Тры гады пад нямецкай акупацыяй у Беларусі
- Автор: Ільінскі П.
- Год: 1956
- Язык: белорусский
- Год: «Посев»
- Переводчик: Лілія Сазанавец
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Тры гады пад нямецкай акупацыяй у Беларусі». Краткое содержание книги:
У час афіцыйнага візыту ў гаруправу менскіх гасьцей зь іх правінцыйным шавінізмам службоўцы выставілі на сьмех і злавілі на поўным няведаньні гісторыі краю. На гэтым беларусізацыя ў нас і скончылася. Людзі зьехалі назад у Менск, калі яны сапраўды прыяжджалі зь Менску, а не з Бэрліна.
Такім чынам, вясною, летам і восеньню 1943 году справы ды турботы Групы ўвесь час перамешваліся з паразамі ды горам. Нейкім чынам Гестапа даведалася пра нашыя сувязі з партызанамі; цалкам верагодна, што пра гэта ім паведамілі саветчыкі, праз агентуру, якая працавала на абодва бакі. Адразу ж завязалася страшэнная калатнеча. Мы ня ведалі дакладна, што менавіта вядома Гестапа. Я зрабіў намаганьне проста і шчыра патлумачыць у фэльдскамэндатуры сутнасьць справы і ў падтрымку сваіх словаў паказаў ужо гатовы да гэтага часу ў пісьмовым выглядзе праект лягеру для партызанаў, якія адумаліся. На жаль, нашага барона-фэльдскамэнданта ўжо не было тады ў Полацку. Гестапа настойвала на арышце ўсёй Групы. Вайсковыя ўлады, аднак, разумелі, што для гэтага трэба спачатку раззброіць сялянскую самаахову. Таму фэльдкамэндант катэгарычна супраціўляўся арыштам. У выніку ўся справа была перададзеная на разгляд зьмяшанай вайсковай камісіі, складзенай з прадстаўнікоў штабу арміі і фэльдскамэндатуры. На нашае шчасьце, туды патрапілі культурныя ды добразычлівыя людзі; яны вынесьлі нам толькі папярэджаньне за залішне самастойныя дзеяньні і спынілі справу. Але праект пры гэтым быў канчаткова загублены.
Толькі пасьпела скончыцца гісторыя з нашай сувязьзю з партызанамі, як прыйшоў загад пра эвакуацыю. Ен зваліўся нібы сьнег на галаву. Відаць, наступ бальшавікоў на Віцебск ці які-небудзь прарыў савецкіх частак выклікалі ў немцаў самы сур’ёзны страх. Уся акруга заварушылася. Пра крывавую лазьню, якую бальшавікі ўчынялі мясцоваму насельніцтву пасьля «вызваленьня», ведалі ўжо ўсе. Калі партызаны ці іх сваякі яшчэ неяк разьлічвалі на свае заслугі перад «бацькам Сталіным», дык астатняя частка грамадзянаў не магла спадзявацца ні на што. Немцы давалі ў распараджэньне жыхароў, якія хацелі эвакуявацца, чыгуначныя саставы. Людзей накіроўвалі ў Рыгу. Ахвочых ехаць было вельмі шмат. Супрацоўнікі ўсіх галоўных расейскіх установаў працавалі над складаньнем сьпісаў дзень і ноч і проста валіліся з ног ад стомы. Цягнікі адзін за другім ад’яжджалі ў кірунку Дзьвінску, адвозячы тысячы й тысячы людзей. На той час ніхто нікога не прымушаў. Усім было дазволена браць з сабою даволі значную колькасьць маёмасьці. Сяляне, якія эвакуяваліся, штодня пакідалі каля чыгуначнай станцыі запрэжаных коней: жывёлу везьці з сабою не дазвалялася.
Плян эвакуацыі быў разьлічаны прыкладна на два тыдні. За першы няпоўны тыдзень з самога гораду Полацку пасьпела зьехаць каля 4000 жыхароў. Пра колькасьць сялянаў цяжка меркаваць.
І раптам… і раптам эвакуацыя скончылася гэтаксама нечакана й хутка, як і пачалася. Відаць, добрыя зьвесткі з фронту прынесьлі ў горад загад пра яе спыненьне. Тыя, хто пасьпеў зьехаць, больш ужо не вярнуліся, і горад пасьля атрымліваў ад іх праз фэльдскамэндатуру шматлікія лісты з Латвіі. Усе людзі знайшлі працу па вольным найме і жылі больш ці менш здавальняюча. Тыя ж, хто не пасьпеў зьехаць, засталіся, і засталіся надоўга — амаль на цэлы год, да чэрвеня 1944-га, калі адбылася другая і апошняя эвакуацыя перад канчатковым захопам Полацку савецкімі войскамі.
12
Апошні пэрыяд акупацыі. НПС, РВА і Нацыянал-сацыялістычная працоўная партыя Расеі
Гэты апошні пэрыяд акупацыі, гэта значыць другая палова зімы і вясна 1944 году, шмат у чым ня быў падобны да ўсяго папярэдняга часу. Пасьля восеньскай частковай эвакуацыі 1943 году, што так нечакана распачалася і гэтак нечакана скончылася, усім стала неяк адразу зразумела, што настае канец немцам і што яны вельмі хутка сыдуць з Расеі.