Олівер Твіст
- Автор: Диккенс Чарльз
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Переводчик: Яўген Бяласін
- Жанр: Классическая проза
Электронная книга - «Олівер Твіст». Краткое содержание книги:
Хоць Олівер і быў выхаваны філосафамі, але ён тэарэтычна не спазнаў выдатнай аксіёмы, што самазахаванне — гэта першы закон прыроды. Калі б ён яе ведаў, то, можа быць, быў бы падрыхтаваны да гэтага. Але ён не быў падрыхтаваны, напалохаўся яшчэ больш і памчаўся, як вецер, а за ім стары джэнтльмен і абодва падлеткі.
«Трымай злодзея! Трымай злодзея!» Гэтыя словы гучаць магічна. Прадавец пакідае свой прылавак, возчык свой воз, мяснік сваю лаўку, пекар свой латок, малочнік свой бідон, рассыльны свае пакункі, школьнік свае шарыкі, дарожны майстар сваю кірку, дзіця свой валан. І вось яны імчацца хто як можа, пярэкулем, галава-ногі, штурхаюцца, гарлуюць, збіваюць сустрэчных, калі заварочваюць за вугал, даюць перапалоху сабакам і здзіўляюць курэй, а вуліцы, скверы і двары адбіваюць рэхам увесь гэты галас.
«Трымай злодзея! Трымай злодзея!» Крык падхопліваецца сотняй галасоў, а натоўп павялічваецца на кожным рагу. Імчыцца пагоня, шлёпаючы па гразі, тупаючы па тратуарах; прачыняюцца вокны, з дамоў выбягаюць людзі, наперад імчыць гурт, гледачы пакідаюць Панча ў кульмінацыі яго прыгодаў, далучаюцца да бегу, падхопліваюць крык і з новай энергіяй гарлуюць: «Трымай злодзея! Трымай злодзея!»
«Трымай злодзея! Трымай злодзея!» Жарсць паляваць на каго-небудзь глыбока прыхаваная ў людскіх грудзях. Няшчаснае, змучанае дзіця, што задышліва хапае паветра, са страхам у вачах, глядзіць так, нібыта канае, і вялікія кроплі поту збягаюць уніз па твары, хлапчаня высільвае кожны свой нерв, каб уцячы ад пагоні, а пераследнікі вісяць на пятах і штохвіліны ўсё бліжэй, і вось яны з радасцю бачаць, што сілы пакідаюць бегляка, і яшчэ гучней гікаюць і равуць: «Трымай злодзея!» Гэй, дзеля Бога, трымай яго, хоць бы ты і спачуваў ахвяры!
Нарэшце ёсць. Спрытна ён яго. Малы злодзей ляжыць на тратуары, а натоўп з цікаўнасцю акружае яго, і кожны з тых, хто толькі што прыйшоў, працярэблівае сабе дарогу, каб хоць разок паглядзець.
— Адыдзіце ўбок! — Дайце яму дыхнуць! — Лухта! Ён гэтага не заслугоўвае! — Дзе той джэнтльмен? — Вось ён, падыходзіць па вуліцы. — Дайце месца джэнтльмену. Гэта той самы хлопчык, сэр? — Так.
Олівер ляжаў, пакрыты граззюй і пылам. З яго рота цякла кроў. Ён дзіка азіраўся на плойму твараў, якія атачалі яго. Тут самыя імклівыя пераследнікі паслужліва падвялі і праштурхалі ў круг старога джэнтльмена.
— Так, — сказаў ён, — баюся, што гэта той самы хлопчык.
— Баіцца! — прамармыталі ў натоўпе. — Добры дзядзька.
— Бедны хлапчына! — сказаў стары джэнтльмен. — Ён параніўся.
— Гэта я зрабіў, сэр, — сказаў, робячы крок уперад, малады бамбіза. — Вось, разбіў кулак аб яго зубы. Гэта я затрымаў яго, сэр.
Бамбіза з ухмылкай даткнуўся да капелюша ў чаканні атрымаць што-небудзь за працу, але стары джэнтльмен паглядзеў на яго з непрыязнасцю, спалохана азірнуўся навокал, як быццам ён сам збіраўся кінуцца наўцёк. Цалкам магчыма, што ён паспрабаваў бы гэта зрабіць, і пачалася б другая пагоня, калі б у гэты момант не падышоў паліцыянт (яны ў такіх сітуацыях заўсёды з’яўляюцца апошнімі) і не прабраўся ў цэнтр натоўпу, каб схапіць Олівера за каўнер.
— Давай, уставай! — груба сказаў ён.
— Гэта не я, сэр, насамрэч не. Напраўдзе, гэта два іншыя хлопчыкі, — сказаў Олівер, роспачна сціскаючы рукі і азіраючыся навокал. — Яны дзесьці тут.
— О не, іх тут няма, — адказаў палісмен. Ён хацеў, каб гэта прагучала іранічна, але гэта і насамрэч было так, бо Махляр і Чарлі Бэйц уцяклі праз першы прыдатны двор. — Ну, уставай!
— Не крыўдзіце яго! — спачувальна сказаў стары джэнтльмен.
— О не, я яго не пакрыўджу, — адказаў палісмен і ледзь не садраў з Олівера куртку, каб даказаць сказанае. — Пайшлі,ведаю я цябе. Твой нумар не пройдзе. Ты станеш на ногі ці не, шатан ты малады?
Олівер, які ледзьве мог трымацца на нагах, паспрабаваў устаць, і адразу яго павалаклі за каўнер па вуліцы. Джэнтльмен пакрочыў за палісменам. Тыя, хто мог паспець, забеглі наперад і раз-пораз аглядваліся на Олівера. Хлопчыкі пераможна крычалі, а гурт працягваў свой шлях.
РАЗДЗЕЛ ХІ
апавядае пра містэра Фэнга, паліцэйскага суддзю, і злёгку крытыкуе яго манеру адпраўляць правасуддзе
Злачынства здарылася ў межах сумнавядомага паліцэйскага ўчастка сталіцы, зусім блізка ад паліцэйскага офіса. Натоўп меў шчасце суправаджаць Олівера яшчэ па двух ці трох вулках уніз па раёне, які называецца Матэн-хіл*. Потым яго пад нізкай аркай правялі ў задні брудны двор гэтай усеагульнай прылады раздачы справядлівасці — у двор паліцэйскага суда. Гэта быў маленькі брукаваны дворык. Тут іх сустрэў мажны мужчына з кусцістымі бакенбардамі і звязкай ключоў у руцэ.