Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Хацелася і пакупацца ў салёным халодным моры. У тым, якое мне паказваў капітан, ды згуляць з прыгожымі паненкамі ў валейбол, палюбавацца іх пругкімі маладымі грудзьмі, ды запрасіць якую на шпацыр...
Але адразу абсек сябе. Добра яшчэ, калі Яніна не чуе маіх дураслівых думак, а то і ад яе наслухаўся б папрокаў-кпінаў...
Нехта адабральна хіхікаў за маёй спіной. Але не спужаўся, бо ведаў, хто сачыў за мною, хто кіраваў і скіроўваў мае дзеянні і ўчынкі... Ніякіх сігналаў і слоў у адказ – як і дамаўляліся.
Зірнуў яшчэ раз у люстэрка. Адзначыў, што твар мой амаль абыякавы. Думкава загадаў сабе: “Так трымаць!”, – і пакінуў свой пакой.
Успомнілася чамусьці Жана. З ёю нават і не пагаварыў, як след, не папрасіў даравання за ўсё…
Ішоў, а куды ішоў, не ведаў...
Як і не ведаў, што чакала мяне наперадзе. Але я нават і думкі не дапускаў, што можа ўсё адбыцца не так, як меркаваў, як хацеў...
Яніна чакала мяне на прасторным калідоры. Стаяла і ўсміхалася:
– Вы гатовы да прэзентацыі, шаноўны спадар – галоўны мастак Антон?
– А ўжэ ж, я ж не магу адмовіцца ад запрашэння нашага дарагога капітана Нэма. Вядзі мяне, бо я ніводнага разу не быў у той зале, дзе будзе наладжана дзейства, шабаш, як ён кажа!
Прамовіў гучна, недзе і весела, стараючыся прытрымлівацца свайго бесклапотнага настрою, з якім і пачаў паход. Сітуацыя таго вымагала.
Яніна ў тым жа адзенні, што і кожны дзень, хіба на белую сваю блузку прычапіла маленькую брожачку – чырвоненькую сунічку. А ў мяне на шыі тоненькі шаўковы шарфік, – у мяне “прастуджана горла”.
– Пайшлі, – прамовіла спадарожніца, – праз нейкі час пачынаецца ўрачыстасць, і Анатас прасіў нас не спазняцца.
– Не спазняцца? – вырвалася ў мяне нечакана. – Капітан Нэма казаў, што тут ніхто ніколі і нікуды не спазняецца. Адступае ад сваіх прынцыпаў-правілаў?
– Не, не адступае, – уступілася яна за Алкепава. – Такое праходзіць рэгулярна. Раз у тысячу гадоў. Вось сёння такая нагода. Урачыстая нагода. У твой гонар. Ён так стараецца дагадзіць табе. Толькі не разумею, чаму?
– І я не ведаю, хоць забі мяне.
Яніна, як вопытны гід, вяла мяне па асветленых калідорах. Абцасікі туфляў нячутна ступалі па мяккім кіліме.
Калі выйшлі на больш прасторны калідор, ўбачылі, што па ім ішлі, амаль беглі, спяшаючыся, людзі.
Былі яны розных узростаў.
Розных стагоддзяў.
З розных краінаў.
Абыякавыя твары, погляды як у вар’ятаў. І як толькі Алкепаву ўдалося іх аб’яднаць такую бястварную масу?
Мы выходзілі з калідора ў калідор, з завулка ў завулак. Кожны раз наш шлях шырыўся і шырыўся, і столь падымалася вышэй і вышэй... Уражанне, што мы недзе на тлумнай карнавальнай вуліцы Барселоны ці Буэнас-Айрэса, пад час нейкага вялізнага фэста...
Нас пачалі ўжо сціскаць з розных бакоў, і мы ледзьве не згубіліся, расчапіўшы рукі. Але цудам утрымаліся, і потым ужо стараліся рухацца неяк асобна ад агульнага рэчышча, хаця нам тое ўдавалася з вялікімі намаганнямі...
Дзіўным было тое, што ўсе ўдзельнікі гэтага бязмежнага натоўпу былі халодныя, бы лёд, і – безжыццёвыя. А мы з Янінаю падобныя на чалюскінцаў, заціснутых глыбамі-ільдзінамі. Прадыхнуць немагчыма. Нейкі вярзіла, пад тры метры ростам, паспрабаваў уклініцца між намі, адпіхнуць маю спадарожніцу …
Нешта закрычала ад страху Яніна, выдаўжыўшы ў мой бок рукі, з усіх сілаў цягнуўся да яе і я. Але ўсё было дарэмным, у нас не ставала сілы супрацьстаяць гэтай вар’яцкай плыні, гэтай безаблічнай масе…
Бачыў, як, знепрытомнеўшы, асела на падлогу Яніна. Я памкнуўся, адштурхоўваючы ў розныя бакі ледзяныя глыбы, да яе. Падбег, падняў з падлогі…
А потым людзей стала меней. Яны пачалі расцякацца, улівацца вузкімі раўчакамі ў розныя дзверы.
Адышлі ўбок, каб аддыхацца, прыхінуліся да сцяны.
– Цяпер – пара, – прамовіла мая гід, і першай, вызваліўшы руку, пайшла-паспяшалася следам за апошнімі са спадарожнікаў.
Падышлі да вялізнай праёміны, убачылі белыя, расчыненыя насцеж, дзверы. Пераступілі парог і апынуліся ў нейкім іншым і незнаёмым асяродку. Чулася слабая людская гамана, дзынканне відэльцаў ці лыжак аб сподкі, бульканне напояў, якія налівалі ў фужэры ці куфлі... Закувала зязюля – пракукавала тры разы і змоўкла, папярхнуўшыся. Недзе над намі па сухім дрэве пачаў дзяўбсці дзяцел, адбіваючы некаму “марзянку”…
Ішлі паўз калоны і ствалы дрэваў, чапляючыся за сухія галіны, Альшанская аб патырчаку парвала на плячы блузу. Я ж разадраў да крыві шчаку.