Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » За кiпучай чэкiсцкай работай
За кiпучай чэкiсцкай работай - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

За кiпучай чэкiсцкай работай

Электронная книга - «За кiпучай чэкiсцкай работай». Краткое содержание книги:

Сцэны з жыцьця катаў — вынiк шматгадовага архiўнага пошуку, у якiм праз iронiю дакумэнта дасьледуецца ўнутранае жыцьцё НКВД, мэханiзмы цэнзуры i драма сучаснага маральнага выбару, адкрываюцца невядомыя старонкi нацыянальнай трагедыi.
1 ... 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39
Перейти на страницу:

Адказ у «Літаратуру і мастацтва» пісаўся з халоднай ярасьцю.

Дырэктар літаратуры і яго заступнікі

…Абарона незаслужана пакрыўджанага — сьвятая справа. Чым, аднак, мяне моцна ўражваюць апанэнты — вучоныя-літаратуразнаўцы, дык гэта нетаропкасцю, зь якой яны выступаюць на баку ісьціны. В. Каваленку спатрэбіўся адзін год і адзін месяц, каб выказаць сваё меркаваньне наконт маіх публікацыяў, У. Казьберуку — ужо чатыры гады з паловай. Калі так пойдзе далей, дык працяг размовы будзе ў наступным тысячагодзьдзі.

Зрэшты, я ўпэўнены, што размова пра катаў і ахвяраў будзе ісьці яшчэ доўга. Хаця б з адной прычыны: каты не панесьлі ніякага пакараньня, ахвяры дагэтуль застаюцца ахвярамі. Ведаю гэта па сваёй працы ў якасьці сябра «Мартыралёгу Беларусі» і члена Камісіі пры Вярхоўным Савеце ў справах ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Існуючая ўлада абараняе былых катаў, бо ёй патрэбныя каты новыя. Стаўленьне грамадзтва — апатыя і абыякавасць, дастаткова паглядзець на Курапаты, дзе дагэтуль няма ня тое што помніка — простай агароджы, як гэта мае быць на могілках.

У сваім выступленні «з адлегласці» У. Казьбярук, тым ня менш, паўтарае старую аргумэнтацыю В. Каваленкі: В. Барысенка паводзіў сябе у 30-я гады як і многія іншыя (вінаваты «агульны фон»), а потым, пасьля XX зьезду ён перавыхаваўся і надалей быў сьціплым і сумленным вучоным і арганізатарам навукі. Для пацьвярджэньня першага тэзысу прыводзіцца стос прозьвішчаў беларускіх пісьменьнікаў, якія, на думку У. Казьберука, паводзілі сябе так як В. Барысенка.

«Ня толькі прыемнае давялося б гаварыць пра Купалу з Коласам», — папярэджвае аб пагрозьлівай небясьпецы аўтар.

Дык можа ўжо час нашым вучоным адмовіцца ад звычкі гаварыць толькі прыемнае? І паспрабаваць перайсьці да праўдзівага? Тады, дарэчы, ніводнаму сумленнаму і кампэтэнтнаму дасьледніку ў галаву ня прыйдзе ставіць на адну дошку няштатнага супрацоўніка органаў, чые спэцдопісы падшываліся ў сьледчую справу, і Купалу з Коласам, растаптаных з дапамогай «літаратуразнаўцаў ад НКВД». І не шкадаваць трэба, што акадэмічная «Гісторыя беларускай літаратуры», выдадзеная пад кіраўніцтвам В. Барысенкі, не ўдастоеная дзяржаўнай прэміі, а пісаць сапраўдную трагічную гісторыю беларускай літаратуры са скалечанымі і зьнявечанымі лёсамі яе лепшых творцаў. Дзякаваць Богу, такія дасьледаваньні робяцца. Пра гэта сьведчаць, дарэчы, і шмат якія публікацыі «Ліма». Але робяцца ня ўсімі і не пра ўсіх.

В. Барысенка — зусім не «адзін з многіх іншых», на чым так акцэнтуюць увагу яго абаронцы (быццам гэты аргумэнт магічна здымае пытаньне адказнасці). І справа ня толькі ў тым, што асабістая творчая, навуковая спадчына намэнклятурнага заіла блізкая да нуля, што не перашкодзіла яму атрымаць усе магчымыя званьні і выгоды. Пасада дэкана літфакультэту Менскага пэдінстытуту (з 1932), а потым дырэктара Інстытуту літаратуры АН БССР (з 1937 па 1973 г.) надавала яго «крытычным» артыкулам сапраўды забойную сілу. Яго баяліся і ў яго вучыліся калегі па заплечным літаратуразнаўстве, яго «закрытыя рэцэнзіі» калечылі лёсы. Невыпадкова менавіта яго вылучыў з пагромнай каманды 30-х гадоў Уладзімір Конан у самай першай публікацыі аб сталіншчыне ў Беларусі ў «Звяздзе» («Узяць з гісторыі агонь», 22 снежня 1987).

Пасьля таго ў рэдакцыю прыйшоў сын адной з ахвяраў В. Барысенкі, У. Мазур, было апублікавана яго пісьмо «Помню высакароднасць, помню подласць» («Звязда», 27 сакавіка 1988). Бацька, Ігнат Мазур, аўтар чытанак для школьнікаў, пасьля іх разгрому Барысенкам быў выключаны з партыі, хаваўся, быў арыштаваны і адпраўлены на расстрэл — выратаваў яго цуд.

