Дарога ў сто год
- Автор: Цвірка Кастусь
- Год: 1974
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Дарога ў сто год». Краткое содержание книги:
Пакінуўшы каля былой паэтавай хаты машыну, мы вырашылі прайсці па вуліцы Жукавага Барка. У праваднікі ўзялі Сыракомлю, разгарнуўшы яго «Вандроўкі»:
«Праз пясчысты насып уязджаем у вёску Жукаў Барок,— працавіты люд урабіў праз вякі бясплодныя пяскі — збажына тут буйней кусціцца, чым у аколіцы; люд сярэдняга росту, лагодных славянскіх рысаў твару, у чорных з дамашняй воўны сярмягах, заклапочана снуе на сваіх шнурах. Вітаем яго па даўняму звычаю словамі: «Бог у помач» i ад сэрца зычым яму поспеху ў яго мазалю. Веска балоцістая, бо ў нізіне, i хоць малая — складаецца з якіх дзесяці хат — усё ж, дзякуючы таму, што побач Неман,— можа пахваліцца кузняй, млынам, царквой, плябаняй, лясніцтвам, вялікай новай карчмой i паромам».
Канешне, ні «чорных сярмяг», ні «шнуроў», ні балота не было тут цяпер i ў паміне. Але што ж, цікава, засталося са старых пабудоў? Каля берага Немана мы знайшлі стары каменны млын. Пануры, з бародкамі імху, зарослы быльнягом — колькі праз яго ўцякло вады!
Але мяне больш за ўсё цікавіла уніяцкая царква, якую, як піша на той жа старонцы Сыракомля, «каля 1720 году залажыу» тут «Кароль Станіслаў Радзівіл, літоўскі канцлер». Аказваецца, яна прастаяла тут усе свае 250 гадоў i толькі нядаўна была знесена. На яе месцы мы знайшлі кучы бітай цэглы i друзу. Мікола Кавальчук шчыра шкадаваў («Гэта было не пры мне, я б такога не дапусціў»). Ён пры гэтым расказаў мне, што ў царкве было шмат кніг, у тым ліку старажытных, а таксама рукапісных, дзе рэгістраваліся ўсе падзеі вёскі, асабліва нараджэнне, шлюб, смерць прыхаджан. Усе гэтыя кнігі, як яму сказалі, перавезлі ў Стоўбцы, пра ix павінны ведаць у раённым аддзеле культуры.
Я адразу ўзгарэўся паехаць зноў у Стоўбцы: гэтыя кнігі, асабліва рукапісныя, былі б для мяне выдатнай знаходкай. Яны, канешне ж, шмат чаго расказваюць пра ўсё «паэтычнае гняздо» — i пра Саламона Маймана, i пра Вінцэся Каратынскага, i пра Адама Плуга, i пра Уладзіслава Сыракомлю! У ix, пэўна ж, хаваецца нямала тайнаў, якія памогуць даследчыкам вельмі многае растлумачыць з гісторыі нашай культуры i літаратуры. Мне ж, у прыватнасці, яны б дапамаглі разгадаць «загадку Сыракомлі». У паэта, як вядома, ёсць нямала твораў, напісаных на матэрыяле жыцця мясцовых сялян. Маючы пад рукамі запісы вясковых падзей, можна б было дакладна даведацца, наколькі праўдзівы быў паэт у сваіх творах, што было асновай яго творчасці, як ён выкарыстоўваў у ёй мясцовыя факты. Мне ўспомніўся, у прыватнасці, пранікнёны верш Сыракомлі «Араты да жаваранка», у якім паэт расказвае пра вельмі звычайную, а таму яшчэ больш жахлівую з'яву ў жыцці тагачаснага беларускага селяніна вясновы голад.
У канцы верша стаіць дата: «10 красавіка 1851 г.». I месца напісання твора — «Залуча». Відаць, паэт гэты страшны голад бачыў якраз тут, у Жукавым Барку. Каб упэўніцца ў гэтым, дастаткова перагартаць тыя рукапісныя кнігі з рэгістрацыяй смерці сялян за час, якім памечаны верш. Можна на падставе тых запісаў, дакументальна дамаляваць карціну той сялянскай бяды. I гэтым самым упэўніцца, якія жыццёвыя крыніцы жывілі творчасць паэта.