Тры гады пад нямецкай акупацыяй у Беларусі
- Автор: Ільінскі П.
- Год: 1956
- Язык: белорусский
- Год: «Посев»
- Переводчик: Лілія Сазанавец
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Тры гады пад нямецкай акупацыяй у Беларусі». Краткое содержание книги:
Спачатку ў лягеры адбылася зьмена нямецкага кіраўніцтва; затым адтуль адразу ж была выдалена расейская паліцыя. З астатнімі здраднікамі (а іх налічвалася нямала) ваеннапалонныя расправіліся ў першую ж ноч сваімі сіламі. Немцы гэтаму не заміналі.
Трошкі пазьней агульнымі высілкамі ўдалося дастаць ад немцаў дазвол зьбіраць у горадзе харчаваньне для ваеннапалонных (галоўным чынам бульбу ды іншую гародніну). Але гэтага не хапала; таму бульбу час ад часу вазілі наўпрост з гарадзкіх складоў, што было незаконна. Крадзеж бульбы на карысьць ваеннапалонных хаваўся супольнымі намаганьнямі супрацоўнікаў прадуктовага аддзелу.
Да гэтага самага часу адносяцца яшчэ два грамадзка-палітычныя мерапрыемствы, пра якія я лічу неабходным паведаміць некалькі словаў. Гаворка ідзе пра раскопкі парэшткаў «архітэктурнага ансамблю» НКВД у горадзе Полацку і пра раскопкі брацкіх магілаў прыбалтыйскіх народнасьцяў каля гораду Улы.
Пра раскопкі парэшткаў камбінату НКВД, які быў зруйнаваны падчас бамбаваньня й пажару яшчэ ў 1941 годзе, неаднаразова хадайнічаў перад гаруправай шмат хто з жыхароў гораду. Дазвол на гэтыя раскопкі нарэшце быў атрыманы. Гэта была магчымасьць паказаць шматлікія «цуды» камуністычнага правасудзьдзя, а менавіта: басэйн з халоднай вадой, пры дапамозе якога на зацяжных допытах няшчасных вязьняў то тапілі, то зноў адкачвалі; камэры, у якіх «падсмажвалі» ці, наадварот, падмарожвалі людзей, жадаючы прымусіць іх аддаць схаванае золата; «апэрацыйную залю», дзе над людзьмі з мэтай катаваньня праводзіліся розныя «хірургічныя» апэрацыі; і шмат чаго іншага. Асобы, якім удалося выжыць пасьля допытаў і хто яшчэ жыў пры немцах у Полацку, апавядалі, што ўсе гэтыя «апэрацыі» праводзіліся пад наглядам і кіраўніцтвам маладзенькай жанчыны-лекаркі, якая зьнікла з гораду ў першыя ж дні вайны пасьля прыходу немцаў.
З засыпаных сутарэньняў будынку былі адкапаныя склады адзеньня расстраляных. Адзеньне гэтае паклалі на велізарным двары былога НКВД дзеля таго, каб на яго маглі паглядзець усе жыхары гораду. Якія немагчымыя сцэны адбываліся тут! У першы дзень на месца раскопак зьбегліся ўсе жыхары гораду: жонкі пазнавалі адзеньне мужоў, дзеці — бацькоў, бацькі — дзяцей. Самым жудасным момантам было, калі немаладая жанчына, якая пэўны час пазірала на ўсё амаль безь цікавасьці, раптам убачыла скрываўленую сукенку сваёй дачкі, яіую яна спадзявалася знайсьці жывою. Ейную дачку арыштавалі перад самай вайною і, згодна з афіцыйнымі зьвесткамі, нібыта пераправілі ў Маскву ў якасьці сьведкі па нейкай моладзевай справе. Маці падумаць нават не магла, што яе дачку насамрэч расстралялі тут, у Полацку.
Брацкія магілы каля Улы паказалі немцам мясцовыя сяляне. Гісторыя гэтых магілаў наступная. Улетку 1941 году бальшавікі гналі этапам з Прыбалтыкі калёну арыштаваных прыблізна ў 3000 чалавек. Гэта былі найлепшыя прадстаўнікі інтэлігенцыі з Эстоніі, Латвіі, Літвы: лекары, адвакаты, прафэсары, журналісты і г. д. У большасьці людзі старэйшага веку і нават зусім старыя. Вестка пра пачатак вайны спаткала калёну на этапе. На загад зьверху ўсе тры тысячы былі зараз жа перабітыя канвоем проста на дарозе: у іх стралялі, іх закідвалі ручнымі гранатамі, калолі штыкамі. Некалькі чалавек зь мясцовага насельніцтва, якія выказалі занадта вялікую цікаўнасьць да падзеяў, таксама былі забітыя канвоем ды пахаваныя разам з балтыйскай інтэлігенцыяй.
Час трагедыі, сродкі, якімі былі зьдзейсьненыя забойствы, сацыяльная ды нацыянальная прыналежнасьць пагіблых не выклікалі ніякага сумневу. Раскопкі цалкам пацьвердзілі аповеды мясцовых сялянаў. Разам з усімі забітымі былі знойдзеныя дакумэнты, якія захаваліся ў нядрэнным стане.
10
Партызаны
Чаму ж адны сяляне зрабіліся прасавецкімі партызанамі, а іншыя — антысавецкімі? І ці магло ўсё скласьціся інакш пры нейкіх іншых умовах? На ўсе гэтыя пытаньні цяпер, больш чым калі ў іншы час, трэба даць правільны й вычарпальны адказ. Апошні бой з камунізмам — трэцяя сусьветная вайна — набліжаецца, і завяршэньне яго будзе залежаць ня толькі ад таго, на чыім баку апынецца больш атамных бомбаў, але таксама ад таго, ці будуць падчас вайны чырвоныя партызаны гуляць у «дэмакратычным» тыле, ці, наадварот, «дэмакратычныя» партызаны — у тыле савецкім.
Некалькі прыкладаў, якія будуць паказаныя ніжэй у гэтым расповедзе, яшчэ дапамогуць разабрацца ў чалавечых адносінах пасярэдзіне непазьбежнага трохкутніка, які складаўся зь немцаў, расейцаў і бальшавікоў.