Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Усіхаўся толькі ад яго блюзнерства, розум не губляў, быў спакойны, бо ведаў, што не на “Алкепе” мы, што мне няма неабходнасці ў маёй майстэрні нечага асцерагацца…
“А каб ты пераканаўся, што я тут быў у цябе, з табой балаболіў, пасвавольнічаю – вазьму і скіну з мальберта тваю карціну, як і ты некалі скінуў фужэр са стала ў “Залатым пеўніку”…”
Падрамнік з пейзажам “Восень” захістаўся і ўпаў да маіх ног.
Падышоўшы да акна, дастаў з кішэні запальнічку, пстрыкнуў ёю. Агеньчык паднёс да аркушыка паперы – адразу ўспыхнула. Данёс палаючую паперку да расчыненай форткі. Як толькі дагарэла, выкінуў на вуліцу.
Яе адразу падхапіў вецер, закружыў у паветры чорныя папялінкі, шпурнуў на верхавіны дрэў…
Загаманілі, прыйшоўшы да ўзаемазгоды, Ясь і Яніна, піскнуў нешта радаснае Мышук.
Прыйшла пара пакінуць майстэрню.
…У наступную нядзельку, калі Ліка не была звязаная са школьнымі клопатамі, і дочкі мае знаходзіліся дома – з Белгарада прыехала і Таццяна, – прапанаваў:
– Жаданыя і любімыя, а давайце мы з вамі адправімся ў лес – на пагулянку. Паходзім, вогнішча раскладзем, сала падсмажым на галінцы?
– А што, я вельмі хачу на прыроду! – радасна ўсклікнула будучы кандыдат філалагічных навукаў Ірына Клімовіч. – Выдатная ідэя! Своечасовая.
– І я хачу! – падтрымала жыхарка расейскіх прастораў Таццяна. – Як я даўно не была каля бярозаў і сосен! Бацька, ты малаток! Выгані нас з гэтага душнага горада, падаруй нам свежае паветра!..
І мы адправіліся ў лес. Перад гэтым я забег у майстэрню, захапіў папку з рукапісам.
Блукалі, хадзілі, натаміліся. Спыніліся на ўзлеску бярозавага гаю.
Я назбіраў шыгалля, ададраў ад бярозы бяросты. Склаўшы ўсё гэта ў кучу, падпаліў. Мае жанчыны сядзелі на паваленай бярозе – той самай, каля якой я маляваў некалі пейзаж.
Мы смажылі на дубчыку сала. Калі з яго капалі бісерынкі тлушчу, падстаўлялі скібку хлеба. Нічога смачней, здавалася, не было на свеце. Штосьці прыходзіла мне на памяць, адлюстроўвалася кароткім сполахам, але я з усіх сілаў стараўся адганяць тыя ўспаміны, – трызненні і мроі летаргічнага сну спакваля затушоўваліся, знікалі, быццам заціхала праца памяці кампакт-дыска ў кампутары, губляла сілу састарэлая інфармацыя. Непакоіў хіба мяне толькі заплечнік, – то шпырне вострым шылам у бок, то тузане, быццам я быў запрэжаны ў аглоблі, а то і зарагоча ледзь чутна. Я разумеў, што гэта і ад чаго, таму, калі пачалі збірацца дахаты, рашыўся: назбіраў сухіх сасновых галінаў, паклаў на вогнішча. На мяне са здзіўленнем і недаўменна глядзелі мае жанчыны, мусіць, думалі, навошта зноў раскладваю кастрышча, калі нам пара пакідаць узлесак…
Выцягнуў з заплечніка зялёную папку. Яна як быццам не хацела давацца мне ў рукі, выслізвала.
Папрасіў сваіх жанчынаў адысці падалей – кінуў папку ў палаючае вогнішча.
Пачуўся душараздзіральны крык. Касцёр выбухнуў, як хто паклаў пад яго гранату. Узляцелі ў неба галавешкі. Зашыпеў агонь, быццам на яго вылілі вядро вады. Над галавой пранёсся трывожна-злы віхор, варонка яго пыласмокам апусцілася да самага кастра, уцягнула ў сябе недагарэлае …
Потым пацямнела ўсё вакол; неба завалакло цяжкімі воблакамі; дзесьці далёка прагрымеў гром, і рэха яго пакацілася па вяршынях дрэваў.
Гэтак жа нечакана праз хвіліну стала светла і ясна.
Да мяне падышла Ліка, кранула за плячо, зазірнула трывожна ў вочы:
– Антон, а навошта ты спаліў рукапіс? Ты ж над ім працаваў столькі гадоў, марыў выдаць кнігу.
– Не будзе, Ліка, ніякай кнігі… Больш я ніколі пісаць не буду. Ніколі! Нельга мне пісаць.
– Чаму – нельга?
– Нельга – і ўсё тут. Я пазбавіўся ад гэтай спакусы, і не толькі ад гэтай.
Уздыхнуўшы на поўныя грудзі, агледзеўся вакол.
Толькі цяпер убачыў перад сабою лес і восень, Ліку, Ірыну і Таццяну. Свет зноў успыхнуў для мяне непаўторнымі колерамі, вясёлкай, наталяючы душу чысцінёй і дабрынёй.
Я стаў чалавекам, тым чалавекам, якім і быў да летаргічнага сну. І ведаў, што больш не ажывуць героі маіх рукапісаў. Таму што тых рукапісаў цяпер няма і ў паміне. І больш ніколі не будуць… Добра, што я яшчэ не намаляваў людзей, а толькі прыроду, – цяпер не буду асцерагацца, што і яны маглі ажыць і помсціць мне за спробы перарабіць іх… Не мой гэта клопат, ды і не ў маёй тое ўладзе.