Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Асмелюся даць парада: ніколі, Антон, на гуляй і не заігрывай з людскімі душамі і лёсамі як літаратар… Потым жа героі будуць помсціць табе за тое, што выпусціў іх з небыцця на свет, і забыўся на іх лёс. Яны заўсёды надакучваюць аўтарам, толькі апошнія ў гэтым не прызнаюцца. Як і артысты кіно, якія пабылі ў вобразе сатаны ці забойцы, а потым пакутуюць усё жыццё, і яшчэ горш – нехта забірае іх жыццё… То ж з маёй падачы я надаўміў аўтара “Майстра і Маргарыты”, каб ён апісаў падрабязна нашы гулянкі-шабашы, ён, як і ты, пажадаў стаць геніяльным творцам, таму і прадаў мне сваю душу, – мы з ім заключылі дамову аб супрацоўніцтве. Ён стаў геніяльным пісьменнікам, а ты вырваўся з маіх мярэжаў. А толькі ж д’ябал можа памагчы творцу стаць геніяльным, але не Бог, – Ён жа патрабуе працы, працы і працы…
Якія я ні граў бы ролі, маё жыццё будзе працягвацца мільярды гадоў, я пастаянна буду спакушаць слабых і слабавольных, пыхлівых і ўладналюбных…
Ды хопіць, мусіць, мне выхоўваць цябе. Я і так табе надакучыў.
Да сустрэчы. У тваім новым жыцці, бясспрэчна; для мяне ж яно, жыццё, будзе працягвацца, – і праз тысячы гадоў я буду спакушаць слабых і слабавольных, пыхлівых і ўладалюбных...
З павагай – твой Заказчык.
Ды вось што яшчэ, даруй, што адрываю ад клопатаў. Заўсёды адказвай за кожнае прамоўленае ці задуманае слова. Памятаеш, як ты ў тралейбусе чартыхнуўся “чорт мяне вазьмі”? Ну, я і ўзяў, ты ж сам таго хацеў… Я сачыў за тваім жыццём, падбіраўся да тваёй душы, таму што яна была “нічыёй”.
Калі ж чалавек не жадае прысвяціць сваю душу Богу, тады мне застаецца авалодаць ёю. І так будзе заўсёды. Нельга без патрэбы прамаўляць воклічы ці звароты – няхай яны скіраваны ці то да мяне, ці да Бога. Любое вымаўленае слова мае сваю энергію: “Напачатку было Слова і слова было Богам…
Калі ж возьмешся за літаратуру, гістарычную літаратуру, і не будзе хапаць фактаў для даставернага раскрыцця тэмы, то тэлепартацыйны карабель майго фрэгата заўсёды да тваіх паслугаў. А як апынуцца на маім фрэгаце, я думаю, ты не забыўся, – толькі адмысловы ўзмах рукі…”
Мне хацелася ўдакладніць у паштальёна, якое аддзяленне сувязі перадало гэтую тэлеграму-допіс, але на пляцоўцы ўжо нікога не было. Здзіўляла і іншае: у доме трэці дзень не было электраэнергіі – як яна змагла падняцца і пазваніць мне ў дзверы. Больш таго – на маю верхатуру і ліфт не дасягаў.
Прыйшлося, каб адчапіцца ад гэтых пытанняў, прачытаць напісанае да канца…
“І яшчэ на заканчэнне, мой дарагі мастак!
Ты думаеш, што назаўсёды ўцёк ад мяне? Ніхто ў свеце не можа тое зрабіць, ніхто. Ты так баяўся, Антон, нашых размоў пра Біблію, думаючы, што я цябе хачу “перакаваць у сваю веру”, што, уцякаючы, спаліў усе масты, спадзеючыся, што ніколі не азірнешся на мяне, нават забудзеш пра маё існаванне. Хаця ў мяне няма ніякай веры. Ні да кога. Не буду ні ў чым табе пярэчыць і пераконваць у нечым. Бог з табой. Ты ўсё роўна выконваеш Волю – не маю, дык нечыю, а дакладней, Бога твайго Адзінага… І тут я табе не замінаю – на здароўе.
Адкажы мне, хлопча, ці ведаеш ты што-небудзь пра эсеяў – эсейскую секту? Думаю, што не. Як і не ведаеш разам з усімі вернікамі пра тое, адкуль узялася Біблія, і ці быў у рэальнасці Іісус Хрыстос… Не крывіся, калі ласка, дачытай усё ж да канца.Цябе хіба не здзіўляе той факт, што вучоныя ўсяго свету з даўняй пары звярнулі ўвагу на той факт, што не адшукалася ніякіх крыніцаў і сведчанняў, якія пацвярджалі б Яго існаванне. А потым за кароткі адрэзак часу нечакана з’явілася процьма Евангеліяў пра жыццё Іісуса і пра цуды, створаныя Ім. Але царква пазней прызнала з іх толькі чатыры. На чым жа тады магло грунтавацца Святое Пісанне?..”
– Што ж ты зноў ад мяне хочаш, Анатас? – прамовіў я ўслых. – Я табе як бяльмо ў тваім гузікавым воку.
За спіной пачуўся слабенькі рогат, нешта зашуршэла, быццам нехта варочаўся на перасохлай саломе. Азірнуўся. Нікога не ўбачыў. І пачуўся тады ж прыглушана-пакрыўджаны голас:
– Ды нічога не хачу я ад цябе. Я знаходжуся побач з табой, і ты мяне не бачыш, Антон. Мог бы паказацца табе, але не буду тое рабіць. А ты чытай, чытай далей, а не хочаш чытаць, то давай паразмаўляем на гэтую тэму. Падыскутуем?
У мяне яшчэ не прайшло здзіўленне і здранцвенне, але пастараўся быць спакойным, папытаўся толькі:
– І ты потым адстанеш ад мяне?
– Адстану, слова даю.
– Назусім?
– Мо і не назусім, але надоўга. Надакучваць не буду, абяцаю толькі, што не буду ўмешвацца ў тваё жыццё. Ты падарожнічаў па Ягіпце, праязджаў нават паўз пячоры Кумранскіх гор, што знаходзяцца каля Мёртвага мора. Тпам, у тых пячорах, пастушок выпадкова ўбачыў расшчэліну ў гары, спусціўся і наткнуўся на скручаныя скураныя лісты. То потым ужо спецыялісты прызналі ў іх світкі – свяшчэнныя тэксты рэлігійнай секты эсеяў. І зразумелі, што яны былі створаны яшчэ да новай эры, – другое ці першае стагоддзе. Іх так потым і назвалі – кумранскія світкі. А я бачыў, як сектанты хавалі іх у тым таяніку. Я мог бы і знішчыць іх, але чамусьці захацелася раскрыць людзям тайну свтарэння хрысціянскай Бібліі, падман, які адбыўся пасля…