кот Міамурмарор, за тое, што выратаваў мяне, — яна цмокнула яго ў вільготны нос.
Калі кот Міамурмарор і Алеолла падняліся на вяршыню гары, то ўбачылі Арціна. Будучы віцязь, смутны-смутны, сядзеў пад шчаслівай шаўкоўніцай.
— Прывітанне! — радасна сказала Алеолла.
— Колькі можна? Я ўжо думаў, што вы ніколі не вернецеся, — дакорліва прамовіў Арцін.
— Ну, і што ты рабіў увесь гэты час? — замест адказу спытала Алеолла.
— Што рабіў, што рабіў? Вас чакаў. Пасяджу пад шаўкоўніцай, засумую, тады выходжу з-пад кроны, насмяюся ўдосталь і назад пад дрэва вяртаюся.
— Не, тое, што ты сумаваў-нудзіўся і пасля свой сум-нуду разганяў, гэта зразумела, — сказаў кот, — гэта кожны здагадлівы чалавек прыдумаў бы. Алеолла ў цябе пытае, ці знайшоў ты, з-за чаго ягады на шаўкоўніцы цалкам не выспяваюць?
— Знайшоў, — упэўнена адказаў Арцін. — Ідзіце сюды, пакажу.
Ён падвёў іх у самае цяністае месца пад кронай шаўкоўніцы, рассунуў галінкі, і яны ўбачылі, што на лісце, які па краях быў пажухлым, сядзеў вялікі чорна-буры вусень. Ён не проста сядзеў, а безупынна шавяліў сківіцамі — грыз ліст і самазабыўна жаваў.
— Падаецца, я дзесьці падобнае бачыла, — заўважыла Алеолла.
— Натуральна. Я таксама бачыў. У мастака Дроздзіча ў слоіку, — сказаў Арцін.
— Так, але толькі ў мастака ў слоіку яны былі як нежывыя, і больш мярзотныя.
— Таму што ў мастака Дроздзіча, — сказаў кот, — гэта і не вусені зусім, а перайначаныя ўсмуткі.
— А ты і мастака Дроздзіча ведаеш? — здзівіўся Арцін.
— А хто ж яго не ведае, — аксамітным голасам адказаў кот Міамурмарор.
— І як жа гэты вусень тут апынуўся? — задумалася Алеолла.
— Пэўна, хтосьці вельмі моцна смуткаваў і заразіў шаўкоўніцу сваёй усмуткай, — выказаў здагадку Арцін.
— Не, гэта Паляндра зрабіла, — сур’ёзна прамовіў кот. — Я заўважыў, што яна кружыла вакол шаўкоўніцы перад тым, як забраць Джайміну. Дзеля гэтай шаўкоўніцы яна ў наш край і прылятала. Шаўкоўніца для яе небяспечная.
— Глядзіце, вось яшчэ, — паказаў Арцін.
Яны знайшлі яшчэ пяць такіх жа чорна-бурых вусеняў.
— Пяць плюс адзін, гэта колькі будзе? — задумаўся кот, — шэсць. Шасцёркай чапляў запрэжана карэта Журботнай Каралевы.
— Усяго шасцёркай. А ў нашым мястэчку было больш віхураў. Нават не віху раў, а смерчаў, — успомніў Арцін.
— Можа быць, разам з імі яшчэ хтосьці прылятаў? — услых падумаў кот.
— І што з гэтымі вусенямі цяпер рабіць? — спытаў Арцін. — Я спрабаваў іх адчапіць — нічога не атрымліваецца. Яны вельмі моцна да лісткоў прылепленыя. Можа, іх проста прыдушыць?
— Што ты, нельга! — абурыўся кот. — Пад шчасцядайнай шаўкоўніцай не павінна быць дрэнна аніводнай істоце! Тады шаўкоўніца насамрэч засохне. Бо вусені не вінаватыя ў тым, што яны вусені!
— Паглядзіце! — выклікнула Алеолла. — Яны смяюцца!
І праўда, вусені не проста жавалі лісты, а яшчэ безупынку смяяліся. А можа, і наадварот, яны смяяліся і заадно безупынку жавалі.