У рэдакцыю з абвяржэньнем зьвярнулася дачка Барысенкі, супрацоўніца Інстытуту літаратуры. У выніку карпатлівай праверкі быў надрукаваны матэрыял «Закрытая рэцэнзія» («Звязда», 31 ліпеня 1988). У. Казбярук гэтую публікацыю ня згадвае. Ці не таму, што яна юрыдычна доказна сведчыць аб асабістай канкрэтнай віне Барысенкі.

Прывяду яшчэ адзін дакумэнт з Нацыянальнага архіву Беларусі, які ніколі не друкаваўся.

«З вызначэння Судовай Калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага Суда БССР па пратэсту пракуратуры на пастанову Асобай Нарады пры НКВД СССР ад 5.08.1939 г., па якой асуджаны Замоцін Іван Іванавіч, 1873 г. н., акадэмік АН БССР, член-карэспандэнт АН СССР, — на 8 гадоў папраўча-працоўных лягераў.

У якасьці доказу шкодніцкай дзейнасьці Замоціна да справы былі далучаныя рэцэнзіі на шэраг яго прац і акты Камісіі АН БССР, у якіх адзначалася, што навуковыя працы Замоціна прапагандуюць буржуазную ідэалогію, беларускі нацыяналізм і расейскі вялікадзяржаўны шавінізм, што паводле свайго зьместу гэтыя працы зьяўляюцца палітычна шкоднымі.

У працэсе дадатковай праверкі экспэртная камісія дала заключэньне аб тым, што працы акадэміка Замоціна ўяўляюць несумненную навуковую каштоўнасьць, а вывады Камісіі АН БССР і рэцэнзэнтаў у 1938 г. зьяўляюцца неабгрунтаванымі і няслушнымі.

Барысенка В. В., які ганьбаваў раней навуковыя працы Замоціна, цяпер працуе дырэктарам Інстытуту літаратуры і мастацтва АН БССР, у сваім водгуку аб Замоціне, напісаным у 1956 г., адзначае, што Замоціна ён ведаў на працягу 10 гадоў толькі са станоўчага боку».

Іван Іванавіч Замоцін загінуў у лагеры ў траўні 1942-га. У «Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі», першы том якой выйшаў у 1993-м, у артыкуле Л. С. Савік непасрэдны ўдзел Барысенкі ў зьнішчэньні людзей адлюстраваны наступным чынам: «У некаторых артыкулах і рэцэнзіях 1930–40-х гадоў аддаў даніну вульгарнаму сацыялагізму». (Дарэчы, цераспалосіца падыходаў у гэтым, несумненна, цікавым выданьні такая, што міжволі думаеш, што час для праўдзівай гісторыі ўсё ж яшчэ не настаў — занадта блізкае мінулае ўчэпіста трымае шмат якіх аўтараў.)

«Вучоны флюгер», як ахрысьціў В. Барысенку ў сваёй вядомай эпіграме Сяргей Грахоўскі, ў 50-я гады, ды і пазней, трымаўся строга па ветру. У публікацыі «Дырэктар літаратуры» прыводзяцца тлумачэньні дырэктара аб справе І. Мазура, датаваныя 1955 годам, калі той вымушана прызнаецца ў зьдзейсьненым. Дарма ў іх шукаць намёк на пакаяньне — усё тая ж спасылка на «агульны фон», якую зараз, нібы ваду ў ступе, таўкуць яго заступнікі. Я перапісваўся, сустракаўся з ахвярамі акадэміка, іх дзецьмі. Ні разу не пацікавіўся гэты, па вызначэньню У. Казьберука, «сумленны, добразычлівы і спагадлівы» чалавек далейшым лёсам арыштаваных, а потым рэабілітаваных людзей, іх сем'яў. Як амаль нічога не зрабіў для вяртаньня ў літаратуру дзясяткаў імёнаў закатаваных ў 30-я гады пісьменьнікаў і іх твораў.

Не хачу паўтараць аргумэнтацыю і факты, якія выкладзеныя ў маіх публікацыях 1987–89 гадоў. У. Казьбярук называе іх «разносна-пагромнымі». Хаця б ў чыста філалагічных мэтах, дзеля правільнага ўжываньня складаных прыметнікаў у будучым, раю апанэнту пачытаць В. Барысенку. Напрыклад, яго першую значную працу «Нацдэмаўская літаратуразнаўчая мэтадалёгія М. Гарэцкага». Ці пасляваенныя выступленьні «Шкодны дакумэнт (аб нацыяналістычных скажэньнях у праграмах па беларускай літаратуры для ВНУ)», «Супраць нізкапаклонства перад буржуазнай культурай», «Супраць касмапалітызму ў літаратуразнаўстве». Гэтыя ды іншыя опусы можна знайсьці ў акадэмічнай бібліятэцы — калі, канечне, заступнікі Барысенкі не ўзялі на ўзбраеньне няўдалы вопыт Лукаша Бэндэ (у такім выпадку магу ахвяраваць некалькі сваіх копіяў).

Цішэй, на думку заступнікаў, трэба называць імёны памагатых катаў, больш «добразычліва» корпацца ў архівах, заплюшчыць вочы і закрыць вушы, каб ня чуць разьюшанага бою крытычнай зграі…

На шчасце, так думаюць ня ўсе. Пасьля публікацыі артыкула «Дырэктар літаратуры» з падтрымкай званілі многія, у тым ліку былыя падначаленыя Барысенкі — супрацоўнікі Інстытуту. Пазваніў і Фёдар Міхайлавіч Янкоўскі. Мы зь ім не былі знаёмыя. Янкоўскі расказаў, як у 1938 годзе на сустрэчы са студэнтамі-завочнікамі Барысенку перадалі запіску з пытаньнем пра Кузьму Чорнага — дзе ён, як, ці піша. Барысенка падняў запіску, абшарыў залю поглядам.

1 ... 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)