Дарога ў сто год
- Автор: Цвірка Кастусь
- Год: 1974
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Дарога ў сто год». Краткое содержание книги:
Мне падумалася, што, магчыма, i яшчэ дзе-небудзь вось так валяюцца ў скляпеннях i гаражах каштоўныя старыя кнігі, якія многае могуць расказаць пра гісторыю нашай зямлі. Дык чаму б не зацікавіцца імі мясцовай інтэлігенцыі, камсамолу i не паведаміць у адпаведныя арганізацыі. Давайце ж, дарагія таварышы,— захацелася мне звярнуцца да гэтай інтэлігенцыі,— пакончым, нарэшце, з такой нашай абыякавасцю да культурнай спадчыны народа. Мы ж — гаспадары сваёй зямлі!
Быў ужо мяккі празрысты надвячорак. Сонца яшчэ свяціла, але дзённая гарачыня патроху спадала. Далёкая паласа лесу, паплавы i палеткі збажыны i бульбы, нічым не затуманеныя (марыва ўжо знікла), праглядваліся прарэзліва ва ўсіх сваіх фарбах — як намаляваныя. I мне раптам уздумалася, не чакаючы заўтрашняга дня, цяпер вось i пачаць сваю далейшую вандроўку ў новую мясціну, звязаную з Сыракомлем — вёску Мархачоўшчына. Балазе яна зусім недалёка ад Стоўбцаў. У Мархачоўшчыне, куды пераехалі з Кудзінавіч бацькі Сыракомлі на новую арэнду, паэт правёў частку сваіх дзіцячых i юнацкіх гадоў: сюды прыязджаў ён з Нясвіжа на канікулы, тут пасля заканчэння вучобы памагаў бацьку па гаспадарцы. Мне трэба было хоць адным вокам глянуць на тыя мясціны.
Я адправіўся туды пеша і, падсеўшы па дарозе на праезжы аўтобус, праз колькі часу быў там. Тыповая беларуская вёсачка, сярод лугоў i пералескаў. За агародамі, па зялёнай лагчыне, слаўся ўжо бялявы туман. Каля лесу стаяў роўны белы слуп дыму, які таксама потым апускаўся ўніз i вісеў на грудзях пацямнелага лесу раўнюткім поясам. Адразу, самі сабой, усплылі ў памяці радкі Сыракомлі з яго вялікай лірычпай паэмы «Народжаны Як Дэмбораг».
Гэтыя паэтычныя строфы, як i ўся паэма, прыйшлі адсюль, з Мархачоўшчыны. Якраз тут ганяў малады Людвік з вясковымі хлапчукамі на начлег імклівыя табуны коней, тут бачыў ён узыход i захад сонца, слухаў салаўіныя спевы i начныя шолахі лесу. Тут унершыню ўспыхнуў у сэрцы маладога паэта, узносячы яго да нябёс, магутны агонь маладога кахання.
Адсюль, ад Мархачоўшчыны, як я даведаўся, рукой падаць i да Мікалаеўшчыны — радзімы Якуба Коласа. Адна зямля, адны i тыя ж крыніцы жывілі, аказваецца, творчасць абодвух паэтаў.
Канешне, добра было б пахадзіць, як можна болей, па гэтай спеўнай зямлі, пажыщь тут месяц-другі, пазнаёміцца з усімі вясковымі дзядзькамі i цёткамі, маладымі i старымі — яны, ix расказы, я ўпэўнен, далі б мне намнога больш, чым любыя, нават самыя выдатныя кнігі. Але на гэта патрэбен час, якога ў мяне вечна не хапае.
Вярнуўшыся ў Стоўбцы i пераначаваўшы ў гасцініцы, я сеў раніцай на аўтобус, які хутка завёз мяне ў гарадскі пасёлак Мір. Гэта таксама — адна з «аколіц» Сыракомлі.
...У карчме было накурана. За столікам, застаўленым бутэлькамі i талеркамі з закуссю, лілася жывая, бесцырымонная гаворка: тут выкладваліся ўсе навіны, якія накапіліся пасля апошняга кірмашу ў аколіцы. Сыракомля, які таксама весяліўся тут з сябрамі, звярнуў увагу на сумнага, маўклівага дзядзьку, што сядзеў за суседнім столікам. «Можа, чалавеку няма за што выпіць?» Доўга не думаючы, Сыракомля наліў чарку i паклікаў да стала дзядзьку. Сябры пацясніліся, далі сесці. Калі чалавек выпіў, Сыракомля папытаў у яго, чаму ён такі сумны, што яго гэтак гняце. I вось дзядзька расказаў сваю гісторыю. Калі ён быў малады i служыў тут, у Міры, на пошце фурманам, пакахаў у адным сяле дзяўчыну. Ужо мелася быць вяселле, але здарылася няшчасце: дзяўчына заблудзілася ў час завірухі ў полі i замерзла. Везучы пошту, ён чуў, як яна клікала яго, але думаў, што яму гэта здалося. Вяртаючыся назад, ён знайшоў у снезе труп сваёй каханай...
Гісторыя, расказаная дзядзькам, вельмі ўсхвалявала Сыракомлю, i ён, вярнуўшыся з кірмашу ў сваё Залуча, запісаў яе так, як чуў, толькі ў форме верша. Праз колькі часу рускі паэт Трэфалеў пераклаў гэты твор на рускую мову пад назвай «Ямщик». Хутка пра гісторыю, пачутую Сыракомлем у Міры, спявала ўся Расія, уся Беларусь.