Олівер Твіст
- Автор: Диккенс Чарльз
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Переводчик: Яўген Бяласін
- Жанр: Классическая проза
Электронная книга - «Олівер Твіст». Краткое содержание книги:
Калі сняданак знік са стала, вясёлы стары джэнтльмен і абодва хлопчыкі распачалі вельмі дзіўную і незвычайную гульню, якая праходзіла наступным чынам: вясёлы стары джэнтльмен, паклаўшы ў адну кішэню сваіх штаноў табакерку, а ў другую — нататнік, гадзіннік — у кішэню камізэлькі (прычым ланцужок ад яго абвіваў шыю), прыкалоўшы да кашулі шпільку з фальшывым дыяментам і паклаўшы ў кішэню акулярніцу і насоўку, трушком хадзіў з палачкай туды-сюды па пакоі, капіруючы манеру старых джэнтльменаў, якія прагульваюцца вуліцамі ў любы час дня. Калі-нікалі ён спыняўся то ля агменя, то ля дзвярэй, падаючы выгляд, нібыта ён з усяе сілы разглядае вітрыны. У гэты час ён абавязкова азіраўся, баючыся злодзеяў, і па чарзе шлёпаў па ўсіх сваіх кішэнях, каб упэўніцца, што нічога не згубіў. І ўсё гэта так натуральна і камічна, што Олівер рагатаў, аж пакуль слёзы не пакаціліся па твары. Увесь гэты час хлопчыкі не адставалі ад яго, а калі ён азіраўся, то тыя гэтак спрытна знікалі з поля зроку, што нельга было ўсачыць. Нарэшце Махляр наступіў яму на нагу, а можа, і выпадкова за яго зачапіўся, а Чарлі Бэйц наскочыў на яго ззаду, і за гэты адзін момант яны паспелі зняць з яго табакерку, нататнік, гадзіннік, ланцужок, шпільку, насоўку, нават акулярніцу. Калі стары джэнтльмен адчуваў, у якой кішэні рука, то ён крычаў, у якой, і гульня пачыналася спачатку.
Калі гульня была паўтораная ўжо шмат разоў, да маладых джэнтльменаў наведаліся дзве маладыя лэдзі, адну звалі Бэт, а другую Нэнсі. У іх былі густыя валасы, закручаныя не вельмі акуратна ззаду; панчохі і чаравікі былі ў абедзвюх даволі неахайныя. Можа, яны і не надта былі прыгожыя, але колер твару быў што трэба, і выглядалі яны здаровымі і жыццярадаснымі. Яны паводзілі сябе вельмі разняволена і прыстойна, і Олівер вырашыў, што гэта вельмі мілыя дзяўчаты. Якімі, бясспрэчна, яны і былі.
Гэтыя наведвальніцы засталіся надоўга. Прынеслі віскі, таму што адна з маладых лэдзі паскардзілася, што ў яе ўнутры ўсё застыла, і пасля гэтага пачалася вельмі бойкая і павучальная гамонка. Нарэшце Чарлі Бэйц заявіў, што пара каваць капыты. Гэта, як здалося Оліверу, па-французску значыць ісці, у сэнсе выйсці, таму што адразу пасля гэтага Махляр, Чарлі і дзве маладыя лэдзі пайшлі ўсе разам: зычлівы стары габрэй прыхільна забяспечыў іх грашыма на выдаткі.
— Вось, мой мілок, — сказаў Фэджын. — Ці не файнае гэта жывоцце? Яны пайшлі на цэлы дзень.
— Яны зрабілі сваю работу, так, сэр? — запытаўся Олівер.
— Так, — сказаў габрэй. — Вось толькі хіба што падчас шпацыру ім яшчэ што-небудзь патрапіць, і яны не адмовяцца, можаш быць пэўным. — Бяры з іх прыклад, мілок, бяры з іх прыклад, — сказаў габрэй, стукаючы шуфлікам для вуголля па агмені, каб надаць сваім словам больш вагі. — Рабі ўсё, што яны табе загадаюць, і кіруйся ва ўсім іх парадамі, асабліва Махляровымі. Ён стане вялікім чалавекам. І з цябе таксама зробіць вялікага чалавека, калі ты будзеш браць з яго прыклад. Ці выглядае з маёй кішэні насоўка, мілок? — спытаўся габрэй раптам.
— Так, сэр, — сказаў Олівер.
— Паглядзім, ці зможаш ты выцягнуць яе так, каб я гэтага не адчуў. Так, як у гульні сёння ранкам.
Олівер адной рукой прытрымаў дно кішэні, а другой лёгкім рухам выкруціў насоўку з кішэні.
— Ужо выцягнуў? — крыкнуў габрэй.
— Вось яна, сэр, — сказаў Олівер, паказваючы насоўку.
— Ты разумны хлопчык, мой мілок, — сказаў гуллівы стары джэнтльмен, ухвальна гладзячы Олівера па галаве. — Ніколі не бачыў больш спрытнага хлопца. Вось табе шылінг. Калі ты будзеш так рабіць і надалей, то будзеш найвялікшым чалавекам нашага часу. А цяпер хадзем, я пакажу табе, як спорваць з насоўкі меты.
Олівер, падумаўшы, што габрэй, настолькі старэйшы за яго, павінен разбірацца ў гэтым лепш, паслухмяна пайшоў следам да стала і хутка зусім паглыбіўся ў сваю новую навуку.
РАЗДЗЕЛ Х
Олівер бліжэй знаёміцца з характарам сваіх новых таварышаў і за вялікі кошт набывае досвед. Кароткі, але вельмі важны этап у яго жыцці
Олівер не выходзіў з пакоя шмат дзён, спорваючы меты з насовак (якіх шмат прыносілі дахаты) і час ад часу беручы ўдзел у апісаных ужо гульнях, якія абодва хлопчыкі і габрэй рэгулярна ладзілі шторанку. Нарэшце Олівер стаў сумаваць па свежым паветры і шмат разоў упрошваў старога джэнтльмена дазволіць яму выйсці на працу са сваімі двума таварышамі.
Оліверу карцела пачаць працу яшчэ і таму, што ён спазнаў суворы, маральны характар старога джэнтльмена. Калі Махляр або Чарлі Бэйц прыходзілі ўвечары дадому з пустымі рукамі, то ён пераканаўча ды горача распавядаў ім пра нікчэмнасць марнатраўнага і лянотнага жыцця і пераконваў іх у неабходнасці жыць дзейсна, пасля чаго адпраўляў спаць без вячэры. Аднойчы ён нават спусціў абодвух з лесвіцы, але тут ён, напэўна, хапіў у сваім навучанні і дабрачыннасці цераз край.