Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Мы спусціліся ў лагчыну – да крыніцы. Па чарзе чэрпалі бярозавым кадоўбцам лекавую ваду, пілі асцярожна маленькімі глыткамі, баючыся застудзіць горла.
…Пакідаючы бярозавы гай, міжволі азірнуўся: над кастром толькі цепліўся слабы дымок – канаў.
Як і загадваў кардыёлаг, я спаліў за сабой не толькі віртуальныя масты, – самога сябе, таго, які не прыслухаўся некалі да папераджальнага ўнутранага голасу, голасу анёла, паддаўся спакусе славай, талентам, укленчыў перад залатым цяльцом.
Зазванілі званы Патрапаўлаўскага сабора…
……………………………………………………………
P.S.
Прайшло паўгода…
Я зноў толькі мастако. Езжу на эцюды, малюю прыроду. Люблю вельмі маляваць храмы на фоне блакітнага неба з кудлатымі воблакамі.
Пачаў хадзіць да айца Георгія на споведзь, на прычасце.
А аднойчы спытаў у яго пра перасяленне душаў.
– Ерась, Антон… Яшчэ ў трэцім стагоддзі ад Раства Хрыстова прадпрымалася спроба ўкараніць у хрысціянства вучэнне пра гэта. Філосаф Арыген, вывучаючы платонаўскае вучэнне пра той час, калі яшчэ душа не нараджалася, да яе злучэння з целам, стварыў асабістае вучэнне. І ў яго знайшліся паслядоўнікі, прызналі яго правільным і непахісным. На Канстанцінопальскім Памесным Саборы ў 543 годзе ад Нараджэння Хрыстова гэтае вучэнне было аб’яўлена ерассю. І пазней ужо – у пятым і шостым вяках – Усяленскія Саборы пацвердзілі асуджэнне і, больш таго, аддалі анафеме, што азначала адлучэнне ад царквы ўсіх тых, хто падтрымліваў вучэнне аб перасяленні душаў…
– У Святым Пісанні я нідзе не знайшоў нічога пра пераўвасабленне, пагэтаму і задумаўся…
– Ідэя несмяротнасці душы як пастаяннага пераўвасаблення, пераходу з аднаго цела ў другое, няхай нават і не абавязкова ў цела чалавека, супярэчыць хрысціянскай ідэі асобы як вобраза і падабенства Божае…
– Тады што за голас гаварыў са мной пра гэтыя рэчы – павучаў і накіроўваў…
– А вось пра гэта мы, спадар Антон, пагаворым пазней, больш грунтоўна. Тады ўсё стане на свае месцы. Цяпер вы с Богам. Вам нічога не страшна. Душа набыла ўпэўненасць і дабрадзейнасць, і таму вы больш не будзеце чуць невядомыя галасы.
Адчуў я ў сабе вялікія перамены. У мяне памяняўся рытм жыцця, стаў больш разважлівы і спакойны. Навучыўся размяркоўваць свае сілы, і таму кожны дзень мне ўдавалася з Божай дапамогай зрабіць тое, што намячаў і планаваў, што прасіў у Вышняга…
І ўсё ж мяне ўсё яшчэ не-не ды нешта непакоіла, а што, зразумець не мог.
Аднойчы, каб паставіць апошнюю кропку ў маіх няясных пакутах, пераканацца, што я назусім пазбавіўся ад навязлівых думак, рашыўся на апошні крок. Набраў нумар тэлефона бухгалтэрыі таго дзяржаўнага выдавецтва, дырэктар якога мне званіў.
– Слухаю вас, – пачуўся жаночы голас.
– Вы – галоўны бухгалтар Соф’я Паўлаўна?
– Так, што вы хацелі?
– Я хацеў даведацца вось пра што: ці пераводзіў хто-небудзь у гэтым годзе грошы на маё імя для выдання у вас маіх кніг? Мяне завуць – Антон Клімовіч.
Строгі і дзелавы, і ў той жа час прыемны, голас абвясціў мне:
– Я працую больш пятнаццаці гадоў на гэтай пасадзе, але не прыпомню ніводнага выпадку, каб хто-небудзь са спонсараў пералічваў грошы для канкрэтнага аўтара – ні ў далярах, ні ў нашых “зайчыках”. І для вас, на жаль, ніхто не пералічваў…
– Не на жаль, Соф’я Паўлаўна, а на шчасце! – весела крыкнуў я. – Дзякую вам за харошае паведамленне!
– Не разумею вас, Антон Клімовіч, вы рады таму, пра што я сказала?
– Так, так, вельмі рады, дзякую!
Паклаў тэлефонную слухаўку.
– Віншую цябе, Антон! – крыкнуў сам сабе. – Ты поўнасцю вылечыўся, пазбавіўся ад спакусаў! Віншую!
Хто напісаў гэтыя радкі, я не ведаю, але яны сугучны з маімі думкамі і жыццём.