Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў
- Автор: Бахаревич Ольгерд Иванович
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў». Краткое содержание книги:
Першым прыходзіць Леанід — гэтак яна яго называла, прычым імя прылучалася адразу ж. Яна неяк стаяла ля парку і ўсміхалася ў кветнік, гледзячы на кінутае кімсьці плюшавае шчанё. Леанід таптаўся паблізу, пазіраў на яе і ўдаваў, што нехта спазьняецца з ім на сустрэчу, потым наважыўся, падыйшоў, запытаўся, заікаючыся: „Не падкажаце... тут спортклюб...” Яна была зачараваная ім, ягонай футболкай з кароткімі рукавамі, і яна стаяла, нічога не адказваючы, захопленая, як шчанём. Так яны стаялі можа хвіліну, Леанід, відаць, палічыў яе за глухую, павярнуўся і пайшоў, а яна яшчэ, помніцца, доўга ўсміхалася яму ўслед. Потым яна сніла яго колькі разоў і нават набыла яму кашулю з натуральнае шэрсьці.
Наступнай завітвае сяброўка. Імя ёй прыбіральшчыца так і не прыдумала — якое ні вазьмі, ніводнае не пасуе. Гэта здарылася зімою. Яна толькі прыйшла, зьняла халат, і тут армагедонна зароў званок... здалося, што ўключыўся, скінуўшы пыл, тэлевізар, што выскачылі з шуфлядаў і затачылі, непрыстойна торгаючыся, відэльцы і лыжкі, што абрынулася столь, пад якой жаласьліва віскнула жырандоля. Аглушаная, прыбіральшчыца адамкнула дзверы. Гэта была кабета з хрысціянскага саюзу, яна раздавала маленькія, падобныя на пашпарты, бібліі й збірала грошы на пабудову храма. Кабета гаварыла светлым, пяшчотным голасам, такія галасы могуць нараджацца толькі ў жыватах цяжарных. Прыбіральшчыца глядзела на яе і думала, як добра было б гутарыць з такой сяброўкай пра кветкі, удыхаць дымок яе тонкай цыгарэты, хадзіць на шпацыр у парк па нядзелях. Кабета яшчэ пыталася пра нешта, паступова голас цямнеў, а прыбіральшчыца маўчала — яна ўжо прыдумвала сяброўцы імя. Тая пастаяла яшчэ, пазначыла нешта ў сшытку і пачала падымацца на наступны паверх
А вось і Інакенцій Мікалаевіч зайшоў, Кеша, гэтак яна яго называе, і ён зусім ня крыўдзіцца. Кеша прыйшоў, і будзе весела сёньня ў іх маленькай сям'і. У той дзень прыбіральшчыца йшла з працы, на лаўцы сядзелі некалькі мужыкоў, і адзін зь іх пад бляск сваіх залатых зубоў хваліў некага з правадыроў, даўно памерлага. Яна падзівілася, як спрытна гэта ў яго атрымліваецца: хваліць-хваліць, але блісьне золатам з-пад тонкіх губ, і герой-вызваліцель адразу займеў клоунскі нос, і распаўзаюцца ягоныя пантофлі, і скура ператвараецца ў парусіну. Жартаўнік Кеша заўважыў, што прыбіральшчыца глядзіць на яго, і нечакана падміргнуў... Паліліся лёды з рук дашкалятаў, сонца зайграла на вершалінах таполяў, струменьчік поту гнуткім пальцам упаў пад спадніцу... Яна была закаханая ў яго тры, не, чатыры дні, але цяпер яны сябры, чуеш, Кеша, сябры.
А Галі пакуль што няма. З ёю прыбіральшчыца пазнаёмілася, калі страціла аднойчы прытомнасць у парку, страціла невядома ад чаго, як губляюць тэлефонную картку. Над ёй схіліўся дзявочы твар, Галя дапамагла ёй падняцца... „Вам кепска?”... і з пачуцьцём выкананага доўгу дзяўчо пабегла да тралейбусу. Відаць, у Галечкі сёньня іспыт або кансультацыя, усё ж чэрвень, экзамэнацыйная сьпёка.
Субота, і прыбіральшчыца прымае гасьцей. За сцяной, у камодзе пад гадзіннікам ляжаць старыя часопісы, нажніцы і клей. Заўтра трэба памыць акно. А ўвечары яна пойдзе ў парк, вернецца, і можна будзе зноў узяцца за выразкі. Прыбіральшчыца адплюшчвае вочы, вусны яе скажае млявая ўсмешка.
Дабранач, госьці, да наступнай суботы!
1998
РАМОНТ ГАДЗІНЬНІКАЎ
Талёнчык у руцэ Рамонта Гадзіньнікава ўжо пасьпеў ператварыцца ў жменю мокрага драўлянага пылу, калі аўтобус „Цэнтр — Затрамвайшчына” урэшце падпоўз да канцавога прыпынку. Спатыкнуўшыся аб выцягнутую ўпоперак праходу нагу кіроўцы, Рамонт невядома чаму ўдаў на твары вінаватасьць і лёгка саскочыў на родную зямлю. Пачуцці перапаўнялі яго; тэстамі ён растлумачыў прадаўцу бліжэйшага шапіка, што хоча набыць цукерак, расплаціўся і пашыбаваў далей, да шэрых з жоўтымі плямамі будынкаў, якія віднеліся за аўтастаянкай.
Гаварыць ён быў няздольны, гэткая тоўстая радасьць сьціснула яму горла. Вочы прагна паглыналі навакольле. Тут, па гэтай вуліцы, яго некалі імчала з роддому таксі, і ўвесь сьвет быў для Рамонта толькі бацькавым чырвоным шалікам, тут ён некалі быў забіты каменчыкам, калі гуляў у вайну зь Пятровым і Вераб'ём. Тут. Тут. Тут. Толькі пасьля таго, як Рамонт зьехаў з Затрамвайшчыны, да яго дайшло, што дзевяціпавярховыя будынкі, у якіх яны жылі, былі калісьці пастамэнтамі гіганцкіх помнікаў. Затым помнікі зьнеслі, у пастамэнтах прарубілі норы, правялі электрычнасьць, газ, вадаправод і аддалі пад жытло рабочым затрамвайшчынскіх заводаў, якія і сталі першымі жыхарамі новага мікрараёну.