Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Наведаўся праз паўтара месяцы.
– Ну, як вы сябе адчуваеце, спадар Антон?
– Ды па-рознаму. Яшчэ поўнасцю не пазбавіўся ад свайго другога “я”… Яшчэ здараецца, хаця і рэдка, у сне магу нырнуць у небыццё, але потым лёгка выходжу са свайго стану.
– А днём больш спаць не хочацца?
– Здаецца, не… Сем-восем гадзінаў начнога сну хапае.
– Гэта добра.
Мы маўчым, адчуваючы, што пад нашай размовай падведзена рыса. Глядзім у акно, за якім волгла і ціха. Па шкле паўзуць дажджавыя змейкі, пракладваючы сабе крывыя, звілістыя сцежкі.
– Антон, вы павінны спаліць усе масты, якіх набудавалі перад гэтым. Гэта – ваш адзіны выхад і адзіныя лекі пазбавіцца ад мінулага. І – адзіны ключ да канчатковага выздараўлення.
Паціскаем адзін аднаму рукі, і я пакідаю пакой ардынатарскай. Пахне ёдам, карболкай і лякарняй. А ў вушшу звініць адно і тое ж слова: “Спаліць, спаліць, спаліць…”
Не заставалася нічога іншага, як паслухацца доктара. Ён, безумоўна, меў на ўвазе тыя масты, што я пабудаваў у сваім хворым уяўленні – але ў каго, скажыце, з пісьменнікаў не хворае ўяўленне?
Але слова “спаліць” я зразумеў па-свойму, інакшага быць і не магло…
…Раніцай пабудзіў мяне тэлефон.
Слухаўку ўзяла Ліка. Адразу ж падала мне.
– Мне трэба Антон Клімовіч, – гаварыў малады мужчынскі голас.
– Слухаю вас уважліва.
– Гэта звоніць вам галоўны рэдактар выдавецтва “Літаратура і мастацтва” – Уладзіслаў Праўдзінскі. Мы разгледзелі вашую заяўку на выданне вашых дваццаці раманаў. Вашую заяўку матэрыяльна падмацаваў ваш інвестар Анатас Алкепаў. На наш разліковы рахунак ён пералічыў тры мільёны долараў. Але ў дадатак да рахунка ён выставіў умову, каб валюта была выдаткавана строга па прызначэнні – толькі на выданне вашых кніг… Вы б не маглі, дарагі Антон Клімовіч, прыехаць да нас на наступным тыдні, і мы б абгаварылі ўсе дэталі.
– Даруйце, як вашае імя па бацьку?
– Уладзіслаў Антонавіч…
– Дарагі Уладзіслаў Антонавіч! Я не ведаю ні пра якую заяўку вы гаворыце, як і не ведаю ніякіх спонсараў-інвестараў, і не хачу я зусім у вас друкавацца, і ніколі не пераступлю парог вашага выдавецтва. Так склаліся абставіны, выбачайце…
У адказ недаўменнае маўчанне, а потым пачулася роспачна-недаўменнае пытанне:
– Дык што нам, скажыце, рабіць з вашымі далярамі?
– Што? А вы ў прыбіральню іх памясціцеце – няхай будуць замест туалетнай паперы!
Паклаў трубку.
– Хто гэта быў, Антон?
– А, ніхто… Учарашні дзень…
– Ты не вельмі ветліва гаварыў з чалавекам.
– А то і не чалавек зусім, не чалавек, Ліка.
Аднойчы вечарам, у нядзельку, калі я закончыў працу над карцінай і засабіраўся дадому, у дзверы майстэрні нехта пазваніў, а потым і пастукаў – раз, другі, трэці…
На мяне з трывогай паглядзелі Ясь і Яніна. Схаваўся за іх Белавух, і носа не высоўваў.
Я пайшоў адчыняць дзверы. Не лесвічнай пляцоўцы стаяла жанчына з паштарскай сумкай.
– Вам тэлеграма, спадар Клімовіч, распішыціся, калі ласка, – раскрыла тонкі сшытак, паказала радок, дзе я павінен быў паставіць свой подпіс.
У майстэрню мне ніколі не прыносілі пошту – ні пісем, ні тэлеграм.
Са здзіўленнем пачаў чытаць тэкст.
“Дарагі мой сябра!
Ты думаеш, што так лёгка пазбавіўся ад мяне, знішчыў мяне? Памыляешся, мой майстра! Ты ж ведаеш – чалавек створаны з дзвюх палавінак. Адна з іх належыць Стваральніку, а другая – мне. З якімі парокамі плоці змагаецца Ён? Пра іх сказаў апостал Павел, памятаеш? У Пасланні да Галатаў (5:19-23):
“Дзеі плоці вядомыя; вось яны: пералюбства, блуд, нечыстата, непатрэбства, ідаласлужэнне, чарадзейства, варожасць, свары, зайздрасць, гнеў, звады, раздоры (спакусы), ерасі, нянавісць, забойствы, п’янства, закалоты і іншае…” У мяне, на парусніку, ты заўважыў хаця б адзін з гэтых парокаў? Не. Я калі што падобнае прапаведаваў? Толькі тое, што і апостал Павел. Здзіўлены? Далей ён там жа гаворыць: “А плод духа: любоў, радасць, згода, доўгая цярплівасць, добрасьць, міласэрнасьць, вера, лагоднасьць, устрымлівасьць…” Так, я вінаваты хіба ў тым, што на вашай грэшнай зямлі ўкараняю вышэйпералічаныя заганы. Але ж ці заганы яны і парокі? Чалавек павінен жыць напоўніцу – страсцямі, памыляцца, эксперыментаваць, сумнявацца, зайздросціць поспеху іншых і рабіць лепш, чым яны гэта робяць.
Так, я спакушаю людзей да граху, а Стваральнік, калі людзі каюцца, даруе ім грахі іх. Так было, так ёсць і так будзе. Мы неразрыўны і неразлучны з Ім, хаця мы не адно і тое ж. Пагэтаму чалавек усё жыццё сваё будзе грэшны, і яму ад гэтага нікуды не падзецца. І ён заўсёды можа пакаяцца ў сваіх грахах. А таму ніколі не спыніцца барацьба-змаганне спаміж Дабром і Злом.