Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Не да кожнага з нас даходзіць усведамленне таго, што гэта міраж, прывід, падман. Яны ўсяляюцца ў нашую душу як вужака ці гад у сваё сховішча, якое пустуе; тыя спакусы заўсёды прыемныя і прыцягальныя на выгляд, але іх атрутнае джала схавана пад прыгожай, бліскучай і рознаколернай абгорткай, бы цукерка. Іх прывабнасць і падманлівая прыгажосць штодзённа вакол нас, яны сціскаюць нас сваім нябачнымі вобручамі, бы бочку, каб не было ніводнай шчылінкі між клёпкамі.
Нявопытны і даверлівы чалавек, які не знайшоў дарогу да храма, лёгка можа папасціся пад уплыў чорных сілаў, не зразумее, што аблытваецца ягоная душа д’ябальскімі мярэжамі і павучыннем крывасмока. Ён адчувае сябе адзінотнікам у глухім лесе, дзе на кожным кроку капканы і дрыгва без дна, дзе можна заблудзіцца і згінуць. Згінуць без праважатага, павадыра. Такім правадніком для кожнага хрысціяніна і служыць Свяшчэннае Пісанне. Толькі яно паказвае «шлях жыцця», навучае запаветам Гасподнім, ацаляе душу і ачышчае позірк наш (Пс. 18, 9).
Як сцвярджаюць апосталы – усё Пісанне ёсць богадухоўнае і карысна для навучання, для выкрыцця, для выпраўлення, для настаўлення ў праведнасці (2 цім. 3, 16). У Пісанні яны бачылі адзіную крыніцу спасціжэння праўдзівага і ісціннага бачання як Божых тайнаў, так і ўсіх законаў і законамернасцяў зямнога чалавечага быцця.
У нас два шляхі – дарога да Бога, да светласці і радасці, і дарога назад – да цемры, да пагібелі. Трэцяга, так бы мовіць не дадзена. Кожны з нас выбірае свой шлях, свой бальшак.
Свой кірунак у жыцці я абраў свядома і назаўсёды.
…Акно майстэрні расчынена насцеж.
У мае апартаменты ўварваўся свежы і парыўны вецер, надзьмуў фіранкі, быццам ветразі карабля, які плыве ў рэальнае заўтра. Я не зачыняў акно, дазволіў пасваволіць няўрымсліваму вятрыску, зрабіць экскурсію па маёй мастацкай тэрыторыі ды ачысціць, вымесці з памяшкання пахі фарбаў ды растваральнікаў…
А ён, ветрык, падляцеўшы да мальберта з чыстым эцюднікам, зачапіўся за яго сваёй кашуляй, зніякавеў, разгубіўся і, згарнуўшыся клубочкам, забіўся ў вугал і там заціх…
На мальберце, чакаў мяне белы, бы снег, падрамнік. Але я не спяшаўся брацца за пэндзаль – расцягваў задавальненне і асалоду дотыку да загрунтаванай паверхні. Не мог да канца паверыць у сваё новае нараджэнне, у вяртанне блуднага сына на поле сваёй стыхіі, без якой не мог жыць…
... Адно хіба толькі мяне непакоіла – быў ці не быў у маім жыцці настаўнік Міхась Хурс. Ці, можа, я і яго выдумаў, як і астатніх сваіх герояў, з-за якіх прыйшлося падпасці пад спакусу і пабыць у гасцях у д’ябла? Але ж на маім стале ляжаў карычнева-бардовы аловак, падораны Хурсам, якім я не напісаў ніводнага слова і ніколі, упэўнены, не напішу. І была ж ў маім жыцці рэальная бабуля Настазя, валадарства ёй нябеснае…
І ці сапраўды я пабываў з астранаўтамі на Месяцы? Бо тое было так рэальна і натуральна, што тую радасць буду памятаць усё жыццё… Больш таго – карціны, якія маляваў на Месяцы, знаходзяцца і сёння ў маёй майстэрні.
А Ірад? Я выдумаў яго, ці зноў жа – Анатас мне яго падсунуў?
А Марыя Магдаліна?.. А Хурс...
……………………………………………………………
З цягам часу мне неабходна будзе разабрацца з гэтымі, і іншымі, таямнічымі, эпізодамі і фактамі майго жыцця, – усяму свой час.
Зрабіць тое трэба так, каб потым ужо ніякія нечаканкі не ўмешваліся ў маё жыццё і не збівалі з наладжанага рытму і абранай дарогі. Бо дарога была вызначана, а ў руках трымаў падоранае Вышнім стырно і компас, якія і дапамогуць мне цвёрда крочыць абраным шляхам наперад… Памажы, Божа!..
А пакуль…
1999-2011 гг.
Гомель, Тураў, Белгарад, Масква, Іерусалім, Варшава, Кіеў, Буэнас-Айрэс
«…і вы будзеце як багі…»:
прыпавесць у рамане-фантасмагорыі Анатоля Бароўскага «Дамова на спакусу»
Раман-фантасмагорыя Анатоля Бароўскага «Дамова на спакусу» адносіцца да ліку тых характэрных твораў сучаснай прозы, якія створаны на скрыжаванні і ўзаемадзеянні розных жанравых традыцый і ўплываў. У яго структуры арганічна сумешчаны рэалістычныя і містычныя пачаткі, лірыка і філасофія, гісторыя і сучаснасць, рэлігія і навука.