Олівер Твіст
- Автор: Диккенс Чарльз
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Переводчик: Яўген Бяласін
- Жанр: Классическая проза
Электронная книга - «Олівер Твіст». Краткое содержание книги:
Нарэшце неяк уранні Олівер атрымаў дазвол, якога так жарсна прагнуў. Ужо дні з два ці тры не было ніводнай насоўкі, каб апрацаваць яе, і абеды былі ўбогімі. Мабыць, з гэтай прычыны стары джэнтльмен даў дазвол. Так ці не, але ён сказаў Оліверу, што таму можна ісці, і памясціў яго пад супольную апеку Чарлі Бэйца і яго сябра Махляра.
Хлопцы ўтрох рушылі ў дарогу. Махляр ішоў, як звычайна, у кашулі з закасанымі рукавамі і ў заламаным набок капелюшы, Мастэр Бэйц крочыў, засунуўшы рукі ў кішэні; паміж імі Олівер — у роздуме, куды яны ідуць і найперш, якому рамяству яго будуць вучыць.
Яны ішлі так марудна і з такой лянотай, што Олівер хутка пачаў думаць, ці не збіраюцца яго кампаньёны падмануць старога джэнтльмена і зусім не пайсці на працу. У Махляра, да таго ж, была кепская звычка сцягваць у меншых хлопчыкаў кепкі і закідваць іх у двары, а Чарлі Бэйц меў, як высветлілася, вельмі няўхвальнае разуменне права прыватнай уласнасці: ён краў з латкоў, якія стаялі ўздоўж тратуара, яблыкі ды цыбулю і рассоўваў іх па кішэнях, якія аказваліся такімі ўмяшчальнымі, што, здавалася, былі пад яго касцюмам у любым месцы. Гэтыя рэчы выглядалі так дрэнна, што Олівер быў ужо гатовы як мага тактоўней абвясціць пра тое, што ён пойдзе адзін назад. Але раптам яго думкі скіраваліся ў зусім іншы бок, прычынай чаго сталася загадкавая перамена ў паводзінах Махляра.
Хлопцы якраз выйшлі з вельмі вузкага двара недалёка ад плошчы ў Керкэнуэле, які яшчэ цяпер немаведама з-за якой блытаніны ў тэрмінах называецца «лужок», і Махляр знянацку спыніўся ды, прыклаўшы палец да вуснаў, з найвялікшай асцярожнасцю пацягнуў сваіх таварышаў назад.
— Што здарылася? — запытаў Олівер.
— Ціха! — адказаў Махляр. — Бачыш таго старога фацэта ля кніжнага прылаўка?
— Старога джэнтльмена праз дарогу? — перапытаў Олівер. — Так, я бачу яго.
— Гэта тое, што трэба, — сказаў Махляр.
— Першы гатунак, — адзначыў Мастэр Чарлі Бэйц.
Олівер з найвялікшым сподзівам глядзеў то на аднаго, то на
другога, але яму не прыйшлося рабіць ніякіх заўваг, таму што абодва хлопчыкі, крадучыся, перабеглі вуліцу і непрыкметна падышлі да старога джэнтльмена, які прыцягнуў іх увагу. Олівер зрабіў некалькі крокаў і, не ведаючы, ісці яму следам ці вярнуцца, стаяў ды глядзеў на ўсё з бязмежным здзіўленнем.
Стары джэнтльмен выглядаў вельмі рэспектабельнай асобай з напудранай галавой і залатымі акулярамі. Апрануты ён быў у бутэлькавага колеру фрак з чорным аксамітавым каўняром і светлыя штаны; пад пахай ён трымаў адмысловы бамбукавы кіёчак. Джэнтльмен узяў з развалу кніжку і так вось і стаяў, паглыблены ў чытанне, як быццам знаходзіўся ў фатэлі ва ўласным кабінеце. Зусім можа быць, што ён насамрэч так сябе адчуваў, таму што бачна было: ён настолькі засяродзіўся, што не бачыў ні прылаўка, ні вуліцы, ні хлопчыкаў, — карацей, нічога, акрамя кніжкі, якую ён чытаў грунтоўна, перагортваючы старонку толькі пасля таго, як прабягаў яе вачыма да самага нізу, і пачынаючы наступную з самага верху. І так зноў і зноў, — з найвялікшай цікаўнасцю і прагай.
Якімі ж былі жах і перапалох Олівера, калі ён, спыніўшыся за некалькі крокаў і гледзячы на дзею шырока раскрытымі вачыма, убачыў, як Махляр засунуў руку ў кішэню старога джэнтльмена і выцягнуў адтуль насоўку! А потым перадаў яе Чарлі Бэйцу, і абодва хлопцы на поўнай хуткасці памчаліся па вуліцы і збочылі за вугал!
За адно імгненне хлопчыку стала зразумелай уся тайна насовак, і гадзіннікаў, і дыяментаў, і габрэя. З хвіліну ён стаяў нерухома, і ад жаху кроў так напірала ўнутры ўсіх яго сасудаў, што яму здавалася, быццам ён гарыць. Потым, збянтэжаны і перапалоханы, ён кінуўся прэч і, не ведаючы, што рабіць, прыпусціў на ўсю моц.
Усё гэта адбылося за якую хвілю. У той самы момант, калі Олівер кінуўся бегчы, стары джэнтльмен апусціў руку ў кішэню і, не знайшоўшы насоўку, рэзка павярнуўся. Убачыўшы ўцекача, ён, натуральна, падумаў, што той якраз і ёсць злачынцам і, крыкнуўшы: «Лаві злодзея!», кінуўся за ім услед на усёй хуткасці і з кніжкай у руках.
Але стары джэнтльмен быў не адзіным, хто ўсчаў лямант. Махляр і Мастэр Бэйц, не жадаючы сваім забегам па вуліцызвяртаць на сябе ўвагу, схаваліся ў самую першую падваротню за вуглом. Пачуўшы крык і ўбачыўшы, што Олівер уцякае, яны адразу ўцямілі, які паварот набывае справа, хуценька выскачылі з падваротні і, гарлуючы «Трымай злодзея!», як добрыя грамадзяне, узялі ўдзел у пагоні.