Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Нездарма астраномы назіралі, як час ад часу на паверхні Станцыі ўздымаюцца струмені нейкага газа, як з коміна вясковай хаты імкнецца ў неба дым. Такі эфект можа даваць крыніца энергіі гіпатэтычнага касмічнага карабля, якая дзейнічае і сёння, мэтанакіравана пашкоджанага і пазбаўленага жыхароў у выніку нейкай ці то анамальнай катастрофы, ці “зорных войнаў” вельмі-вельмі-вельмі далёкага мінулага. Можа, яшчэ і тады, калі Бог не ствараў Зямлю.
Для чаго звышразумныя людзі стварылі Месяц – Касмічную Станцыю? Можам адказаць так – своеасаблівы ліхтар для асвятлення неба. Чалавек такое зрабіць не мог, не дарос да гэтага. Бо мы і па сёння не можам авалодаць тэхналогіяй стварэння такога Свяцільніка. Смелыя фантазёры прапаноўвалі нават абсталяваць на Месяцы вялізнымі сонечнымі батарэямі, і пры дапамозе электрахваляў перадаваць энергію на зямлю. Але гэта толькі праект ці прапанова.
Калі мы будзем гаварыць, як уздзейнічае чалавек на космас, то трэба прыняць за аснову ісціну, што без нашага Спадарожніка жыццё на зямлі не можа як нарадзіцца, так і існаваць. Касмічная Станцыя, мусіць, першапачаткова была створана як “гравітацыйны якар”, “тормаз”, “абмежавальнік”, які не дапускае таго, каб нашая планета Зямля круцілася вакол сваёй восі бязладна, – з днём, які раўняецца шасці гадзінам, невыноснай зімой і пякельным летам. Ведаючы такі факт, што Месяц аддаляецца ад Зямлі на нейкія міліметры ў год, касмічныя вучоныя нават пачалі планаваць ідэі адносна захавання стабільнасці на нашай Зямлі…
Так што Месяц нельга назваць “мёртвымі старадаўнімі папялішчамі”. Касмічная Станцыя працягвае існаваць і жыць, невядома толькі з якой актыўнасцю. Астраномы прыкмячаюць на ёй аб’екты, якія рухаюцца, быццам светлячкі ў траве. Як спрычыніліся ўладальнікі НЛА да стварэння гэтай Станцыі? Ніхто не ведае. Гэта яны падтрымліваюць жыццядзейнасць нейкай невядомай нам апаратуры? А можа ў іх задачу і ўваходзіць проста назіраць за намі? А, можа, тыя НЛА належаць Вышняму, які і стварыў нас, жыхароў Зямлі, – «утварыліся свяцільні на цвердзі нябеснай, каб выпраменьваць святло на зямлю, створаную Творцам…» Можа, гэта і ёсць Яго эксперымент, а штучны Месяц-Станцыя – канчатковы вынік, элемент гэтага праекта?
Такія наведвалі мяне думкі і разважанні, калі я знаходзіўся сярод першага экіпажу астранаўтаў, якія дасягнулі Месяца. Сам не ведаю, адкуль яны браліся, хто іх укладваў у маю памяць і галаву.
…«Апалон» рухаўся ў кірунку Месяца. Пасля кароткага паседжання астранаўты рашылі: не адхіляцца ад намечанага курса, а пастаўленую перад імі праграму-задачу выканаць, – чаго б тое ні каштавала…
Не-не, ды і кіне Нэйл позірк за акно, на калег, дэманструючы спакой і ўпэўненасць. На мяне кінуў не раз позірк, каб пераканацца, як я сябе паводжу ў гэтай сітуацыі. Але, не заўважыўшы на маім твары ні трывогі, ні страху, усміхаецца – гэта яго задавальняе…
Месяц прыблізіўся да нас аккурат так, як я бачыў яго з каюты «Алкепа»…
«Апалон-11» стартаваў 16 ліпеня ў 13 гадзінаў 32 хвіліны па Грынвічу, а выйшаў на месячную арбіту праз семдзесят шэсць гадзінаў. Камандны і месяцовы модулі планавалася раздзяліць прыкладна праз сто гадзінаў пасля старту.
Абляцеўшы вакол «Касмічнага Карабля», Нэйл Амстронг камандуе:
– Спускаемся!
Але перад пасадкай звязваецца з Цэнтрам кіравання палётам на зямлі. Зямля адказвае:.
– Здзейсняйце пасадку на паверхню Месяца ў аўтаматычным рэжыме.
Нэйл у роздуме, глядзіць на сваіх сяброў, быццам раіўся з імі, але для экіпажа мовіць нечаканае:
– Не, я не магу тое зрабіць. Аўтаматыка аўтаматыкай, але я давяраю ёй толькі напалову. Таму і садзіцца будзем у паўаўтаматычным рэжыме. Матывацыя? Аўтаматыка – не чалавек, мы больш здольныя найлепш выбраць пляцоўку.
Цяпер зноў думае зямля і не пярэчыць рашэнню камандзіра:
– Ладна, хай будзе па-твойму, Нэйл. Удалай пасадкі.
Перад тым, як адправіцца на месяцовую планету, я крануўся рукі Амстронга, прашаптаў:
– Нэйл, не рабі таго, што прапанаваў табе ваенна-прамысловы комплекс. Гэта – вар’яцтва. Бо загіне і Месяц, а за ім і нашая Зямля.
– Адкуль табе, Антон, вядома, якое заданне мне даў ВПК?
– Табе то якая розніца? Вар’ятам законы не пісаны… Калі не жыхары Касмічнага Карабля, дык я асабіста ўмяшаюся, не дапушчу дурноцтва, мне на зямлю хочацца вярнуцца…
Нэйл нічога не адказаў, – мусіць, палічыў мяне самога за вар’ята.